ЛЕКЦЫІ ГІСТОРЫІ
23 верасьня 2008 г. Чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes” публікуе артыкул пад тытулам “Захад лічыў бессэнсоўнай вайну з Гітлерам за Чэхаславакію”. Артыкул прысьвечаны 70-м угодкам абвяшчэньня ў Чэхаславакіі мабілізацыі арміі ў сувязі з пагрозай акупацыі з боку гітлерскай Нямеччыны. Гісторык Ян Б. Ухлірж распавядае, што чэхаславацкая армія была вельмі добра падрыхтавана і ўзброена для абарончай вайны, мела выдатныя абарончыя збудаваньні. І галоўнае, народ і войска гатовыя былі ваяваць і абараняцца. Гісторык мяркуе, што нават без якой-кольвечы зьнешняй падтрымкі нацыянальная армія магла эфэктыўна ваяваць супраць гітлерцаў на працягу месяца. Роўна столькі было патрэбна часу, каб правесьці мабілізацыю арміі Францыі, хаўрусьніцы Чэхаславакіі. Але Захад у чарговы раз адкупіўся (чужым, не сваім) ад лютага агрэсара, спадзяючыся, што агрэсар спыніцца. Заходнія дэмакраты ў Мюнхене аддалі Гітлеру спачатку Судэцкую вобласьць Чэхаславакіі, а потым той захапіў усю краіну. А ўжо праз паўтара гады найсучасьнейшае ўзбраеньне і тэхніка, захопленыя немцамі ў чэхаславацкай арміі, эфэктыўна выкарыстоўваліся падчас бліц-крыгу ў Бэльгіі, Нідэрляндах і Францыі.
Наш камэнтар: Нічаму не навучыліся заходнеэўрапейскія палітычныя эліты. У іх нібыта памяць адбіла. Яны гатовыя здаць цэлыя народы і краіны ў палон маскоўска-фашыстоўскаму агрэсару. Але мюнхенскі подлы варыянт не паўсюль праходзіць. Грузінскі народ, грузінская армія і палітычнае кіраўніцтва невялікай краіны не чакалі літасьці ад агрэсара, ня слухалі дэмагагічныя размовы салянаў і бэнітаў. Калі грузіны даведаліся, што каля парогу іхнага нацыянальнага дома сабралася 100-тысячная маскоўская армія, яны пачалі змагацца. Расейскае начальства ўсіх узроўняў не чакала такога эфэктыўнага адлупу. Яны зьбіраліся прайсьці танкавымі калёнамі праз усю Грузію і захапіць Тбілісі. Ды ўсё правалілася. Бо таго, хто змагаецца, вымушаны былі падтрымаць нават тыя, хто не зьбіраўся падтрымліваць Грузію. Вялікая лекцыя беларускаму народу.
Юрка Марозаў