ПСІХІЯТРЫ НА РАСЕЙСКІМ ЭКРАНЕ
22 кастрычніка 2008 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” паведамляе з Масквы. Маскоўскія натоўпы штурмуюць абменныя пункты і пазбаўляюцца ад рубля, набываючы даляры. Людзі заўважылі падзеньне акцыяў на 40% на расейскіх біржах, падзеньне коштаў на нафту на адну траціну. Пачулі таксама пра маючае адбыцца рэзкае падзеньне курса расейскага рубля. Маскоўскі палітолаг Ф. Лукьянаў сказаў газэце: “У такой сытуацыі Расея павінна забыцца на міжнародную экспансію, а засяродзіцца на барацьбе за выжываньне”.
Наш камэнтар: Нешта расейскія тэлеканалы не паказваюць нам гэтых штурмаў у Маскве. Можа палякі ўсё прыдумалі? Тэлебачаньне паказвае вясёлага Медведева, якому ў Ерэване падарылі бочку каньяку. Потым дэманструе бранетанкавы марш пад чырвонай зоркай у Дагэстане і г.д. Але вось раніцай 22 кастрычніка ў рубрыцы “С добрым утром, страна” з экрана выступіла спэцыялістка з маскоўскага Інстытута псіхіятрыі імя Сербскага. Дама ўсьміхалася і аптымістычна “загружала” мільёны тэлепацыентаў: “Не надо бояться стрессов. Ведь мы всегда жили в стрессах. Перестройка, потом переходный период. Потом стабилизация, в каждой семье жирок завязался. Теперь немножко похудеем, это полезно...” Постсавецкім людзям стала зразумела: калі ўжо на экраны выпусьцілі псіхіятраў, то справы ў Расеі сапраўды дрэнь.
Юрка Марозаў