НОБЭЛЕЎСКІЯ ПРЭМІІ

7 кастрычніка 2008 г. Французкая газэта “Le Monde” пісала пра прызначэньне Нобэлеўскіх прэміяў па мэдыцыне і па фізыцы. Вялікія грашовыя прэміі атрымалі навукоўцы, што зрабілі адкрыцьці ў вобласьці барацьбы з ракам і СНІДам, дасягнулі прагрэсу ў фізычнай навуцы.

Наш камэнтар: Штораз увосень інтэлектуальная публіка пытае сама сабе: а вось хто сёлета атрымае Нобэля па літаратуры? Зноў нейкі мацюкальшчык з гусіным пяром, блазан ад графаманства, нікому не вядомы Гамлет Мцэнскага павета? Сапраўды, цяжка прыпомніць, калі ў апошні раз Швэдская Акадэмія давала сваю літаратурную прэмію якому-небудзь нармальнаму літаратару. З натуральнымі навукамі такое не прайшло б. За вырошчваньне трэцяга рога ў каровы або штучнае развядзеньне маскітаў ніхто пакуль, слава Богу, не выплочвае па паўтара прэміяльных мільёнаў. А ў гуманітарнай творчай сфэры “усё можна”. Сапраўды, на Захадзе каторы год лютуе глыбокі інтэлектуальны, духоўны крызіс.

Алесь Хадасевіч