РУМЫНІЯ РАЗЬВІВАЕЦЦА
23 кастрычніка 2008 г. Французкая газэта “Le Monde” піша пра эканамічны рост у Румыніі. Пасьля падзеньня дыктатуры Чаўшэску 8 мільёнаў румынаў выехалі на працу на Захад. Сёлета многія зь іх вяртаюцца на радзіму. Напрыклад, Цыпрыян Ангел доўгі час працаваў у Ірляндыі. Цяпер ён кажа: “У Ірляндыі я зарабляў 1500 эўра ў месяц. Але мая сям'я не магла быць са мной, жыла ў Румыніі. Гэта ненармальная сытуацыя”. Цяпер у Ангела свая невялікая фірма, добры прыбытак. У Румыніі адбываецца будаўнічы бум. Палітычныя дзеячы краіны езьдзяць па заходніх гарадах і выступаюць перад румынскімі работнікамі, заклікаючы іх вяртацца на радзіму. Ужо сёньня там ёсьць 300 тысячаў добра аплочваемых працоўных вакансіяў.
Наш камэнтар: Румынія пад прамаскоўскай дыктатурай была няшчаснай краінай з адсталай эканомікай і прыдушаным дзікімі рэпрэсіямі народам. Рэвалюцыя 1989 года скінула камуністычную пачвару і адкрыла перад румынамі пэрспэктывы цывілізаванага разьвіцьця. І народ творча выкарыстаў гэтыя пэрспэктывы, адкідваючы на гістарычны сьметнік чаўшэскаў культ, піянэрыю-камсамолію, калгасны маразм, арыентацыю на Маскву. Постсавецкія беларусы, што масава паехалі на румынскія пляжы, са зьдзіўленьнем назіралі, як румыны абнаўляюць сваю краіну. Раз-пораз нашыя суайчыньнікі пыталіся: “І почему здесь так ненавідят русскіх?” А ня трэба прадстаўляцца “русскім”, калі ты беларус або беларуска. Трэба размаўляць на сваёй, а не на маскальскай мове. Трэба вывучыць хаця б пяць-шэсьць ключавых румынскіх словаў. Трэба распавесьці румынам, як у 1917 годзе там была ўтворана 100-тысячная Беларуская нацыянальная армія. Трэба працерці вочы і ўбачыць, як на роднай мове (а не на маскальшчыне) служыць Богу і народу румынская Праваслаўная Царква. І г.д. І вось, зарабіўшы грошы, румыны вяртаюцца з Захаду на радзіму, дзе ва ўмовах палітычнай і эканамічнай свабоды будуць разьвіваць нацыянальны бізнэс. А постсавецкія беларусы вяртаюцца з румынскіх пляжаў і з маскоўскага рабства ды ўсё зьдзіўляцца — і як гэта ў румынаў усё атрымалася?
Алесь Хадасевіч