АКТ ВАНДАЛІЗМУ Ў КУРАПАТАХ

29 кастрычніка на тэрыторыі Народнага Мэмарыялу ў Курапатах былі знойдзены сьляды чарговага акта вандалізма. Злачынцы паламалі і кінулі на зямлю 7 крыжоў. Сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ выклікалі міліцыю, якая зафіксавала разбурэньні і склала пратаколы.

Сябры Партыі ў той жа дзень пачалі аднаўленьне пашкоджаных крыжоў на магілах ахвяраў расейскага тэрору. У бліжэйшы час, да сёлетніх Дзядоў усе пашкоджаныя крыжы будуць адноўлены.

Сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ зьвяртаюцца да ўсіх людзей добрай волі з заклікам далучыцца да шэсьця і мітынгу ў гонар Дзядоў, якія адбудуцца ў Менску 2 лістапада. У гэты дзень беларусы павінны салідарна прадэманстраваць цёмным антыбеларускім сілам, што наш народ памятае сваіх продкаў і гатовы так, як яны, абараняць сваю Айчыну. Нагадваем, што збор удзельнікаў шэсьця — а 10.30. каля Гадзіньнікавага завода (ст. мэтро “Парк Чалюскінцаў”).

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

29 кастрычніка 2008 г.