ГАЛАДАМОР ПРЫЗНАНЫ ГЕНАЦЫДАМ УКРАІНСКАГА НАРОДУ

23 кастрычніка краіны Эўразьвязу прагаласавалі за прыняцьце рэзалюцыі па трагічных падзеях 1932-33 гг. на Ўкраіне. Цывілізаваныя дзяржавы ўпершыню назвалі Галадамор генацыдам украінскага народу і злачынствам супраць чалавечнасьці. На працягу некалькіх месяцаў, пакуль рыхтавалася гэтая рэзалюцыя і йшло абмеркаваньне, крамлёўская хунта праводзіла шырокамаштабную кампанію супраць прыняцьця рэзалюцыі. Былі мабілізаваны ўсе структуры лубянскай гэбельсаўшчыны. У Расеі і постсавецкіх дзяржавах “прапагандысты і агітатары” ад міністра і амбасадара да дробнага стукача бегалі сярод людзей і шумелі: “Россия тут ни при чём. Это всё еврейское политбюро организовало. А на Украине всё это делалось руками украинских националистов. Это всё они. Русские тоже очень пострадали...” На Захадзе была паднята па трывозе ўся купленая Масквой армія “саветолагаў і русістаў” кшталту эўрадэпутата італьянца К'езы. Ды нічога ня выйшла. Надта страшная па маштабах катастрофа ўразіла ўсіх нармальных людзей, многія зь якіх нічога раней пра яе ня ведалі (Масква на працягу дзесяцігоддзяў хавала жудасную праўду).

Расейскія акупанты мелі намер выселіць усіх украінцаў у Сібір. Але нават Сталін зразумеў, што так проста выселіць 40-мільённы народ ня ўдасца. Тады было вырашана зьнішчыць як мага больш украінцаў непасрэдна на іхнай зямлі. Першая хваля масавага зьнішчэньня людзей была прымеркавана на 1932-33 гг. Ва Украіне тады быў сабраны вельмі высокі ўраджай. Расейцы, аднак, канфіскавалі і вывезьлі збожжа ў Расею, не пакінуўшы зерне нават для наступнага пасеву. Быў арганізаваны штучны голад. Савецкая армія ачапіла галодныя вобласьці шчыльнай блакадай. Загінула ад 7 да 10 мільёнаў людзей, у асноўным украінскія сяляне. Па ўкраінскай нацыі быў нанесены магутны ўдар. Наступны ўдар быў нанесены ў 1936-39 гг., калі акупанты зьнішчылі мільёны людзей нацыянальнай эліты. Злачынства адбывалася пад грукат аптымістычных савецкіх песьняў (“Шірока страна моя родная...”). Мяркуем, што цяперашняя Расея не таму так упіралася супраць справядлівай міжнароднай рэзалюцыі, што ёй было “сорамна”. А перш за ўсё таму, што наступным лагічным крокам украінскага народу і кіраўніцтва Украіны будзе выстаўленьне мільярдных рахункаў краіне-акупанту, забойчай імпэрыі — Расеі. У недалёкай будучыні чарга дойдзе і да міжнароднага прызнаньня генацыду беларускага народу і выстаўленьне рахункаў Маскве з боку дэмакратычнай Беларусі.

Янка Базыль