СЬВЕТЛАЯ РАНІЦА НАД БЕЛАРУСЬСЮ (ДА ДВАЦЦАЦІГОДДЗЯ БНФ)
Вырасла ўжо цэлае пакаленьне нашага народу, для якога існуе толькі цяперашняе status quo: незалежная Беларуская Дзяржава. У 1988-91 гадах адбыліся такія вялікія падзеі, што дагэтуль усе намаганьні русіфікатараў, акупантаў і іхных паслугачоў ня могуць зьмяніць гэтага прызнанага сьветам факту. Без перабольшваньня можна сказаць, што для нашых маладых народнае рушаньне тых гадоў зьяўляецца такой жа хрэстаматыйнай клясікай, як штурм Бастыліі для французкай моладзі, аб'яднаньне Нямеччыны Бісмаркам для нямецкай або рэвалюцыя “Салідарнасьці” для польскіх маладых. Гэта ўжо гісторыя, гэта — пласт, які стаў асновай, грунтам для сёньняшняга разьвіцьця нацыі і краіны. Мы, — непасрэдныя ўдзельнікі тых падзеяў, — яшчэ не да канца ўсьведамляем гэты гістарызм. Для нас мінулыя дваццаць гадоў ёсьць арганічная частка нашага жыцьця, а не старонка з хрэстаматыі. Нават ня верыцца, што кастрычнік 1988-га — за даляглядам часу. Здаецца, усё было так нядаўна...
Савецкая імпэрыя на поўным сур'ёзе зьбіралася існаваць яшчэ тысячы гадоў. Многія людзі сапраўды вызначалі сваё жыцьцёвае крэда паводле нескладанай формулы: “Нічога ня зьменіцца. Усё будзе, як было...” (цікава, што многія цяперашнія беларусы сёньня таксама ўпарта паўтараюць гэтую формулу-заклінаньне). Савецкі стыль, “священная русскость” непадзельна дамінавалі ў беларускім жыцьці. Для большасьці ня рэзаў вуха кінуты ў паветра сказ: “У нас в Москве...” Нават нядаўняя Чарнобыльская катастрофа, першыя гарбачоўскія дазволы і першыя выставы нерэалістычнага мастацтва не парушылі грувасткую сацыяльна-палітычную сістэму БССР. Усё ў іх было пад кантролем. КГБ праз сваіх балбатуноў даволі ўдала распаўсюджваў дэмагагічны лёзунг-тлумачэньне: “Ничем это не кончится. Поговорят, поговорят люди, а потом всё будет, как было...” Многія сапраўды ўспрымалі “перастройку”, “барацьбу з п'янствам” і іншае як чарговыя фармальныя выбрыкі савецкай улады, якіх нашыя людзі наглядзеліся даволі шмат за свой век.
Прызнацца, я таксама не высоўваўся па-за рамкі гэтага беларуска-савецкага скепсісу. Ад маразму ратавала штодзённая сустрэча з жывапісам, графікай і скульптурай, сумесная творчая праца з калегамі ў Мастацкім музэі Беларусі. Але глабальны час не даваў дазволу на камэрнае сядзеньне ў рамках. Музэй накіраваў мяне на “павышэньне кваліфікацыі” у Маскву. У чэрвені-ліпені 1988 года я ўбачыў “зусім іншую краіну”. Аднойчы па дарозе ў Інстытут згаданай кваліфікацыі мы ледзь не патрапілі пад паліцэйскія дубіны. Маскоўская паліцэйшчына рабіла жорсткі хапун, разганяючы мітынг крымскіх татараў, якія патрабавалі вяртаньня свайго народу на родную зямлю з азіяцкай высылкі. У Інстытуце мы разьнімалі армянскіх і азэрбайджанскіх мастацтвазнаўцаў, якія кідаліся адзін на аднаго (разгаралася вайна ў Горным Карабаху). Грузінскія мастацтвазнаўцы ўголас пракліналі Сталіна. Аднойчы на лекцыю спазьнілася эстонская калежанка. У перапынку яна са сьлязьмі на вачах усхвалявана распавядала нам пра свой візіт у прадстаўніцтва Эстонскай ССР у Маскве: “Я падышла туды, а над савецкай шыльдай нехта павесіў сьцяжок. Наш сьвяты нацыянальны сьцяг, забаронены на працягу столькіх дзесяцігоддзяў...” Я салідарна радваўся і перажываў за іншыя народы, а сумоўцам расчаравана казаў: “Не, у нас усё ціха, у нас савецкая правінцыя. Нічога ня будзе, нішто ня зьменіцца...”
Вярнуўшыся на Беларусь, я, аднак, даведаўся пра публікацыю артыкула Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва “Шумяць над магіламі сосны” у газэце “Літаратура і мастацтва”. Усе абмяркоўвалі гэты артыкул і першы мітынг, які адбыўся ў Курапатах у чэрвені. З Прыбалтыкі даходзілі зьвесткі пра стварэньне Народных Франтоў і шматтысячныя выступы патрыётаў. 19 кастрычніка 1988 г. я ня здолеў прысутнічаць на ўстаноўчым сходзе ў Чырвоным касьцёле ў Менску, на якім быў утвораны Аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”. Мусіў працаваць з калегамі над падрыхтоўкай выставы сучаснага жывапісу, якая прыехала ў наш Музэй з Канады. Але зьвестка была ва ўсіх на вуснах: “Утварыўся Народны Фронт, правалілася спроба намэнклятуры запалохаць людзей...”
Набліжаліся Дзяды, вядомыя большасьці сьведамых людзей з аднайменнай паэмы Адама Міцкевіча. Мы не здагадваліся тады, што гэты дзень, нашыя сьвятыя Дзяды так зьменяць жыцьцё ўсяго народа. Дзіва, але пра заклік Беларускага Народнага Фронту ісьці на Усходнія могілкі, каб ушанаваць памяць вялікіх продкаў, людзі ў сталіцы і на правінцыі даведаліся без улётак, аб'яваў і анонсаў. Раніцай 30 кастрычніка тысячы людзей з кветкамі і сьвечкамі рушылі да Усходніх могілак. Гэта была магутная плынь. Я ўбачыў знаёмы твар літаратуразнаўца Язэпа Янушкевіча і кінуўся да яго. “Дзяды! Дзяды!” — гукалі маладыя, як на падбор высокія хлопцы, што ішлі разам зь ім. Каля брамы могілак нас сустрэла паліцэйская цемра. Ударыўшы клінам, паліцэйшчына паспрабавала расьсекчы людскую масу. Тады людзі закрычалі: “У Курапаты, хадзем у Курапаты!” І калёнай рушылі ў бок кальцавой дарогі. Паліцэйшчына ўскочыла ў аўтобусы і паехала паўз нас у Курапаты, “чтобы не допустить и пресечь”. А людзі, адышоўшы ад Усходніх могілак прыкладна мэтраў на 900, спыніліся ў полі (там цяпер жылыя дамы Уручча). Пакуль дзяржыморды лёталі ў Курапаты, беларусы мелі каля 45 хвілін дзеля правядзеньня мітынгу. Стыхійны, не задуманы заранёў манэўр удаўся. Усе ўбачылі, як пасярод людзей устаў Зянон Пазьняк, пачулі ягоны моцны, ясны голас: “Мы — на сваёй зямлі! Беларусь будзе вольнай, наш народ будзе жыць у праўдзе. Наш беларускі дух, наша культура і мова — вось шлях паратунку Беларусі...” Маладыя ў некалькіх месцах узьнялі Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі. Сэрца калацілася ад шчасьця.
Акупанты схамянуліся, кінулі на беларусаў войскі ў чырвоных пагонах, паліцэйшчыну ў касках, з шчытамі і вадамётамі. Людзей білі, труцілі газам, валаклі ў машыны. Але ўсе трымаліся разам, дзе маглі вырывалі з лап ворагаў хлопцаў і дзяўчат. Калёнай людзі вярнуліся да могілак і прарваліся з паліцэйскага ачапленьня. Для нас гэта была вялікая маральная перамога над марыянэткавым рэжымам і ўсёй саўдэпаўшчынай.
КПСС-КГБ разьлічвалі жорсткімі рэпрэсіямі на самым пачатку раздушыць Народны Фронт. А атрымалася наадварот. Убачыўшы зьвярыную пысу камуны, беларусы пачалі гуртавацца ў супраціве Злу. У многіх месцах праходзілі сходы ў працоўных калектывах, дзе начальства вымушана было апраўдвацца перад людзьмі за дзеяньні паліцэйшчыны. Але эмоцыямі ўсё ня скончылася. На працягу двух тыдняў пасьля драматычных падзеяў 30 кастрычніка па ўсёй краіне ствараліся групы падтрымкі Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, тысячы людзей уступалі ў арганізацыю, якой наканавана было аднавіць незалежную Беларускую дзяржаву.
Гэта былі дні, па напружанасьці і насычанасьці падзеяў роўныя гадам і нават дзесяцігоддзям савецкага жыцьця. На зьдзіўленьне ўладаў у кожным горадзе, кожным кутку БССР да нацыянальнага Адраджэньня далучаліся людзі, якія пазбавіліся страху і аддавалі сябе справе народнай салідарнасьці. Сьмешна было глядзець на разгубленыя твары стукачоў і гэбэшнікаў, чуць іхныя прызнаньні: “И откуда столько взялось вас, белоруссов? Мы-то думали, что вас и не осталось уже”. У чарговы раз за нашую гісторыю пасьпяшаліся ворагі-акупанты з пахаваньнем нашай нацыі...
Музэйная інтэлігенцыя адгукнулася на падзеі. Мы з Міколам Паграноўскім на працягу аднаго дня стварылі ў Мастацкім музэі даволі вялікую групу БНФ і зарэгістравалі яе ў тадышнім штабе Фронту ў Доме Літаратара. Не абышлося без сьмешных эпізодаў. У групу прышла запісвацца й адна музэйная дама з Волгі. Ставячы подпіс пад заявай, яна з шарыкаўскай упартасьцю паўтарала: “Я вступлю, но работать не буду. Не буду...” Наш прафэсійны мастацтвазнаўчы цэх невялікі. Жыцьцё і дзейнасьць кожнага — як на далоні. Зянона Пазьняка ведалі як выдатнага спэцыяліста, чалавека высокай культуры, як мужнага абаронцу беларушчыны. Зусім натуральным быў факт, што менавіта ён узначаліў народнае рушаньне. Калі побач зь ім я ўбачыў Васіля Быкава, Яўгена Куліка, іншых людзей сумленьня, то стала зразумела — гэта ёсьць шлях Праўды. Для многіх тады, дваццаць гадоў таму Народны Фронт стаўся жыцьцёвым лёсам. Пачалося змаганьне за Беларусь. Народу і народнаму авангарду, — Фронту, — супрацьстаяла магутная савецкая махіна з танкамі, ракетамі, гэбэ, разгалінаванай прапагандысцкай гэбельсаўшчынай. “Благоразумные” раз-пораз папярэджвалі нас: “Ничего у вас не выйдет, СССР — силища-то какая...” А фронтаўцы асабліва да іхнага “блага” не прыслухоўваліся і рабілі сваю беларускую справу. Запомніўся Сойм БНФ, што адбываўся ў залі Акадэмічнай бібліятэкі імя Якуба Коласа ўвесну 1990 года. Слова ўзяў Зянон Пазьняк: “Сябры, Беларусь ідзе да незалежнасьці. Трэба рыхтаваць законы, кадры для наладжваньня нашага дзяржаўнага жыцьця...” Для большасьці прысутных гэтыя словы прагучалі як спіч пісьменьніка-фантаста пра “пыльныя сьцяжынкі далёкіх плянэт”. Маўляў, якая там незалежнасьць?.. Народны лідэр адзіны ў Беларусі адчуў энэргію падзеяў і адэкватна вызначыў іх пэрспэктыву, а таксама нашыя канкрэтныя задачы. І так было ня раз на працягу змагарнага дваццацігоддзя. Як з станоўчымі, так і з адмоўнымі з'явамі ў беларускім жыцьці. Напрыклад, у 1994-95 гадах шэраг людзей яшчэ цешыліся ілюзіямі наконт “маласур'ёзнага калгаснага дзеяча” і ягонага рэжыма. А Старшыня БНФ ужо тады і зноў першым заклікаў грамадзтва да пільнасьці, казаў: “Наступае махровая паліцэйшчына. Айчына ў небясьпецы. Перад намі доўгая і вельмі цяжкая барацьба супраць расейскага імпэрыялізма...” Самазамілаваныя “аналітыкі” усьцяж паўтаралі ў СМІ: “Пра што гэта ён, пра які расейскі фашызм?” Будучыня паказала, хто меў рацыю.
Наступ агалцелай антыбеларускай рэакцыі, што пачаўся ў 1994 г., фарс з рэстаўрацыяй постсавецкіх бурбонаў, змрочная стыхія гэбізму ня здолелі сьцерці з народнай памяці сьветлую раніцу кастрычніка 1988-га года. Тады ў душах тысячаў беларусаў абудзіўся даўно растаптаны нацыянальны гонар, пачуцьцё справядлівасьці. Вялікі энтузіязм, натхненьне вызваленчага змаганьня злучалі нашых людзей у непераможную супольнасьць аднадумцаў. Галоўным было ачысьціцца ад камунізма, вырвацца з саўдэпіі, ісьці шляхам эўрапейскай хрысьціянскай цывілізацыі. З самага пачатку пад нагамі раз-пораз блыталіся розныя дзеячыкі, што шкодзілі справе, спрабавалі завесьці Фронт у тупік, узначаліць і праваліць народную справу. Але рушаньне было настолькі магутным, што гэтыя чалавечкі нічога не маглі зрабіць. З канца 1990-х гадоў ворагі Беларусі пачалі ўжываць супраць беларусаў больш вырабленыя мэтады. Яны разам з заходнімі лібэраламі ўтварылі падстаўную псэўадаапазыцыю прамаскоўскага кшталту. Ім удалося падмануць ня ўсіх, але многіх шчырых і ахвярных людзей. Хто мог уявіць сабе ў 1988-м, што на чале гэтай “апазыцыі” будзе красавацца камуніст Калякін?! Такое не магло б прысьніцца нам у самым кур'ёзным сьне, але стала рэчаіснасьцю паводле антыбеларускіх праектаў Масквы.
Мы зьяўляемся сьведкамі завяршэньня пэўнага этапа ў нашай нацыянальнай гісторыі. Народны байкот выбарчага фарса, які адбыўся па ўсёй краіне на прыканцы верасьня, ёсьць знакам краху прамаскоўскай псэўдаапазыцыі, прышпіленай да дыктатуры. Мільёны людзей, наслухаўшыся ад іх у папярэднія гады “Іді і скажі ему нет!”, выразна ўбачылі, што гэтая публіка зьяўляецца інтэгральнай часткай рэжыма. Беларусы адвярнуліся ад тых, хто заганяў іх на фальшывыя выбары — ад рэжыма і прадажнай псэўдаапазыцыі.
У пэўным сэнсе нам трэба вяртацца да сацыяльных каштоўнасьцяў беларускай супольнасьці 1988-га года, да салідарнага ўздыму таго часу. Як і тады, беларусы павінны згуртавацца вакол Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і народнага лідэра Зянона Пазьняка. Станоўчы і адмоўны досьвет двух дзесяцігоддзяў дыктуе нам гэтае калектыўнае рашэньне. Нішто ня спыніць пераможнай хады Беларускай рэвалюцыі.
Валеры Буйвал