20 ГАДОЎ БЕЛАРУСКАМУ НАРОДНАМУ ФРОНТУ “АДРАДЖЭНЬНЕ”. (ВІНШАВАНЬНЕ)
Дарагія фронтаўцы, дарагія беларусы!
19-га кастрычніка 1988 года адбылася вялікая падзея сучаснасьці і гісторыі Беларусі — патрыётамі Бацькаўшчыны і свабоды быў створаны Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне”.
Гэта была лёсавызначальная падзея ў гісторыі Беларускай нацыі і яе векавога змаганьня за волю, супраць акупацыі й вынішчэньня. Вызвольныя ідэі Фронту, пагрунтаваныя на прыкладзе 25-га Сакавіка і ідэалах БНР, паднялі на змаганьне лепшых людзей народа, стварылі яго авангард у савецкім парляманце і мірным шляхам прывялі да перамогі над камунізмам, да здабыцьця рэальнай незалежнасьці Беларусі, паспрыялі стварэньню сапраўднай незалежнай дзяржавы.
Стварэньне незалежнай дзяржавы ёсьць вяршыня ў разьвіцьці і гісторыі нацыі. Упершыню за 200 гадоў змаганьня гэтая вяршыня дасягнута, дзякуючы працы і барацьбе Народнага Фронту і яго народных прадстаўнікоў — дэпутатаў Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце краіны.
Фронт паставіў і дамогся вырашэньня асноўных праблемаў нацыі: незалежнасьці, праўды пра злачынствы Чарнобыля і стварэньня заканадаўчай і практычнай сістэмы паратунку ад вынікаў Чарнобыльскай катастрофы, праўды пра камуністычны генацыд народа, вяртаньня беларусаў з расейскіх войнаў, спыненьня дзейнасьці КПСС і ЛКСМ на Беларусі, стварэньня сістэмнай заканадаўчай базы незалежнай дзяржавы, вяртаньня нацыянальных сымвалаў (Бел-Чырвона-Белага Сьцяга і гэрбу Пагоня) на дзяржаўны пасад, заканадаўчага сцьвярджэньня і забесьпячэньня дзяржаўнасьці Беларускай мовы, вяртаньня беларускай школы і адукацыі ў грамадзкі ўжытак, стварэньня беларускага войска, грамадзянства і грашовай сістэмы; Фронт стварыў канцэпцыі эканамічных, энергетычных, інфармацыйных і палітычных рэформаў разьвіцьця краіны, раскрыў праўду пра антыбеларускую сутнасьць расейскай палітыкі.
Але ў Беларусі барацьба не закончана, бо ня вырашаная засталася важная праблема незалежнай дзяржавы — пытаньне нацыянальнай ўлады. Усе нашыя цяперашнія беды, страты, унутранная акупацыя, дыктатура, антыбеларускі рэжым і зьнявага нацыі — ўсё ад таго, што беларускія нацыянальныя сілы не здабылі ўладу — пытаньне, якое залежыць ад усяго грамадзтва. Барацьба працягваецца, наперадзе — перамога.
Стварэньне Народнага Фронту — гэта гістарычная падзея агульнанацыянальнага значэньня. Гэта пункт адліку і крыніца натхненьня для пакаленьняў беларускіх людзей.
Віншую ўсіх беларусаў з 20-мі ўгодкамі слаўных падзеяў, з 20-й гадавінай стварэньня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”! Наша веліч ў існаваньні гэтай падзеі, у жыцьцёвасьці яе справаў і вялікіх ідэй. Віншую фронтаўцаў і змагароў! Віншую кожнага беларуса! Жыве Беларусь!
Зянон Пазьняк
Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
19 кастрычніка 2008 г.