ДЗЯДЫ, ДЗЯДЫ, БУДЗЬЦЕ З НАМІ!

(Выступ на Дзядах ў Курапатах)

Дарагія землякі, дарагія фронтаўцы. Сёньня Сьвятыя Дзяды, і мы, як заўсёды, як вось ужо 20 гадоў, зноў тут, у Курапатах, разам з Дзядамі. Мы зноў, як і кожны год, прынесьлі сюды на плячах крыжы на безыменныя, брацкія магілы народа. Гэтак стварыўся і ствараецца далей Народны Мэмарыял Курапаты. Курапаты абверглі камуністычную хлусьню, быццам бы сталінскі тэрор і рэпрэсіі датычыліся ў асноўным толькі кампартыі і яе кіраўнікоў. Адкрыцьцём Курапатаў засьведчана, што быў плянавы генацыд Беларускага народа. Тут адкрытая ўлікі масавага забойства — прастрэленыя рэшткі людзей. Нас вынішчалі мэтадычна і па графіку. На Беларусі была створана цэлая сістэма масавых расстрэлаў, якая працавала, як машына. За часы савецкай акупацыі (улічваючы 20-я гады) камуністы забілі ў нас больш двух мільёнаў беларусаў. Прытым за пэрыяд нямецкай акупацыі каля паўмільёна беларусаў забілі так званыя “савецкія партызаны”, кіруемыя з Масквы і маскоўскім НКВД.

Толькі ў Курапатах было расстраляна каля чвэрці мільёна людзей. У Беларусі такія вялікія і малыя Курапаты былі вакол кожнага горада. Адбывалася шырокамаштабнае вынішчэньне беларускай нацыі. У першую чаргу татальна забівалі ўсіх нашчадкаў беларускай шляхты і людзей шляхецкага паходжаньня. Потым зьнішчана была беларуская адміністрацыя (у тым ліку і камуністычная), выбівалі людзей творчых і інтэлігентных, масава вынішчалі сялянства. Сяляне працавітыя, гаспадарныя, заможныя былі расстраляныя, рэшта ператворана ў калгасных рабоў.

Дасьледваньне Курапатаў выявіла, што вынішчэньне беларусаў было плянавым. На кожную вобласьць, раён і сельсавет з Масквы спускалася разнарадка на пастаўку ў турмы і на расстрэл пэўнай колькасьці людзей у месяц. (Маскоўцы называлі іх гнюсьненькім тэрмінам — “врагі народа”.) Невыкананьне пляну і зрыў разнарадкі пагражала расстрэлам тым, хто быў адказны за выкананьне пляну. Кожны дзень па тэлефоне ў Маскву зь Менскага НКВД перадавалі зьвесткі пра колькасьць асуджаных і расстраляных. А ў Маскве вёўся рэестравы ўлік забітых, асуджаных і вывезеных беларусаў.

Так працавала гэтая маскоўская машына забіваньня людзей. І нават вайна не спыніла расейска-бальшавіцкага генацыду. Вынайшлі новыя формы вынішчэньня вайной.

Расейска-бальшавіцкія злачынствы супраць чалавецтва не былі юрыдычна асуджаныя міжнароднай супольнасьцю. Прычына гэтага ў тым, што не была дабітая і зьнішчаная ў сваім логаве маскоўская імпэрская гідра, якая спарадзіла бальшавіцкі генацыд. Наадварот, Заходняя Эўропа, Тоні Блэр, Жак Шырак, прэзыдэнт Клінтан (пасьля паўраспаду савецкай імпэрыі ў 1991 годзе) зрабілі шмат, каб Маскоўшчына засталася на паверхні, каб яна не патапілася і без варункаў плыла далей. У выніку ў Расеі цяпер пануе гэбізм — абсалютная карпратыўная ўлада КГБ, энкавэдзісцкі рэжым прафашысцкага кшталту, які ўжо агрэсіўна шчэрыцца на вольны сьвет і бразгае зброяй. Нашчадкі тых, што забівалі ў Курапатах, уладараць цяпер у Расеі. З жалем прыходзіцца адзначаць, што палітычны Захад, спарадзіўшы камунізм і фашызм, так нічаму і не навучыўся за ўсю крывавую гісторыю ХХ-га стагоддзя.

Народ, які падвергся генацыду і вынішчэньню, валодае асаблівым правам ў сьвеце. Гэта ёсьць зборнае права нявіннай крыві. Ніякае пытаньне, якое датычыць існаваньня нацыі і яе жыцьцёвых інтарэсаў, ворагі чалавецтва ня могуць зманіпуляваць без уліку імі забітых мірных людзей з мэтаю вынішчэньня. Гэта павінна быць уведзена ў наш будучы вольны беларускі і міжнародны закон. Гэты закон павінен абмежаваць забойцаў народа ў бясчынствах над трунамі. І калі якія-небудзь варвары пачнуць пытацца, пагражаючы, ці трэба беларусам іхняя культура, свабода ці мова, то трэба найперш спытацца пра гэта ў тых, каго яны забілі толькі за тое, што былі беларусамі. Хай падымуць з магіл і спытаюць..

Два мільёны галасоў гучаць, сьведчаць з таго сьвету за жыцьцё Беларусі, за нашчадкаў, за вечны народ. Гэта галасы расстраляных нашых дзядоў. Гэта нашы саюзьнікі. Мы, і ўсе людзі, павінны іх чуць. Яны маюць права, каб іх пачулі, бо здабылі яго пакутлівай сьмерцю. На гэтым праве будзе вяршыцца і апошні Боскі прысуд. Сьмерць часткі народа праз генацыд — гэта вялікая наша страта. Але гэта ёсьць і вялікая наша сіла. Сіла трагедыі, перамога ідэй, якая павінна стацца законам.

Успомнім жа нашых дарагіх і вялікіх дзядоў, каб ніхто не застаўся забыты. Тут і вялікія нашы пісьменьнікі, і паэты, і вялікія змагары за шчасьце Беларусі. Але я хацеў бы ўспомніць найперш майго сябру, сьціплага найвыдатнейшага чалавека і шчырага беларуса, зь якім мы некалі разам хадзілі па Курапатах, марылі пра справядлівасьць і сьветлы дзень. Гэта імя Яўгена Ігнатавіча Шмыгалёва, падпісанта артыкула “Курапаты — Дарога сьмерці”. Гэта быў чалавек рэдкаснай прыстойнасьці і сьветлай веры. Апошні раз я бачыўся зь Яўгенам Ігнатавічам у восень 1995 года. Ён быў, як заўсёды, спакойны, але вельмі сумны.

— Што з табой, Ігнатавіч? Што за бяда?

— Бяда, — паўтарыў Шмыгалёў. Пасьля доўгага маўчаньня ён сказаў мне, што хворы невылечнай хваробай і што яму адмерана яшчэ паўтары-два гады.

Цяжкае гэта было прызнаньне. Яўген Ігнатавіч памёр 1-га верасьня 2000 года. Меў 72 гады. Вечная памяць. Пухам зямля.

Успомнім жа добрымі словамі нашых дзядоў і зразумейма, што ўсе мы разам: і тыя, што там, і тыя, што тут. І метафізіка і рэчаіснасьць існуе ў адным. І ў гэтым — духоўная вечнасьць чалавецтва і духоўная сіла народа.

Хвала дзядам! Слава Беларусі! Дзяды, дзяды, будзьце з намі!