ПАДАЗРОНАЯ КАТАСТРОФА

11 кастрычніка 2008 г. Аўстрыйская газэта “Die Presse” паведамляе пра трагічную гібель Ёрга Хайдэра, папулярнага аўстрыйскага палітыка. Аўтамабіль, у якім ехаў Хайдэр разьбіўся на аўтабане раніцай непадалёк ад горада Клягенфурта. Газэта называе Хайдэра інтэлектуальным, харызматычным дзеячам.

Наш камэнтар: Трагедыя адбылася ўсяго праз некалькі дзён пасьля перамогі на парляманцкіх выбарах нацыянальных аўстрыйскіх сілаў над мясцовымі “інтэрамі”. Сацыялісты і брусэльская камарылья могуць цяпер, здавалася б, уздыхнуць з палёгкай. На працягу гадоў яны абзывалі Хайдэра фашыстам і выстаўлялі эсэсаўцам, таму што ён заклікаў аўстрыйцаў вызваліцца з-пад бюракратычнага прыгнёту Брусэля. Ды спробы дэскрыдытацыі нацыянальнага палітыка праваліліся. З палёгкай дыскрыдытатары пасьпяшаліся. У Аўстрыі на вачах адбываецца паварот грамадзтва (асабліва моладзі) да нацыянальных каштоўнасьцяў і прыярытэтаў нацыянальнай дзяржавы. Цяпер гэты рух будзе мець свайго героя. Зусім нядаўна, напярэдадні выбараў у Аўстрыі телеканал Эўраньюс дэманстраваў інтэрвію з Хайдэрам. Палітык гаварыў спакойна, аргумэнтавана. Казаў пра пагрозу Эўропе з боку агрэсіўных фундамэнталісцкіх ісламістаў, пра тое, што “трэба наблізіць уладу да народа”. Менавіта так, без крыкаў і істэрыкі Хайдэр і ягоныя паплечнікі зьвярталіся на працягу гадоў да аўстрыйскага грамадзтва. І яно пачула іх.

Спадзяемся, што ў Аўстрыі адбудзецца грунтоўнае і паўнавартаснае рассьледваньне гэтай падазронай “катастрофы” на ранішнім пустым аўтабане. Бывае ўсякае, але вельмі ж на руку варожым незалежнай Аўстрыі сілам была гэтая змрочная падзея.

Юрка Марозаў