“І НІХТО НЕ ПАТЛУМАЧЫЎ...”

9 кастрычніка 2008 г. Чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes” піша пра Вацлава Гавэла. Нават на раньніх этапах ягонага жыцьця за ім актыўна сачылі спэцслужбы ЧССР StB. Яшчэ ў 1960-я гады, калі ён быў маладым драматургам і кіраўніком авангарднага тэатру.

Наш камэнтар: Потым была савецкая інвазія, стварэньне дысыдэнцкай арганізацыі інтэлігенцыі “Хартыя-77”. Потым перамога над камунай і маскоўскім прыгонам, праца на пасадзе прэзыдэнта краіны. Яркі, пакручасты лёс эўрапейскага інтэлектуала... І вось жа дзіва, увесь інтэлектуальны і палітычны досьвед неардынарнага заходняга чалавека аказаўся непрыдатным у рамках тэмы “Усходняя агентура на Захадзе”. Даволі даўно, з канца 1990-х гадоў у давер да Вацлава Гавэла ўцерліся дзеячыкі з падстаўной псэўдаапазыцыі з Беларусі: функцыянер Янукевіч (які зрабіў кар'ерку як паплечнік В. Вячоркі ў прагматычным БНФ), інтэлектуальны цынік Халезін і іншыя цынікі з “Хартыі-97” (яны й назву сабе прыдумалі “пад Гавэла”) і яшчэ некалькі ваяжораў зь Менску. Яны на працягу шэрагу гадоў удавалі “дысыдэнтаў” і “барацьбітоў за правы”. Пераказвалі чэшскаму аўтарытэту сваю “інфармацыю” пра падзеі на Беларусі і г.д. Нават залезьлі на ягоную дачу і фатаграфаваліся там для “белорусской демпрессы” задраўшы ногі на канапе клясіка. І ніхто зь беларусаў, якія знаходзяцца ў Празе, ані словам не патлумачыў В. Гавэлу, у якую непрыемную гісторыю ён патрапіў і як сорамна яму будзе, калі ўсё раскрыецца.

Алесь Хадасевіч