З. ПАЗЬНЯК: “СЬЛЯПЫЯ ВЫКАНАЎЦЫ БЕСТАЛКОВЫХ УКАЗАНЬНЯЎ ЭЎРОПЫ”
Старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк камэнтуе вынікі выбараў у Палату прадстаўнікоў.
Першы і галоўны вынік выбарчай кампаніі, гэта тое, што галасаваньне было груба, цынічна і нахабна сфальсыфікаванае. Вынікі такіх выбараў і сам працэс іх правядзеньня ня могуць быць прызнаныя ні дэмакратычнымі, ні сапраўднымі, ні нармальнымі. Дэпутаты, якіх падабраў рэжым, ня маюць народнага даверу і ня ёсьць легітымнымі дэпутатамі.
Другі істотны вынік — гэта тое, што ў нядзелю, 28 верасьня, адбыўся байкот галасаваньня выбаршчыкамі. Па Беларусі прыйшло галасаваць на ўчасткі ня больш за 30 працэнтаў выбаршчыкаў, а па Менску і таго меней, адсоткаў 25. Выбарчыя ўчасткі ў Менску пуставалі. Гэта засьведчана ўсімі нашымі назіральнікамі ад Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, якая падрыхтоўвала байкот галасаваньня. Такім чынам ў дзень выбараў, 28 верасьня, дзьве траціны выбаршчыкаў не прыйшло галасаваць.
Выбары ў Палату не адбыліся. Выбарчы фарс рэжыму па абдурваньні народу поўнасьцю праваліўся. Тое, што ня гледзячы на відавочны для ўсіх правал, Цэнтральная выбарчая камісія аб'явіла, што быццам бы прагаласавала 75 адсоткаў выбаршчыкаў, сьведчыць аб адкрытай і нахабнай узурпацыі ўлады ў Беларусі групай прарасейскіх асобаў, якія ня лічацца ні з чым, абы захаваць гэтую сваю уладу. Яны чарговы раз засьведчылі сябе як уладу антыбеларускую.
Мушу сказаць, што калі б людзі і арганізацыі, якія ўдзельнічалі ў ілжывых выбарах і йшлі да канца, каб яны падтрымалі байкот выбараў, то ўдар па рэжыму быў бы значна мацнейшы. Рэжым захістаўся б, але, як і трэба было чакаць, падстаўная апазыцыя аб'ектыўна падтрымала рэжым, дала яму поле для манэўраў і хлусьні. А цяпер яна крычыць: “Нас кінулі!” Але яны самі сябе кінулі. Паводзіны гэтай публікі пакзваюць, наколькі яна несамастойная і далёкая ад беларускай палітыкі. Гэта сьляпыя выканаўцы бесталковых указаньняў Эўропы, якая абсалютна не разумее, што адбываецца на Беларусі.
Фальшывыя выбары, якія праводзіў прамаскоўскі рэжым, аніяк ня могуць быць прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, што дарэчы пацьвердзілі і назіральнікі АБСЭ, якія канстатавалі неадпаведнасьць іх дэмакратычным стандартам.
29.09.2008
(Паводле Радыё Свабода)