ПАДАЗРОНАЕ МАЎЧАНЬНЕ

2 верасьня 2008 г. Польская газэта “Dziennik” пісала пра саміт у Брусэлі на тэму расейска-грузінскага канфлікту. Цытуем артыкул Енджэя Белецкага пад тытулам “Эўразьвяз асуджае Расею”: “Дзяржавы Эўразьвязу прыпынілі перамовы ў справе стратэгічнага партнёрства з Расеяй. Гэта ёсьць галоўны вынік учорашняга саміту ў Брусэлі. За ўвядзеньне гэтай санкцыі найбольш ваяўніча выступалі Польшча і Вялікая Брытанія. “Мы мелі дачыненьне з даўно падрыхтаваным актам агрэсіі Расеі супраць Грузіі.” — заявіў прэзыдэнт Лех Качыньскі. Калі Расея да сярэдзіны кастрычніка ня выведзе свае войскі з Грузіі, ЭЗ можа накласьці на Маскву санкцыі... Задзірацца з Крамлём ня хочуць перад усім тыя краіны Эўразьвязу, якія маюць у Расеі вялікія энэргетычныя інтарэсы — Італія, Грэцыя і Галяндыя”. Аглядальнік Ян Ракіта камэнтуе выступ на тую ж тэму і ў той жа дзень расейскага міністра МЗС С. Лаўрова: “Дэклярацыі Лаўрова халодна вызначаюць сутнасьць расейскай палітыкі. Так, як Расея хацела б, каб яе ўспрымалі за мяжой. Гэтым разам за гадзіну да пачатку канфэрэнцыі кіраўнікоў эўрапейскіх краінаў у Брусэлі Лаўроў перадаў ім з Масквы два выразныя пасланьні. Першае — каўказкая вайна ёсьць “гадзінай ісьціны”, бо Расея такім чынам праз гады “вяртаецца на сусьветную сцэну”. Другое — гэтая вайна фармулюе “новы стандарт абароны расейскіх нацыянальных інтарэсаў”, а “Амэрыка павінна навучыцца з гэтым жыць”... На прыканцы артыкула аўтар зазначае, што “найбольш эфэктыўна было б, каб за захоп Асэціі і Абхазіі Расея мусіла б заплаціць двойчы: прысьпешаным адплыцьцем Украіны на Захад і ўтаймаваньнем Газпрома, які апошнім часам куражыцца ў Эўропе”.

Наш камэнтар: Заходнія палітыкі і журналісты за апошнія дні зразумелі і агучылі шмат чаго. Вельмі шмат адэкватных ацэнак і прагнозаў. Але насьцярожвае, што ў гэтай плыні лёгікі застаецца цёмны куток, куды яны (нават палякі) не зазіраюць, нібыта такой тэмы няма. Маецца на ўвазе Беларусь, якую яны неяк ня хочуць разглядаць як наступную мэту расейскай агрэсіі. Некаторыя (як прэм'ер Летувы) нават гукаюць, што “Беларусь выйшла на шлях прагрэсу”. Ці мае тады нейкую выніковасьць уся пабудаваная апошнімі днямі на Захадзе лагічная канструкцыя?

Юрка Марозаў