УВАГА! “КАНФІДЭЦЫЙНАЯ ІНФАРМАЦЫЯ” — НОВЫЯ МЭТАДЫ ФАЛЬСІФІКАЦЫІ
Уласна кажучы, мэтады ня новыя, але рэжым, баючыся байкоту, пачаў татальна іх выкарыстоўваць. Высьветлілася, што на ўсіх участках (дзе ўдалося даведацца) колькасьць выбаршчыкаў моцна заніжана па параўнаньні зь мінулымі выбарамі (у сярэднім у сьпісах не хапае 300-400 выбаршчыкаў). Асэнсаваных тлумачэняў у камісіях гэтаму факту атрымаць не ўдалося. Ва ўсіх астатніх участковых камісіях, куды зьвярталіся, адмовіліся даваць зьвесткі пра колькасьць выбаршчыкаў і пра колькасьць атрыманых у камісіях бюлетэняў. Тады мы зьвярнуліся ў Цэнтральную выбарчую камісію (па тэлефоне) да сакратара камісіі сп. Лазавіка М.І. Паведамілі яму прыклады незаконных дзеяньнях камісіяў на ўчастаку № 642 выбарчай акругі № 109 г. Менска, і на ўчастаку № 4 Дзяржынскай выбарчай акругі № 65.
А ён і кажа, што адказу быць ня можа, бо інфармацыя пра колькасьць выбаршчыкаў на ўчастку і пра выбарчыя бюлетэні — гэта ўсё “канфідэцыйная інфармацыя”, закрытага кшталту. На пісьмовы запыт у ЦВК па гэтым пытаньні адказ атрымалі не па сутнасьці запыту, а, як адпіску, без прыняцьця адпаведных мераў для выпраўленьня парушэньня заканадаўства.
Засакрэчанасьць зьвестак пра колькасьць выбаршчыкаў на ўчастку дае вялікія магчымасьці для шырокай і грубай фальсіфікацыі. Фактычна галасаваньне адбываецца ў сьляпую і выбаршчык трактуецца тут у ролі падвопытнага аб'екта, дзеля маніпуляцыі. Ісьці галасаваць у такіх умовах, значыць цалкам не паважаць сябе. Не выпадкова на рэжымнае галасаваньне людзей прымушаюць ісьці і нават завозяць аўтобусамі з прадпрыемстваў.
Асабліва брутальныя паводзіны адміністрацыяў вышэйшых навучальных установаў. Студэнтаў, якія жывуць у інтэрнатах, татальна прымушаюць ісьці галасаваць на так званае “папярэдняе галасаваньне” з пагрозай высяленьня пры непадпарадкаваньні.
27 верасьня 2008.
(Інфармацыя Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ).