МАСКОЎСКІ “ТЭАТР”
17 верасьня 2008 г. Нямецкая газэта “Sueddeutsche Zeitung” напісала, што пасьля прызнаньня Масквой незалежнасьці Абхазіі і П. Асэціі ў каўказкім рэгіёне ўзмацніўся гвалт. У Дагестане адбыўся бой на горнай дарозе, у выніку загінулі 11 асобаў.
Наш камэнтар: Такі вось “гарант міра на Кавказе”, як любіць апошнім часам называць сабе Крэмль. У Маскве адбылося пампезнае падпісаньне “дамовы аб міры і супрацоўніцтве” паміж Расеяй, Абхазіяй і П. Асэціяй. Рытуал адбываўся па ўсіх правілах: дзяржаўныя сьцягі трох бакоў дамовы, урачыстыя прамовы, шампанскае... Успомніўся Лукашэнка, які на падобным мерапрыемстве ў 1996 г. бразнуў быў аб падлогу свой кілішак, як на вясковым вясельлі (Ельцына тады моцна перакасіла ад гэтага жэста ягонага васала). Пад гаварэньне аб “незавісімості” паўднёва-асэцінскі васал Крамля Какойты ў апошнія дні ня вытрымаў і стаў адкрыта казаць, што П. Асэція абавязкава далучыцца да Расеі, увойдзе ў Расейскую Фэдэрацыю, “незавісімость — это не абсолют...” і г.д. (успамінаецца нягоднік Булахаў, які пра незалежнасьць Беларусі казаў тое самае). Такая цана авантуры з “незалежнасьцю” пад аркестроўку Крамля-Лубянкі.
Юрка Марозаў