СПРАВЫ ВА ЎГОРШЧЫНЕ

24 кастрычніка 2008 г. Славацкая газэта “Novy Cas” піша пра паліцэйшчыну на вуліцах Будапэшта. У дні, калі краіна ўспамінае падзеі рэвалюцыі 1956 года, левыя ўлады адгарадзіліся ад грамадзянаў шматлікімі паліцэйскімі кардонамі, бэтоннымі мурамі, спэцмашынамі. Людзей прапускаюць у цэнтар гораду толькі па прапусках на ўрачысты сход, дзе будзе выступаць прэм'ер Дзюрчань. На шматтысячным апазыцыйным мітынгу старшыня правай народнай партыі FIDESZ Віктар Орбан казаў патрыётам: “У 1956-м людзі зразумелі, што правалілася аснова камунізма, яны не захацелі ператварацца ў гома савецікусаў. Цяпер ва ўладзе ў Угоршчыне тыя, што ўвесь час кралі і хлусілі. Яны давялі эканоміку краіны да самага глыбокага ў Эўропе крызісу”.

Наш камэнтар: Ужо на працягу двух гадоў угорская моладзь і здаровыя сілы грамадзтва вядуць змаганьне за вызваленьне краіны ад рэжыму камсамольца Дзюрчаня. Рэжым абапіраецца выключна на паліцэйшчыну ўнутры краіны (хісткае апірышча). А што да зьнешняй палітыкі, то Дзюрчань рэгулярна лётае ў Маскву, падпісвае ўсё новыя пагадненьні ў Крамлі. А сітуацыя становіцца ўсё больш драматычнай. Барацьба працягваецца.

Алесь Хадасевіч