БЕЛАРУСЫ АДВЯРНУЛІСЯ АД РЭЖЫМА І ЯГО ПСЭЎДААПАЗЫЦЫІ

Апошняя дэкада верасьня прайшла на Беларусі пад знакам выбарчага фарсу. Рэжым разгарнуў чарговую кампанію запалохваньня беларускіх выбарцаў, мабілізаваўшы кіраўніцтва розных узроўняў, усе калібры зазывалаў-заганялаў, камэндантаў, адміністратараў і інш. Але аказалася, што эфэктыўна ўдалося загнаць на галасаваньне толькі найбольш падняволеныя часткі грамадзтва: студэнтаў, што жывуць у інтэрнатах, і бяспраўнае жаўнерства. А вось з іншымі ўзьніклі сур'ёзныя клопаты. Назіральнікі адзначылі шэраг фактаў, калі пажылыя людзі (традыцыйна найбольш дысцыплінаваны электарат) прыходзілі на выбарчыя ўчасткі толькі для таго, каб памахаць сваім кіём і выказаць праклён усёй сістэме зь ейнымі “выбарам” і “кандыдатамі”.

З рэжымам усё зразумела. Але людзі прыглядаліся да вінцучкоў-мілінкевічаў-казуліных-лебедько, якія назваліся апазыцыяй і якія нібыта разважалі пра байкот (асабліва на міжнароднай арэне), а самы ўпарта не здымалі кандыдатаў ад сваіх груповак. Гэтым разам прагматыкі не рашыліся на жульніцкі лёзунг “Іді і скажі ему нет!” Тэарэтызавалі нешта пра “кантроль за ўладамі і выбарамі”. Рэй вёў чарговы “лідэр усіх дэмакратычных сілаў” камуніст тав. Калякін (“Под знаменем марксизма-ленинизма вперёд к победе коммунизма!..”). У выніку народ праваліў гэтую фальшывую публіку разам з фальшывым рэжымам.

Па ўсёй краіне выбарчыя ўчасткі стаялі пустымі. Рэдкія візіцёры не маглі паверыць сваім вачам. Народ прагаласаваў нагамі, перакуліўшы рэжымную электаральную пірамідку. Цікава было глядзець БТ менавіта 28 верасьня. Пад вечар зайгралі фанфары, але неяк цьмяна і разгублена. Яшчэ з савецкіх часоў выбарчыя рэпартажы пачыналіся з хрэстаматыйных сюжэтаў: аптымістычныя грамадзяне цэлымі сем'ямі і вуліцамі крочаць пад чырвоны сьцяг над выбарчымі ўчасткамі, разгортваецца актыўная мітусьня каля урнаў і падобнае. БТ ня здолела схаваць правальны канфуз сваіх працадаўцаў. Вечаровы рэпартаж пачаўся з вымушаных маналёгаў начальнікаў ЦВК і рэжыма. Яны ведалі праўду пра пустыя ўчасткі па ўсёй краіне, але трымаліся з штучнай бадзёрасьцю. Пасьля пустой гаварыльні пачаліся тэлесюжэты з сталіцы і вобласьцяў. Тэлекамэра паказала вельмі аб'ектыўную карціну (выпадак выключны ў гісторыі рэжымнага БТ): бязлюддзе і сацыяльны вакуум на ўсіх выбарчых участках. Найбольш нашым тэлегледачам мабыць запомнілася тэлезастаўка пра “Выборы ідут по стране!” Кампазыцыя была геніальна простая. У ракурсе зьнізу-уверх і скосу па дыяганалі на працягу некалькіх хвілінаў паказвалі ганак нейкай школкі пад лукашысцкім сьцягам РБ. На дальнім пляне па прыступках стомлена крочыла на выбарчы ўчастак чорная згорбленая постаць. А на пярэднім пляне задраўшы хвост стаяў сабачка і “глядел вдаль”. Гэтую застаўку 28 верасьня і на наступныя дні паказалі некалькі дзясяткаў разоў. Крытычны рэалізм, варты жывапісцаў-перасоўнікаў. А куды дзенешся...

Рэжым назваў свае фальшывыя “пераможныя адсоткі” па выніках выбарчага фарсу. Але беларусы не далі сабе падмануць. На працы, на вакзалах, у транспарце можна было пачуць галасы людзей, якія перасталі баяцца рэжыма зь ягонай электаральнай дубінай: “Мы на гэтыя выбары не пайшлі. Не далі зрабіць з сабе дурняў! Досыць! І гэтая прадажная апазыцыя астачарцела...”

Патрыёты, сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, якія цяпер і на працягу шэрагу папярэдніх гадоў працавалі сярод нашых людзей, тлумачачы неабходнасьць байкоту антыбеларускага рэжыму, дасягнулі посьпеху. Беларускае грамадзтва зрабіла вялікі крок наперад, не дазволіўшы ашукаць сябе, ня ўзяўшы ўдзелу ў фальшывых гульнях рэжыму і ягонай псэўдаапазыцыі. Мільёны людзей, якія байкатавалі гэты фарс, таксама адчулі сваю перамогу, маральную і палітычную перамогу над ашуканцамі. Зроблены важны, але першы крок на шляху да вольнай Беларусі. Наперадзе народнае змаганьне.

Янка Базыль