АЎСТРЫЙСКАЯ МОЛАДЗЬ ЗА ЗДАРОВЫ ЛАД

7 кастрычніка 2008 г. Нямецкая газэта “Tageszeitung” піша пра вынікі парляманцкіх выбараў, што адбыліся 28 верасьня ў Аўстрыі. Упершыню выбарчы ўзрост быў абніжаны да 16 гадоў жыцьця. Дык вось аўстрыйская моладзь (асобы да 30 гадоў) масава — 43% — прагаласавалі за правыя партыі: народнікаў, хрысьціянаў, патрыётаў. Газэта адзначае, што няма ў гэтай зьяве ніякага нэафашызма з высокімі зашнураванымі ботамі і г.д. На здымку ў газэце: аўстрыйская моладзь на мітынгу трымае плякаты, на якіх напісана пра неабходнасьць ўмацаваньня трэцяй сацыяльнай клясы ў краіне, пра незалежнасьць дзяржавы і дарогу для маладых. Маладых прывабіла таксама чыста эмацыйна тое, што лідэры правых партыяў — людзі маладыя, актыўныя і энэргічныя.

Наш камэнтар: Аўстрыйская моладзь стамілася ад сацыялістычна-лібэральнай балбатні і хаосу. Ніхто з маладых выбарцаў сапраўды не гукаў цень Гітлера і не маршыраваў з крыкамі “Хайль!” Вялікая частка грамадзтва (перш за ўсё маладыя) прагаласавала за правых, якія адкрыта казалі пра неабходнасьць выратаваньня нацыянальнай культуры, пра нацыянальныя прыярытэты, пра пагрозу з боку інтэгралісцкага агрэсіўнага ісламу, пра неабходнасьць абароны хрысьціянскай Эўропы. Прычым, гэтыя дзеячы прадэманстравалі сваю пасьлядоўнасьць ня толькі на словах, але і на справе, працуючы ў апошнія гады ў структурах дзяржаўнага і лакальнага кіраўніцтва Аўстрыі. Не ўдалося сацыялістычнай прапагандзе выставіць патрыётаў настальгікамі па фашызму ды абмежаванымі дурнямі. Маладыя разабраліся і зрабілі свой выбар.

Юрка Марозаў