УШАНАВАНЬНЕ ДЗЯДОЎ

1 лістапада, у Дзень Усіх Сьвятых, сябры і прыхільнікі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ прышлі на Усходнія могілкі, што на ўскраіне Менска. Людзі ўсклалі кветкі і запалілі сьвечкі на магілах вялікіх дзеячаў Беларусі Васіля Быкава, Уладзімера Караткевіча, Міхася Ткачова і іншых выдатных беларусаў. Удзельнікі засьпявалі гімн “Магутны Божа”, Узьнялі нацыянальныя Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі.

Людзі выступілі з успамінамі пра нашых Дзядоў. Творчасьць і змагарнае жыцьцё беларусаў, якіх няма з намі, не былі марнымі. Яны працягваюць жыць у сёньняшняй Беларусі, іхнія імены і справы натхняюць на барацьбу за волю новае пакаленьне беларускага народу. Непарыўная сувязь з Дзядамі — залог несьмяротнасьці народа, нашай культуры і мовы. Дваццаць гадоў таму — 30 кастрычніка 1988 года — тысячы беларусаў прышлі сюды, каб упершыню ўшанаваць памяць Дзядоў. Тады іх сустрэла паліцэйшчына савецкага рэжыму. Але людзі не напалохаліся, як таго хацела злачынная ўлада. З таго дня пачалася шырокая грамадзкая падтрымка Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”. У наступныя гады Народны Фронт арганізоўваў шэсьці на Дзяды праз цэнтар нашай сталіцы — каб бачылі і далучаліся людзі, каб ніхто ўжо ня мог прымусіць нас хадзіць па ўскраінах.

Сёлета, 2 лістапада фронтаўцы таксама арганізоўваюць мэмарыяльнае шэсьце на Курапаты па цэнтральнай артэрыі Менска — праспэкту Францішка Скарыны (цяпер “пр. Незавісімості”). Збор удзельнікаў — а 10:30. каля Гадзіньнікавага завода (ст. мэтро “Парк Чалюскінцаў”). Пасьля шэсьця адбудзецца мэмарыяльны мітынг на тэрыторыі Народнага мэмарыялу ў Курапатах (атрыманы дазвол уладаў). Заклікаем усіх далучыцца да мэмарыяльных мерапрыемстваў.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

1 лістапада 2008 г.