“НАРОД ЗАЎСЁДЫ ЗДОЛЬНЫ АБАРАНІЦЬ СЯБЕ САМ, КАЛІ АДЧУЕ СЯБЕ НАРОДАМ.”
(Ліст да сяброў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ і беларускіх адраджэнцаў)
Скончыліся чарговыя фальшывыя выбары ў Беларусі. Галоўны вынік: непрызнаньне выбараў. Народны байкот адбыўся. Бальшыня беларусаў не прышлі галасаваць. Выбары сфальсіфікавалі. 28-га верасьня на Беларусі прагаласавала ня болш за 30 адсоткаў выбаршчыкаў (а ў Менску яшчэ менш). Беларусы не прызнаюць гэтыя выбары за сапраўдныя. Непрызнаныя яны таксама за дэмакратычныя і справядлівыя назіральнікамі АБСЭ.
Такім чынам, дзякуючы працы нашай Партыі Фронту над байкотам галасаваньня, дзякуючы правільнай ацэнцы настрояў людзей (якія не жадалі больш галасаваць) і арыентацыі на гэтыя настроі, а таксама, дзякуючы агульным фіксацыям парушэньняў заканадаўства, якое занатавалі ўсе змагары з вабарчым фарсам, дасягнута галоўная задача нашага змаганьня ў гэтых выбарах: непрызнаньне іх за дэмакратычныя і нелегітымізацыя фальшывай палаты-парляманту. Гэта вельмі важны вынік, які дазваляе беларусам захаваць пазыцыі ў змаганьні з расейскай акупацыйнай палітыкай і эканамічнай агрэсіяй.
Масква хацела мець прарасейскі легітымны паплямант ў Беларусі, каб праз яго (абмінаючы і ціснучы на нелегітымнага Лукашэнку) замацоўваць тут, нібыта ў “прававым” полі, вынікі сваёй палітыкі (захоп беларускай маёмасьці, увядзеньне ракетаў, войска і г. д.). Прарасейскі парлямант яны сумесна з рэжымам прызначылі. Але зь “легітымнасьцю” — ня вышла, не ўдалося.
Ня будзем удавацца ў пытаньне, чаму рэжым павёў сябе такім чынам і не прыслухаўся да шулерскіх падказак з Эўропы (не уключыў “апазыцыянераў” у парлямант). Прычыны такіх паводзінаў рэжыму — вядомыя і лягічныя. Тут ён спрацаваў на сябе. Нам жа галоўнае — які вынік. А вынік такі, што рэжым застаўся пры сваім, а Масква не атрымала жаданага. Гэты варыянт захаваньня пазыцыяў найменш дрэнны з тых, якія маглі быць.
Вядома, вынікі былі б лепшыя, калі б у нас дзейнічалі нармальныя беларускія партыі, а не псэўдаапазыцыя па-за нацыянальнага кшталту. У сытуацыі, якая ўзьнікла, рэжым можна было паслаць у накаўт (калі б у час фальшаваньня “папярэдніх выбараў” псэўдаапазыцыя падтрымала байкот і зьнялася б з выбараў). Аднак, народжаны поўзаць, лятаць ня можа. Вырашылі, што лепш атрымаць мокрай анучай па твары ад Лукашэнкі, чам парушыць крэдытна-падмацаваны і некампетэнтны загад Брусэля ісьці да канца (толькі круглыя брусэльскія “разумнікі”, маглі сур’ёзна паверыць, што Лукашэнка выканае іхнюю прапанову пра 22-х “апазыцыянераў” ў парляманце). Зрэшты, хто, як і для чаго гэтую квазіапазыцыю стварыў, мы добра ведаем. За восем гадоў існаваньня яна нічога не дала Беларусі, акрамя шкоды, паразы, заблытваньня думак у галовах людзей і адводу іх ад нацыянальнага бачаньня рэчаіснасьці. Ніякіх, нават мінімальных, дасягненьняў яна ня мела і ніякіх пэрспэктываў ператварыцца ў нацыянальную беларускую сілу ня мае. З гэтай публікай трэба разьвітвацца без шкадаваньня. Чым хутчэй яна зьнікне і разьбяжыцца, тым лепей для Беларусі. Гэтыя выбары (у якіх псэўдаапазыцыя ўдзельнічала “да канца”) якраз паказалі яе поўную залежнасьць ад чужой палітыкі і ад чужых інтарэсаў, яе незацікаўленасьць лёсам нацыі і, фактычна, нежаданьне яго разумець.
Становішча пасьля выбараў можна ацаніць для беларусаў як захаваньне ранейшых пазыцыяў усіх бакоў. Але гэта часова. Сытуацыя будзе мяняцца ў сувязі з насіленьнем агрэсіі расейскага гэбізму, якую мы ўжо даўно назіраем у нашай частцы Эўропы. Новае тут толькі тое, што пасьля расейскага нападу на Грузію гэтая разбойная палітыка, нарэшце, напалохала сонную Эўропу, занятую сваімі лібэральнымі псэўда-праблемкамі. Расейская агрэсія ў Чачэніі, варварскае забіваньне чачэнскіх людзей і вынішчэньне Чачэніі на вачах усяго чалавецтва ім аказалася замала, каб праймацца (відаць, інтэрас быў недастатковы.) Цяпер, пасьля расейска-грузінскай вайны, эўрапалітыка стала рухацца ў геапалітычным кантэксьце. А гэта азначае, што так званыя “каштоўнасьці дэмакратыі”, “правы чалавека” і іншая папулярная лева-дэмагогія адыходзіць на другі плян. На першы плян становіцца інтэрас бясьпекі дзяржаўнага, эканамічнага і культурнага існаваньня, пытаньне тэрыторыяў і разьмеркаваньне сілы.
У гэтай сытуацыі псэўдаапазыцыя, створаная Гансам Вікам і КГБ, пад дэмагагічны тэзіс “правоў чалавека”, ёсьць абсалютна не прыдатная да такой “экзыстэнцыяльнай” палітыкі, і нават для выкарыстаньня з прычыны сваёй пазыцыйнай дурноты, адсутнасьці нацыянальнай ідэалёгіі і адсутнасьці разуменьня сэнсу палітычнае барацьбы ў Беларусі. Вікаўская падстаўная апазыцыя — гэта тыповая маргінальная зьява, якую стварылі па-за межамі беларускіх нацыянальных інтарэсаў і выцягнулі на паверхню ў інтарэсах Эўразьвязу, Масквы і нават рэжыму (пра што ня раз сьведчыў Лукашэнка). Цяпер, у абставінах, пра якія мы ўсяму Захаду цярпліва даводзім з 1994-га года, Эўропа расплюшчыла вочы, занепакоілася і, не разважаючы, ідзе на кантакт з прамаскоўскім рэжымам Лукашэнкі, дэманструе тым самым поўнае фіяска ўсёй сваёй ранейшай павярхоўнай, прарасейскай і прымітыўнай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі. (Самае істотнае, што ў гэтай эўрапалітыцы і “дэмакратыі” няма месца для беларускага народа.)
У сярэдзіне 90-х гадоў існавала моцная нацыянальная беларуская альтэрнатыва прамаскоўскаму рэжыму. Гэта Беларускі Народны Фронт, які яднаў увесь антырэжымны рух. У той сытуацыі актуальным быў сэнс зьмены ўлады, бо ў гэтым выпадку (у выпадку пераходу ўлады да БНФ) Масква мусіла б згарнуць сваю акупацыйную палітыку на Беларусі. Менавіта праз Ганса Віка і менскую Місію АБСЭ нямецкая Эўропа, штурхаючы свае асобныя пляны, спрычынілася да разбурэньня БНФ — нацыянальнай альтэрнатывы прамаскоўскаму рэжыму і дыктатуры ў Беларусі. На гэта былі адпушчаныя вялікія сродкі. Эўрапалітыкі-разьведчыкі дзеля разбурэньня БНФ не спыніліся нават перад супрацоўніцтвам з КГБ (Ганс Вік) і з рэжымам Лукашэнкі. Урэшце вынік быў дасягнуты, Фронт распалавінілі і побач стварылі ненацыянальную, неадраджэнскую “дэмакратычную апазыцыю” з агентуры, саўковай інтэлігенцыі, з былой намэнклятуры і былых хаўрусьнікаў Лукашэнкі, з падкантрольных малых партыяў, з нацыянальна аморфных, наіўных і проста з нацыянальна нявызначаных і, больш таго, — варожых да беларушчыны людзей, куды ўпіхнулі нават Гайдукевіча і камуністаў ды грантавых шабашнікаў, заўсёды гатовых падзарабіць “на палітыцы” і на чым трапіцца. Восем гадоў пры дапамозе гэтай псэўдаапазыцыі левая Эўропа і Масква нішчылі беларускую нацыянальную палітыку на Беларусі, імітуючы барацьбу з рэжымам за “дэмакратыю” і правы бесталковага чалавека. І вось фініш. Саляна тэлефануе Лукашэнку, Сікорскі спатыкаецца з Мартынавым, п’е зь ім самагонку, закусвае зубрацінай.
“Нас кінулі!” — па-крымінальнаму лемантуюць гэтыя няшчасныя “апазыцыянеры” пасьля выбарчай камэдыі, не разумеючы, што адбываецца. Тым часам фарс пашыраецца. Я ўжо пісаў у папярэднім лісьце (“Яшчэ раз аб так званым “геапалітычным” выбары рэжыму” — ), чым скончыліся перамовы Сікорскага з Мартынавым аб супрацоўніцтве. Рэжым запатрабаваў ад Польшчы выдаць беларускіх палітычных уцекачоў “беларускаму правасуддзю”. Нават сьпіс прад’явілі (такое вось “супрацоўніцтва” з гэб’ём). Далейшае “пацяпленьне клімату” у адносінах з рэжымам будзе, відаць, вельмі небясьпечнае для беларускай палітычнай эміграцыі.
Аднак трэба разумець, што на этапе геапалітыкі любая апазыцыя рэжыму (акрамя нацыянальнай) патрэбная і Маскве, і Эўразьвязу. Завязка толькі на рэжымную ўладу (а фактычна, на Лукашэнку) пазбавіла б усходніх і заходніх палітыкаў манэўру, уплыву на “прадмет палітыкі” і на разьвіцьцё пэрспэктывы. Таму ні Эўразьвяз, ні Масква падстаўную “апазыцыю” ня “кінуць”. Яна ім патрэбная для маніпуляцыяў, падціскаць узурпатара і нішчыць, прафанаваць беларускае Адраджэньне.
Акрамя ўжо існуючай лініі паралельных кантактаў, арыентаванай на Эўразьвяз (А. Мілінкевіч), Масква пачала выбудоўваць таксама другую лінію, нацэленую праз Эўразьвяз — на ЗША. Дзеля гэтага, відаць, быў выпушчаны з турмы А. Казулін. Сумніўна, што ў Лубянкі з гэтага нешта пуцёвае будзе (улічваючы асабістыя якасьці Казуліна), але спробы такой стандартнай гульні назіраюцца.
Тым часам ва ўмовах, дзе геапалітычны крытэрай ёсьць галоўны, цалкам не зацікаўлены ў існаваньні любой апазыцыі павінен быць А. Лукашэнка. Узурпатару лепш завязаць інтарэсы Захаду і Ўсходу на сябе аднаго і маніпуляваць адносінамі. Таму ягоная нядаўняя заява аб зьнікненьні “апазыцыі” у бліжэйшы час мае асэнсаваны зьмест. Ён бы ліквідаваў яе, аднак зрабіць гэта цалкам яму не дадуць Масква і Захад, якім патрэбны гэты канал. Але ў новых рэпрэсіях і арыштах можна не сумнявацца.
І ўсё ж дзеля цывілізаванага вобразу і камуфляжу ўзурпатару патрэбна мець нейкі фантом апазыцыі з нібыта “канструктыўным” абліччам (тады АМАП і спэцназ будуць біць і хапаць на вуліцах не “апазыцыю”, а “экстрэмістаў” і “тэрарыстаў”). Можна не зьдзіўляцца, калі такую “канструктыўную апазыцыю” раптам сфармуюць.
Трэба, аднак, разумець, што ўсялякія маніпуляцыі непрыяцеляў беларускага Адраджэньня з падстаўной апазыцыяй ды іншымі фантомамі, нягледзячы на шкоднасьць, ня будуць мець вырашальнага значэньня ў змаганьні на Беларусі. Зыход барацьбы залежыць толькі ад самых беларусаў. І цяпер, калі вымоўна агалілася агрэсіўная імпэрская палітыка расейскага гэбізму, калі шмат хто па-сапраўднаму зразумеў небясьпеку, паўстае пытаньне аб агульным дзеяньні, трэба задумацца пра сутнасьць паводзінаў, пра агульны беларускі шлях.
Гэты шлях заўсёды, і асабліва цяпер, ёсьць шлях да беларускай нацыянальнай ідэі. Усе іншыя шляхі, на якія штурхаюць людзей ворагі Бацькаўшчыны, ёсьць шляхі ў небыцьцё. Нацыянальная ідэя пачынаецца з нацыянальнай мовы. Беларуская мова ёсьць нацыянальная каштоўнасьць нумар адзін. Гэта ёсьць душа, сродак перадачы і тэрыторыя нашай культуры.
Усялякая нацыянальная ідэя грунтуецца на нацыянальнай сьведамасьці, якая ў сваю чаргу грунтуецца на чалавеку, які усьведамляе сябе нацыяй. Усьведамленьне сябе нацыяй азначае, што кожная асоба нацыі ўспрымае сябе народам — часткай агульнай культурнай лучнасьці, якая стаіць на гісторыі.
Усялякая нацыя імкнецца рэалізаваць сваё жыцьцё, гісторыю і будучыню ў незалежнай нацыянальнай дзяржаве. Такім чынам, мова, сьвядомасьць, гісторыя, культура і незалежная нацыянальная дзяржава — вось галоўныя складнікі нацыянальнай ідэі, якія для кожнага нацыянальна культурнага чалавека зьяўляюцца прынцыпамі грамадзкага існаваньня. Палітыка, эканоміка, сацыяльнае ўладкаваньне і г.д. ёсьць вытворнае ад нацыянальнай ідэі.
Ня стаўшы на нацыянальны шлях, грамадзтва не дасягае свабоды, — каштоўнасьці, якую можна рэалізаваць толькі ў незалежнай нацыянальнай дзяржаве.
Беларусам трэба станавіцца салідарнымі на нацыянальных каштоўнасьцях і яднацца ў нацыянальнай ідэі. Найперш гэта павінна зрабіцца агульным станам, зь якога можа вылучыцца салідарны рух за вольную будучыню і разьвіцьцё Беларусі. На нацыянальнай ідэі павінны узьнікаць асяродкі, арганізацыі, суполкі, ініцыятывы, калектывы і рухі — крыніцы і ручаінкі, што імкнуцца да вялікай вады. Інакш ня ўзьнікне рака, ня стане магутная плынь.
* * *
Цяпер, у міжчасьсі, трэба нагадаць грамадзтву, што дамова, заключаная Лукашэнкам і Ельцыным у сьнежні 1999 года аб нейкай “саюзнай дзяржаве”, ёсьць ня толькі незаконная, неканстытуцыйная, нелегальная, але зьяўляецца сьведчаньнем злачынства, учыненага супраць Канстытуцыі і народу Беларусі. Усё, што робіцца пад прыкрыцьцём псэўдаструктураў гэтай абалонкі “саюзнай дзяржавы” ёсьць нелегальным, антызаконным дзеяньнем, ня мае ніякага праўнага значэньня і будзе асуджана новай беларускай дэмакратычнай уладай.
Расейскія намеры ўвесьці на Беларусь свае ракеты і войска пад выглядам небясьпекі і абароны ад лякатараў амэрыканскага супрацьпаветранага шчыта ў Чэхіі і Польшчы груба супярэчаць Канстытуцыі Беларусі, якая забараняе такія дзеяньні. Расея гэтым самым плянуе прыхаваную форму акупацыі Беларусі. Але беларускае грамадзтва не дапусьціць чужога войска і ракетаў на сваю тэрыторыю. Ужо цяпер мы павінны аднавіць дзеяньні (створаных у 2002 г.) “камітэтаў абароны” ў Менску і па Беларусі, даваць інфармацыю людзям пра антыбеларускія пляны расейскіх імпэрыялістаў, каб спыніць замашкі Масквы. Адной з формаў пратэсту можа стаць збор подпісаў у Канстытуцыйны суд аб недапушчэньні злачынных перамоваў на тэму ўвядзеньня ракет.
Мы мусім таксама аднавіць дзеяньне акцыі “Асіміляцыя — злачынства супраць чалавецтва” і пачаць зноў рассылку гэтага дакуманта па вызначаных адрасатах у Беларусі, ад якіх залежыць прыняцьце рашэньняў.
Новым нашым дзеяньнем павінна стаць усеагульная грамадзкая акцыя “Абаронім Менск ад разбурэньня”. Трэба моцна супроцьстаяць намерам маскоўска-лужкоўскай мафіі разбурыць з дазволу Менскага Гарвыканкама цэнтар Менска і пабудаваць там вышынны асяродак для маскоўскага крымінальнага і азартнага бізнэсу з мноствам хмарачосаў. Калі гэты шматмільярдны маскоўскі плян быдзе выкананы, Менск ператварыцца ў чужы крымінальны горад, у якім беларусам-менчукам стане немагчыма жыць. Гэта таксама адна са старонак агульнага расейска-гэбоўскага пляну акупацыі Беларусі, шляхам стварэньня архітэктурна-будаўнічых дэсантаў, перасяленьня і пабудовы крымінальна-бізнэсовых расейскіх паселішчаў на нашай тэрыторыі. Сваю акупацыйную палітыку рускі гэбізм навучыўся прыкрываць нібыта інтарэсамі вольнага бізнэсу. Але ў Расеі цяпер няма вольнага (некантралюемага КГБ) бізнэсу, гэтак жа, як і ў Беларусі, дарэчы, таксама.
Формы пратэсту могуць быць розныя: ад збору подпісаў у Менгарвыканкам да стварэньня грамадзкіх ворганаў мясцовага самакіраваньня.
У нашай грамадзкай адраджэнскай працы мы павінны памятаць, што любая ініцыятыва набывае сэнс, калі пранікае ў гушчу людзей і пачынае самаразьвівацца. У гэтым уменьні павінна быць цяпер нашая тактычная мэтода і палітычнае пакліканьне. Бо памятайма: народ заўсёды здольны абараніць сябе сам, калі адчуе сябе народам.