КАЛГАС КРЫВЫХ ЛЮСТЭРКАЎ

17 верасьня 2008 г. Латвійская газэта “Diena” публікуе фотаздымкі з выставы ў галерэі “Аўгуста”, прысьвечанай жыцьцю ў падсавецкай Латвіі з 1980 па лістапад 1988 г. На адным здымку па школьнай зале маршыруюць піянэркі ў чырвоных гальштуках. На другім каласальны тав. Брэжняў гукае з транспаранта на сьцяне дома: “Где партия — там успех, там победа”.

Наш камэнтар: У тыя далёкія ўжо гады некаторым здавалася, што саўдэпія назаўжды ўкарэнілася ў латвійскае грамадзтва. Што паратунку ня будзе ад гэтай акупанцка-маскоўскай навалы. Але латышы і іншыя балтыйскія народы вельмі апэратыўна пазбавіліся ад гэтых навязьлівых формаў савецкага жыцьця. Апэратыўна, бо захавалі галоўнае, захавалі сутнасьць нармальнага нацыянальнага існаваньня — свае нацыянальныя мовы. Пасьля адраджэньня незалежнасьці народы выкінулі на сьметнік чырвоную піянэрыю і транспаранты з тав. Брэжнявым і вярнуліся да эўрапейскай цывілізацыі. Можна зразумець, чаму цяперашнія акупанты Беларусі з такой пасьлядоўнасьцю душаць нашу беларускую мову, так імпэтна “адраджаюць” піянэрыю-камсамолію і ўвесь савецкі маразм. Іхная задача — забясьпечыць сваю ўладу праз вяртаньне Беларусі ў чырвонае каралеўства крывых люстэркаў. Каб супраціўляцца гэтаму, беларусы павінны паўсюдна бараніць сваю мову, размаўляць на ёй, грэбліва адкідваць прэч усе формы акупанцкай маскальшчыны.

Алесь Хадасевіч