ЛУБЯНСКІ РЭЖЫМ У МАСКВЕ ЎЖО МЯНЯЕ СВАЮ ПСЭЎДААПАЗЫЦЫЮ. НАПЕРАДЗЕ МЕНСК

24 кастрычніка маскоўская арганізацыя СПС (Союз правых сіл) заявіла, што не падпарадкуецца рашэньню партыйнага кіраўніцтва “уліцца ў пракрамлёўскі правы рух”. Такое рашэньне павінна быць прынята 15 лістапада на сумесным зьездзе СПС, “Гражданской сілы” і Дэмакратычнай партыі Расеі. Як паведамляюць расейскія СМІ, “стваральнікі не хаваюць, што каардынуюць свае дзеяньні з Крамлём”. Пачакайце, а дзе ж “палымяны рускі дэмакрат” Нікіта Белых? Той самы лідэр СПС, які на запрашэньне вінцучкоў-лебедько столькі разоў прыязджаў у Менск і выступаў на мітынгах псэўдаапазыцыі: “Ребята, Россия с вами. Вперёд!..” Аказалася, што пару месяцаў таму лідэр Белых ціхенька выйшаў з шэрагаў СПС і растварыўся ў паветры. Як кажуць на Лубянцы, “мавр сделал своё дело...” Добра, аднак, што падстаўная маскоўская псэўдаапазыцыя прынамсі шчыра прызнаецца, што яе дзейнасьцю кіруе Крэмль. Каго ж цяпер будуць выпускаць на сваіх мітынгах побач з Мілінкевічам менскія калегі? Можа самога Медведева або Лужкова запросяць “поддержать белорусскую демократію”? А калі сур'ёзна, то відавочным ёсьць ідэнтычнасьць мадэлі. Не выпадкова Лукашэнка казаў перад апошнім выбарчым фарсам: “Гэтай апазыцыі няшмат засталося. Скора яе ня будзе...” У Маскве завяршаецца стварэньне цалкам рэжымнай псэўдаапазыцыі. Нямцовы-хакамады-белых сваю справу зрабілі, усё правалілі і могуць ісьці пісаць мэмуары. Мяркуем, што ў Менску адбудзецца тое ж самае. Вінцучкі абрыдлі ўсім: народу і нават дыктатуры. Ад іх будуць пазбаўляцца, выстаўляць на іхнае месца новых “апазыцыянэраў” ад антыбеларускага рэжыму.

Янка Базыль