АБ ФАЛЬШЫВЫХ ВЫБАРАХ У БЕЛАРУСІ
Выбары, якія з 23-га па 28-га верасьня гэтага года праводзіў у Беларусі прамаскоўскі рэжым, нягледзячы на беспрэцэдэнтныя парушэньні існуючага заканадаўства і адкрытыя масавыя фальсіфікацыі, у рэальнасьці не адбыліся. Беларускія выбаршчыкі не прышлі галасаваць. Народны байкот адбыўся. 28 верасьня па ўсёй Беларусі прагаласавала ня больш за 30 адсоткаў выбаршчыкаў, а ў Менску — яшчэ менш.
Для фальсіфікацыі выбараў рэжым выкарыстаў падмененыя бюлетэні ў скрынях так званага “папярэдняга галасаваньня”. Але й гэтай падмены ў большасьці не хапіла для адпаведнасьці заканадаўству, каб выбары адбыліся. Тады ва ўчастковых камісіях адвольна падвысілі колькасьць прагаласаваўшых, а ЦВК аб’явіла фантастычную лічбу — 75,3 адсоткаў прагаласаваўшых. Заблытаўшыся ў маніпуляцыях, рэжым пайшоў на адкрытую хлусьню, не абцяжарваючы сябе ніякай аргумэнтацыяй. Але на гэты раз хлусьня бачная ўсім, а фальсіфікацыя лічбы прагаласаваўшых выкрываецца дадзенымі назіральнікаў, якія дакумэнтальна сьведчаць, што беларусы ў большасьці не прынялі фальшывыя выбары і не пайшлі галасаваць.
Выбары не адпавядалі існуючаму ў Беларусі заканадаўству і міжнародным нормам дэмакратычных выбараў (так званым “стандартам АБСЭ”).
Акрамя выяўленьня грубай фальсіфікацыі колькасьці прагаласаваўшых, усімі антырэжымнымі ўдзельнікамі выбарчага працэсу зафіксаваныя шматлікія масавыя парушэньні існуючага заканадаўства і канстытуцыйных прынцыпаў выбараў. Галоўныя парушэньні заключаліся ў наступным: выбарчыя камісіі былі сфармаваныя выключна рэжымнай вертыкальлю. Старшынямі камісіяў былі прызначаныя начальнікі ўстановаў або прадпрыемстваў, а членамі камісіяў іх падначаленыя. У камісіі не былі ўключаныя людзі, апазыцыйна настроеныя да існуючай улады і прадстаўнікі партыяў. Паўсюдна камісіі груба парушалі выбарчы закон, выконвалі каманды “вертыкалі”. Галоўнае парушэньне па ўсіх выбарчых участках тычылася колькасьці выбаршчыкаў. Агульная колькасьць выбаршчыкаў паўсюдна была істотна заніжаная, а колькасьць галасаваўшых завышаная. Назіральнікі не былі дапушчаныя да назіраньня за падлікам галасоў.
Гэтыя фальшывыя выбары катэгарычна ня могуць быць прызнаныя міжнароднай супольнасьцю і катэгарычна не прадугледжваюць ніякіх агаворак аб нейкіх міфічных “пазытыўных” момантах, якіх у сапраўднасьці не існавала.
Кіраўніцтва Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ выказвае падзяку ўсім сябрам партыі, якія працавалі над падрыхтоўкай народнага байкоту фальшывага галасаваньня.
Кіраўніцтва Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ.
Зянон Пазьняк,
Юры Беленькі,
Сяргей Папкоў
2 кастрычніка 2008 г.