ЭПОХА Ў ЖЫЦЬЦІ НАЦЫІ (ДА ДВАЦЦАЦІГОДДЗЯ БНФ)
Спаўняецца 20 гадоў ад часу ўтварэньня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” — дэмакратычнага нацыянальна-вызвольнага руху супраць савецкай акупацыі і расейскага камунізму за дэмакратычны лад і дзяржаўную незалежнасьць Беларусі.
Фронт утварыўся 19-га кастрычніка 1988 года ва ўмовах пратэстнага ўздыму людзей супраць камуністычнай намэнклятуры і ўлады КПСС. Тады гэта было грамадзтва з адбітай гістарычнай памяцьцю, вынішчанай нацыянальнай сьвядомасьцю і цьмяным уяўленьнем пра свабоду. Дзяржаўная незалежнасьць шмат каму здавалася фантазіяй, казкай. Але праз тры гады Фронт, маючы дэпутацкі авангард у Вярхоўным Савеце і скарыстаўшы паразу камуністычнага путчу ў Маскве, зрабіў гэтую казку рэальнасьцю. 25-га жніўня 1991 года, у выніку рашучага націску і хуткіх прадуманых дзеяньняў дэпутацкай Апазыцыі БНФ, Вярхоўным Саветам БССР была аб'яўлена незалежнасьць Беларусі, Дэклярацыя аб суверэнітэце набыла сілу канстытуцыйнага закону. Дэпутацкі авангард БНФ адразу ўключыўся ў змаганьне за будаўніцтва незалежнай беларускай дзяржавы.
Ліквідацыя расейскага камунізму, дэмакратыя і дасягненьне незалежнасьці Беларусі ад СССР былі стратэгічнымі палітычнымі задачамі Фронта. Яны былі пасьлядоўна распрацаваныя дэпутатамі БНФ. За незалежнасьць і дэмакратыю змагаліся крок за крокам з першых жа дзён у Вярхоўным Савеце. У гэтым змаганьні і працы галоўнымі былі незалежнасьць Беларусі і стварэньне дзяржаўных інстытутаў вольнай беларускай дзяржавы. Пры падтрымцы ўсяго Фронту дэпутаты БНФ прапанавалі дзясяткі законапраектаў, распрацавалі сістэму парляманцкай тактыкі, грамадзкіх дзеяньняў, палітычных ініцыятываў і ажыцьцявілі ўсё на практыцы.
Фэнамэнальным было тое, што, дзякуючы ўмелай тактыцы і добраму разуменьню сытуацыі, дэпутаты-фронтаўцы, якія складалі толькі 8 адсоткаў у камуністычным Вярхоўным Савеце, здолелі дамагацца перамог і ў парляманцкім змаганьні, і ў галасаваньні за свае ідэі, праекты, ініцыятывы. Самым вялікім дасягненьнем была незалежнасьць Беларусі. Тое, што сталася вечарам 25 жніўня 1991 года — гэта найвялікшая выніковая падзея ў гісторыі Беларусі за апошнія 200 акупацыйных гадоў. Беларусь дамаглася рэальнай незалежнасьці. У выніку (ізноў жа, дзякуючы дзейнасьці дэпутацкай Апазыцыі БНФ і ўсяго Фронта) былі створаныя рэальныя атрыбуты суверэнітэту і інстытуты ўлады беларускай незалежнай дзяржавы.
Пачалі рэальна ажыцьцяўляцца ідэалы 25 Сакавіка. Але на той час не ўдалося зрабіць вельмі істотнае. Беларускае Адраджэньне не ўзяло ўладу ў незалежнай Беларусі. Пасьля ліквідацыі СССР Фронт заставаўся як апазыцыйная ўплывовая беларуская палітычная сіла. Тым часам уся ўлада была ў старой савецкай каляніяльнай намэнклятуры. У галовах гэтых людзей панаваў кампрадорскі, каляніяльны спосаб думаньня і спадзяваньні на вяртаньне СССР. Яны прыстасоўваліся да новых абставінаў, вяла і з аглядкай, ня мелі ніякай ідэёвай пэрспэктывы, акрамя азіраньня ў тыл ды ў Маскву. Прамаскоўскі рэжым, унутраная акупацыя і антыбеларуская дыктатура лёгка вынікалі з такіх абставінаў, дзе спэцслужбы чужой дзяржавы мелі поўную свабоду дзеяньняў.
У пачатку 90-х гг. падзеі разьвіваліся хутка. Склалася, аднак, трагічная сытуацыя. Нацыянальны, ідэёвы і дэмакратычны авангард — Беларускі Народны Фронт — і ягоныя прадстаўнікі здолелі энэргічна ўключыцца ў рэчышча падзеяў і здабыць незалежнасьць Бацькаўшчыны. Але грамадзтва, прыдушанае векавымі рэпрэсіямі, вынішчанае бальшавіцкім генацыдам і камуністычнай прапагандай, не пасьпявала за ідэйнымі пераменамі, дрэнна арыентавалася і не зусім разумела сутнасьць і неабходнасьць дзяржаўнага нацыянальнага разьвіцьця. Час для нацыянальна-культурнага асьветніцтва масаў аказаўся занадта кароткім, каб масы людзей пачалі актыўна ўдзельнічаць у фармаваньні незалежнай дзяржавы, падтрымліваць палітычны авангард, імкнуцца да пераменаў. Грамадзтва пасьля разьвітаньня з камунізмам засталося па-савецку пасіўным у пытаньні нацыянальна-ідэйнай перамены ўлады, рэагуючы непасрэдна толькі на сацыяльнае пагаршэньне свайго становішча і, не разумеючы яго прычынаў. Пасьля ліквідацыі СССР і КПСС пратэстны антыкамуністычны і антыкаляніяльны ўздым скончыўся.
У новай незалежнай Беларусі прыжылася старая савецкая каляніяльная ўлада і ў значнай ступені засталося старое дэфармаванае савецкае грамадзтва. Тут самае істотнае было ў тым, што старая савецкая намэнклятура на Беларусі была агулам антынацыянальная, а грамадзтва (таксама агулам) — нацыянальна індэферэнтнае. Калі прыбалтыйскія краіны, што вярнулі незалежнасьць, мелі 22 гады разьвіцьця ў незалежнай нацыянальнай дзяржаве (вырасла цэлае паўнавартаснае пакаленьне), то на Беларусі ў гэты час была суцэльная расейска-камуністычная ноч, НКВД, расстрэлы, рэпрэсіі і генацыд, дэфэнзыва і палянізацыя (на захадзе), Цэлае пакаленьне лепшых беларусаў было расстралянае ў шматлікіх Курапатах, згноенае ў Сібіры, замучане ў сталінскім Гулагу. Становішча ў Беларусі ў корані адрозьнівалася ад становішча ў Прыбалтыцы ці, тым больш, у Польшчы альбо ў Чэхаславаччыне. Каб хутка і карэнным чынам перамяніць няўстойлівую, каляніяльна-мэнтальную сытуацыю, што існавала ў пачатку 90-х, быў толькі адзін спосаб, — улада ў Беларусі мусіла належыць Народнаму Фронту.
Адэкватная беларуская дэмакратычная ўлада праводзіла б адэкватную беларускую нацыянальна-асьветніцкую, эканамічную, сацыяльную, культурную і дэмакратычную палітыку, што дазволіла б вывесьці грамадзтва ў нацыянальна-цывілізаваны стан, адрадзіць нацыянальна-грамадзкую нармальнасьць.
Нягледзячы на складанасьць абставінаў у 90-х гадах, прыход да ўлады Народнага Фронту была цалкам выканальная задача, калі б ні ўмяшаньне Расеі ў беларускія справы, у першую чаргу — яе спэцслужбаў і стварэньне імі кантролю над урадам Кебіча, над КГБ, над цэлымі палітычнымі групамі. Адна зь іх (А. Лукашэнка, Л. Сініцын, В. Шэйман, В. Ганчар, Д. Булахаў, А. Лябедзька, І. Ціцянкоў) была прыведзена да ўлады.
Рэжым унутранай прарасейскай акупацыі, выкліканы гэтай “траянскай” групай (якая пазьней распалася), стаў надзвычай разбуральным для беларускай нацыі і культуры, паставіў пад пастаянную пагрозу незалежнасьць Беларусі.
Прамаскоўскі рэжым сфармаваўся як улада грубага аўтарытарызму, з усімі прыкметамі мафійнай і антыбеларускай дыктатуры. Зьнішчэньне Народнага Фронту як нацыянальнай альтэрнатывы рэжыму стала адной з галоўных задачаў уладнай групы.
Гэтая задача, тым ня менш, аказалася не пад сілу новым камбінатарам. Магутнасьць Фронту вырасла ў 1996 годзе. Пратэсты супраць антынацыянальнай палітыкі выклікалі вялікія масавыя дэманстрацыі ў Менску і іншых гарадах. У 1997 годзе, калі антырэжымныя выступы былі яшчэ на ўздыме, Беларускі Народны Фронт на V Зьезьдзе БНФ прыняў рашэньне аб стварэньні на чале з Фронтам агульнабеларускага Вызвольнага руху супраць прамаскоўскага рэжыму і імпэрскай палітыкі Масквы. Гэта абазначала ўмацаваньне беларускай нацыянальна-дэмакратычнай альтэрнатывы рэжыму і злучэньне шырокіх пратэстных сілаў вакол нацыянальнай ідэі і вакол БНФ пад беларускім Бел-Чырвона-Белым сьцягам.
Беларуская нацыянальная альтэрнатыва — гэта сьмяртэльная небясьпека для прамаскоўскага рэжыму. На змаганьне з БНФ рэжым кінуў значныя сілы, ужываў спэцыяльныя мэтады. Нэгатыўны вынік у барацьбе з Фронтам быў дасягнуты ў 1999 годзе, калі былі аб'яднаныя дзеяньні рэжыму (найперш КГБ), Масквы і палітыкі Эўразьвязу. Заходні накірунак уплыву на Беларусь з канца 1997 года ўзначаліў нямецкі разьведчык Ганс-Георг Вік, які фармальна ачольваў Місію АБСЭ у Менску (адначасна быў рэзыдэнтам ва Ўсходняй Эўропе). Вік узгадняў свае дзеяньні з КГБ, з уладным рэжымам на Беларусі. Плян Віка традыцыйны для заходніх спэцслужбаў: разбурэньне нацыянальнай апазыцыйнай альтэрнатывы (гэта значыць БНФ) і стварэньне не нацыянальнай (гэта значыць не адраджэнскай, не пагрунтаванай на нацыянальнай ідэі) апазыцыі, заснаванай на дэмакратычных “прынцыпах” (а дакладней, на фармулёўках) і на фанансавай падтрымцы Захаду. Такая “апазыцыя” была залежная ад Эўразьвязу. На ўсю працу (уключаючы так званы “перамоўны працэс” з рэжымам) Эўразьвяз, згодна сьведчаньня Ганса Віка, патраціў каля паўтара мільёна даляраў. І, як часта бывае, эфект грошай для некаторых слабых людзей аказаўся занадта моцным сродкам, перавярнуў іхняе думаньне, этыку і паводзіны.
Зьнішчыць Фронт эўрарэжымнай кааліцыі спэцслужбаў, аднак, не ўдалося. Але ў 1999 годзе арганізацыю раскалолі. Неўзабаве пад непасрэдным уплывам Віка і іншых “эўрадыпляматаў” (Адрыяна Севярына, Рывалье і т. п.) была створана заплянаваная “аб'яднаная дэмакратычная апазыцыя”, куды ўвайшлі розныя малыя партыі (створаныя ў першай палове 90-х), людзі дэманстратыўна выштурхнутыя Лукашэнкам з групы ўлады (А. Лябедзька, Д. Булахаў, В. Ганчар, М. Чыгір і інш.), камуністы, гэбоўская фантомная “лібэральная” партыя С. Гайдукевіча і іншыя групкі і тыпажы, часам адкрыта варожыя беларушчыне, а таксама адколатая частка БНФ, так званыя “прагматыкі”.
Вікаўская “аб'яднаная апазыцыя” — характэрны прадукт эўрапалітыкі ва Ўсходняй Эўропе. Зыходзячы з ацэнкі палітычнага канфлікту ў Беларусі, з разуменьня нацыянальных інтарэсаў і сэнсу палітычнага змаганьня, — гэта тыпова маргінальная зьява ў беларускай палітыцы, якую і Эўразьвяз, і Масква (і нават, ускосным чынам — рэжым) тут жа паднялі на шчыт.
Свае легальныя кантакты, сувязі і каналы ўплыву на рэжым, Эўразьвяз і Масква выбудавалі праз гэтую маргінальную “апазыцыю”, цалкам ігнаруючы ўсё астатняе, што зьвязана з Адраджэньнем і рэальнай беларускай палітыкай. Ніякіх палітычных вынікаў ад “дзейнасьці” маргінальнай “апазыцыі” не магло быць і, натуральна, не было. Штучнасьць і шкурнасьць яе былі відавочныя. Момант ісьціны найбольш выразна настаў ў верасьні-кастрычніку гэтага года падчас так званых “парляманцкіх” выбараў у Беларусі.
Ваенны напад Расеі на Грузію летам 2008 года і рэакцыя на яго ў Эўропе агалілі сутнасьць эўрапалітыкі ў Беларусі. Эўропа прадэманстравала ізноў свой тыповы ўзровень, засьведчыўшы, што інтарэсы для яе важней за ўсялякія прынцыпы. Эўразьвяз пакінуў сваю “апазыцыю” і пачаў інтэнсіўна наладжваць сувязі з рэжымам Лукашэнкі, рахуючы свае геапалітычныя інтарэсы.
“Нас кінулі!” — залемантавалі на крымінальным жаргоне падстаўныя апазыцыянеры. Такі ёсьць фінал палітычнай афёры з “апазыцыяй” Ганса-Георга Віка на Беларусі. Пэрыяд існаваньня падстаўной апазыцыі Ганса Віка — гэта дэманстрацыя стагнацыі і маргіналізма ў палітыцы, пры дапамозе якой непрыяцелі Беларусі хацелі ўплываць на рэжым Лукашэнкі і нішчыць беларускі нацыянальна-вызвольны і адраджэнцкі рух. Страты ад гэтае імітацыі для беларускай палітыкі відавочныя. У 2000-м годзе на міжнароднай канфэрэнцыі ў Беластоку Ганс Вік адкрыта заявіў, што сэнс яго дзейнасьці ў Менскай Місіі АБСЭ заключаўся ў тым, каб дапамагчы Беларусі ўвайсьці ў склад “дэмакратычнай” Расеі. Чаша цярпеньня перапоўнілася. Ганс Вік быў аб'яўлены Беларускім Вызвольным Рухам (у аснове Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ) пэрсонай “нон-грата”, запатрабавана яго выдаленьне з Рэспублікі Беларусь. У будучыні Ганс-Георг Вік, хутчэй за ўсё, стане перад беларускім дэмакратычным судом за антыбеларускую дзейнасьць і нанясеньне шкоды інтарэсам Беларусі.
***
Беларускі Народны Фронт гэта ня толькі наша дзяржаўная незалежнасьць, ня толькі сапраўдная беларуская дэмакратычная палітыка, ня толькі беларускае нацыянальнае Адраджэньне — гэта цэлая яркая эпоха ў жыцьці нацыі і ў найноўшай беларускай гісторыі ХХ-га стагоддзя. Фронт і ягоная дэпутацкая Апазыцыя ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня паднялі і праілюстравалі на фактах і прыкладах, і вырашылі найбольш важныя і балючыя пытаньні беларускага народа: пра радыяцыю і злачынства Чарнобыля, пра генацыд і расстрэлы беларусаў расейскімі бальшавікамі, пра вяртаньне беларусаў на Бацькаўшчыну з расейскіх войнаў, з “гарачых кропак” і з савецкага войска, пра ліквідацыю прывілеяў камуністычнай намэнклятуры і ліквідацыю дзейнасьці кампартыі і камсамола ў Беларусі, пра стварэньне беларускага войска, пра ўвядзеньне беларускіх грошай, пра беларускае грамадзянства, пра дыверсіфікацыю рэсурсаў (Балта-Чарнаморскі нафтавы калектар), пра беларускія дзяржаўныя сымвалы (вярнулі Бел-Чырвона-Белы сьцяг і гэрб Пагоня), пра дзяржаўнасьць беларускай мовы, пра вяртаньне беларускай школы і адукацыі, пра стварэньне сістэмы ўлады беларускай незалежнай дзяржавы, пра разбуральную ролю расейскай палітыкі ў жыцьці беларускай нацыі.
Безумоўны ўплыў адраджэнцкай ідэалёгіі (і нават тэрміналёгіі Фронту) адбіўся на ўяўленьнях, сьветапоглядзе, думках і думаньні цэлага пакаленьня беларусаў і ўсяго грамадзтва.
Фронтаўскі працяг, рэальная беларуская пазыцыя Адраджэньня і палітыка, якая зыходзіць зь беларускіх нацыянальных інтарэсаў, сканцэнтравана цяпер у дзейнасьці і ідэалёгіі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі Беларускага Народнага Фронта. Гэта аснова БНФ, якая засталася пасьля расколу 1999 года і адыходу “прагматыкаў”. Рэчаіснасьць выразна паказала, што “прагматыкі” страчаныя для беларускай нацыянальнай палітыкі назаўсёды (ва ўсялякім разе, пры гэтым рэжыме). Кампраметацыя ўдзелам ў падстаўной “апазыцыі”, супрацоўніцтва там з камуністамі, са старой і варожай беларускаму руху камуністычнай намэнклятурай (агітацыя за прэзыдэнцтва Уладзімера Ганчарыка, Міхаіла Марыніча), сумніўныя кантакты з Масквой, поўная і пакорная ўлегласьць усім і любым вымогам палітыкі Эўразьвязу ўзамен за фінансаваньне, аплату палітычнай працы і яе імітацыю (што асабліва выразна засьведчылі выбарчыя кампаніі) — усё гэта паказвае, што раскол БНФ выявіў істотныя разыходжаньні ў ідэалёгіі, прынцыпах, падыходах у палітыцы, якія выразна, таксама, відаць у сцьвярджэньнях, гэтых людзей, напрыклад, як гэтае: “нацыянальна-вызвольная ідэя, якая была стрыжнем у дзейнасьці БНФ з канца 80-х гг., у значнай ступені вычарпала сябе”... Аптымальна было б не падзяліць Фронт, а аб'яднаць яго з Аб'яднанай грамадзянскай партыяй і іншымі партыямі гэтага накірунку.” (Ю. Хадыка. Бюлетэнь “Избиратель”, № 9, чэрвень, 1999 г.; “Беларускія Ведамасьці”, — 2001, № 2 (32), стар. 13). Сімптаматычна, што такое было напісана тады, калі “прагматыкі” рыхтавалі пераварот у БНФ. Супольным з гэтымі людзьмі (некалі сябрамі і аднадумцамі) застаўся толькі пачатак — хвалюючы час беларускай нацыянальнай рэвалюцыі. Гэта тое, што ўсіх нас аб'ектыўна лучыць, заклікае да стрыманасьці і разуменьня.
***
Беларускі Народны Фронт — гэта магутная песьня ў жыцьці нацыі, якая гучыць у сэрцы беларусаў і хутка (набліжаецца час) хутка вырвецца голасна на свабоду. Сьпявайма яе.
Настае час новых выпрабаваньняў і нельга яго змарнаваць. Адраджэньне новага беларускага руху павінна аб'яднаць усіх беларусаў на грунце ўнівэрсальнай і вялікай ідэі, патрэбнай усім — гэта Беларуская нацыянальная ідэя. Гэтая ідэя, працягам якой ёсьць вольная квітнеючая шчасьлівая Беларусь, дзе ўладарыць сьветлы розум і добрае сэрца, дзе гучыць наша вялікая Беларуская мова, дзе веецца наш Белы-Чырвона-Белы Сьцяг і грозная Пагоня сьцеражэ ўваход.
Ня трэба чакаць нічога зьверху, каб нехта нешта арганізаваў ці зрабіў. Маючы Беларускую ідэю ў сэрцы, — гэтага дастаткова, каб арганізавацца ў любой галіне і рабіць для дабра Беларусі. Тады з мноства малых справаў утвараецца вялікі рух за беларускую Беларусь, за розум і волю бяз цемры, бяз Расеі і дыктатуры.
Яшчэ прыйдзе, настане другое прышэсьце Народнага Фронта. Яно прынясе рашаючую і канцовую перамогу для Беларусі. Будучыня нашай Айчыны будзе велічнай і магутнай.
Зянон Пазьняк
10 кастрычніка 2008 г.