КАСТРЫЧНІЦКІ ЮБІЛЕЙНЫ ПАШЫРАНЫ СОЙМ БЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА ФРОНТУ “АДРАДЖЭНЬНЕ” І КАНСЭРВАТЫЎНА-ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ — БНФ

19 кастрычніка сёлета споўнілася 20 гадоў з дня стварэньня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”. Да гэтай юбілейнай даты быў адмыслова прымеркаваны ў Менску пашыраны Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Фронтаўцы сабраліся ва ўрачыстай абстаноўцы з кветкамі і ўзьнятым настроем На сьценах віселі плякаты і заклікі часоў гістарычнага, узнёслага змаганьня. Сойм заслухаў віншавальны выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — “20 гадоў Беларускаму Народнаму Фронту “Адраджэньне” (публікуецца). З дакладамі выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў старшыні на Беларусі Фронту і Партыі, сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі, і Валеры Буйвал, сакратар Управы Фронту і Партыі. Выступоўцы выказалі словы віншаваньня ў адрас усіх патрыётаў Беларусі, якія на працягу дваццаці гадоў змагаліся за волю і незалежнасьць Бацькаўшчыны ў шэрагах БНФ “Адраджэньне”, падтрымлівалі Фронт, ўздымалі над краінай нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг.

Змагарнае дваццацігоддзе супала сёлета з адметнай падзеяй у жыцьці Беларусі. Шматгадовая праца патрыётаў-фронтаўцаў, якія тлумачылі людзям неабходнасьць адвярнуцца ад рэжыма і ягонай псэўдаапазыцыі, завяршылася на прыканцы верасьня паразай прамаскоўскага рэжыму і прамаскоўскай псэўдаапазыцыі на парляманцкіх выбарах. Народны байкот выбарчага фарсу — гэта перамога беларускага грамадзтва, якое не дало ўцягнуць сабе ў злачынныя дзеяньні рэжыму і яго памагатых. У выніку незаконна ўтвораны псэўдапарлямант дыктатуры зьяўляецца нелегітымным. Нелегітымнымі будуць таксама ўсе рашэньні, якія стане прымаць гэтая незаконная структура.

Стала вядома, што вынікі народнага байкоту напалохалі Маскву і мясцовы прамаскоўскі рэжым. Партнёры па зьнішчэньню Беларусі баяцца цяпер выносіць на рэфэрэндум пытаньне аб незаконнай “саюзнай дамове паміж РФ і РБ”. На рэфэрэндум такія пытаньні, аднак, увогуле не выносяцца, закон забараняе. Але мы іх ведаем — чхаць ім на закон. Тым часам, і яны ўжо ведаюць, што мільёны беларусаў больш ня пойдуць на антызаконнае галасаваньне. Таму змоўшчыкі спрабуюць легітымізаваць сваю “саюзную дзяржаву” спосабам кулуарнага галасаваньня ў расейскай Дзярждуме і нелегітымных “палатах” РБ. Неабходна мабілізаваць усё беларускае грамадзтва на супраціў гэтай антыканстытуцыйнай змове, якая зьяўляецца шляхам расейскай акупацыі Беларусі.

Разбуральны буйнамаштабны эканамічна-фінансавы крызіс ахапіў Расею. Хворая, заснаваная на алігархічных капіталах і інтэнсіўнай эксплуатацыі прыродных рэсурсаў эканоміка Расеі нясе буйныя страты. Сьвет можа стаць сьведкам пачатку чарговага этапу развала расейскай імпэрыі. Штучная, злачынная арыентацыя беларускай эканомікі на Расею пагражае грунтоўным крызісам і нашай краіне. У выніку крызісу ў Расеі і ўцёкаў капіталаў за мяжу рэзка спыняецца будаўнічая дзейнасьць у Маскве і іншых рэгіёнах імпэрыі. Зьнікаюць будаўнічыя фірмы, для якіх працавалі беларускія рабочыя. Рэжым у Менску і ягоная псэўдаапазыцыя (Мілінкевіч і інш.) на працягу гадоў хваліліся, што “у Беларусі няма беспрацоўя”. Яны, як быццам, “не заўважалі” амаль паўтара мільёна беларускіх мужчын, якія, ня маючы працы ў Беларусі, вымушаны былі ехаць на заробкі ў рабства ў Расею. Цяпер гэтыя паўтара мільёны мужчынаў вернуцца ў Беларусь з эканамічных руінаў Расеі. Будзе нарастаць сацыяльны пратэст, паглыбляцца крызіс дыктатарскага рэжыму, антынацыянальная палітыка якога прынесла столькі бедаў нашай Радзіме.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Пасьля правалу выбарчага фарсу структуры міліцыі і КГБ спрабуюць запалохаць і “прыцягнуць да адказнасьці” шэраг сяброў Фронту і Партыі. Але фронтаўцы не паддаюцца на пагрозы і антызаконныя патрабаваньні структураў рэжыму, зьвяртаюцца з заявамі ў пракуратуру. Партыя не дапусьціць, каб у адносінах да нашых сяброў ужываліся незаконныя, брутальныя мэтады ўціску. Сябры Партыі адзначылі, што дзеячы і структуры падстаўной псэўдаапазыцыі падчас выбарчага фарсу паўсюдна прадэманстравалі сваю хлусьлівасьць, прадажнасьць і спрыяньне плянам рэжыму.

Людзі адэкватна ацанілі гэтую публіку і ейныя заклікі ісьці на выбарчыя ўчасткі псэўдавыбараў. Гэтыя дзеячыкі канчаткова страцілі свой твар, людзі адвярнуліся ад іх і іхнай фальшывай палітыкі, аплочанай ворагамі Беларусі. Аднак, беларусы са зьдзіўленьнем назіраюць, як адразу ж пасьля выбарчага фарсу гэтыя дзеячы зноў паехалі ў Брусэль і Берлін, каб зноў “прадстаўляць беларускі народ і апазыцыю”. Яны рыхтуюць нават вялікую канфэрэнцыю “па будучыні Беларусі” ў Берліне, якую мяркуецца правесьці пад кіраўніцтвам разбуральніка нацыянальнай палітыкі Беларусі Ганса Віка і на нямецкія грошы (пры тым, што Вік публічна прызнаваўся, што мэтай ягонай асабістай дзейнасьці на пасадзе кіраўніка Менскай місіі АБСЭ зьяўлялася “уключэньне Беларусі ў больш дэмакратычную Расею”. Неабходна тлумачыць людзям, што дзейнасьць гэтай правальнай публікі мае прыкметы нацыянальнай і дзяржаўнай здрады. Яны мала адрозьніваюцца ад дзеячаў рэжыму.

Сойм абмеркаваў пытаньні падрыхтоўкі і правядзеньня мерапрыемстваў на сёлетнія Дзяды.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

19 кастрычніка 2008 г.