20-Я ГАДАВІНА БНФ
19-га кастрычніка фронтаўцы і ўся адраджэнская Беларусь адзначылі 20-ю гадавіну стварэньня Беларускага Народнага Фронту. Быў скліканы ўрачысты пашыраны юбілейны Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, на якім прачытана некалькі дакладаў па гісторыі і значэньні Фронта. Былі віншаваньні, кветкі, песьні, гімны і ўспаміны.
Фронт, найперш у асобе сваіх дэпутатаў у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня і пры падтрымцы людзей, пачаў і адчыніў новую старонку гісторыі Беларусі — дамогся незалежнасьці Беларускай дзяржавы. Фронтаўскія дэпутаты Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце распрацавалі і заклалі заканадаўчую аснову новай незалежнай Беларускай дзяржаўнасьці, накрэсьлілі вольную пэрспэктыву разьвіццьця нацыі.
Здабыўшы незалежнасьць Беларусі, Фронт, аднак, не дасягнуў улады ў краіне. Пэрыяд нацыянальнага асьветніцтва быў надта кароткім, каб пераламаць масавыя каляніяльныя (савецкія) ўяўленьні шэраговых людзей. Дзеля здабыцьця ўлады фронтаўскаму палітычнаму авангарду нехапіла ліміту часу, каб глыбока падрыхтаваць дэфармаванае грамадзтва да новай рэчаіснасьці і новых ідэй. Фактычна гэтага часу ўвогуле не было. Асаблівасьць беларускай сытуацыі заключалася ў тым, што мясцовая камуна-савецкая кіроўная намэнклятура, супраць якой змагаўся за дэмакратыю і незалежнасьць Народны Фронт, была антынацыянальнай, прамаскоўскай і яра варожай нацыянальна-вызвольнаму руху і найперш БНФ. (Такога не было ў Прыбалтыцы, на Каўказе, у Малдове; нават на Украіне становішча было лепшым.) Тое што ўлада ў незалежнай Беларусі засталася ў руках гэтай антынацыянальнай намэнклятуры было вельмі дрэнным знакам на прышласьць. Неўзабаве прышласьць стала рэчаіснасьцю — гэта акупацыйны прамаскоўскі рэжым, аўтарытарная дыктатура.
У 1999 годзе Фронт быў расколаты варожымі Беларусі сіламі, якія зманіпулявалі на супярэчнасьцях. Адраджэнскія ідэі, палітыка і рэальныя беларускія справы сканцэнтраваныя зараз у дзейнасьці Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ.
Другая частка, так званыя “прагматыкі”, здрадзілі прынцыпам Народнага Фронту, далучыліся да вікаўскай падстаўной апазыцыі, супрацоўнічаюць з камуністамі, падтрымлівалі на прэзыдэнцкіх выбарах варожую камуна-савецкую намэнклятуру (У. Ганчарыка, М. Марыніча, С. Домаша), падпарадкваліся палітыцы Эўразьвязу і Масквы, бралі за супрацоўніцтва з Эўразьвязам грошы і нават стваралі на гэтым свой прагматычны дабрабыт; на ўсіх выбарах, якія адбываліся пасьля расколу Фронта (які яны ініцыявалі), прагматыкі выступалі фактычна ў інтарэсах рэжыму Лукашэнкі. У дачыненьнях займаюцца імітацыяй палітычнае дзейнасьці, карыстаюцца нацыянальнымі адраджэнскімі лёзунгамі, якія не супадаюць з рэальнай іх роляй ў палітыцы. За восем гадоў існаваньня “прагматыкі БНФ” (як і ўся вікаўская “апазыцыя”) не дасягнулі і не засьведчылі абсалютна ніякіх станоўчых вынікаў дзейнасьці дзеля беларускай справы і беларускай палітыкі.
Сёньняшняе беларускае грамадзтва стаіць на парозе навага шырокага беларускага руху і сцьвярджэньня беларускіх ідэй, хавальнікам і прадаўжальнікам якіх зьяўляецца Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ.
На здымку ў час юбілейнага Сойму 19-га кастрычніка выступае выканваючы абавязкі старшыні Сойму БНФ і Партыі БНФ у Беларусі Юры Беленькі.
Зянон Пазьняк
3 лістапада 2008 г.