У ПСЭЎДААПАЗЫЦЫІ ЁСЬЦЬ ЛЮДЗІ ГАТОВЫЯ ВЫКОНВАЦЬ ЛЮБЫЯ ПРАЕКТЫ НЕПРЫЯЦЕЛЯЎ БЕЛАРУСІ
(Верасьнёўскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ)
14 верасьня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — “Сутнасьць выбараў” (публікуецца). З дакладамі выступілі сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі, і сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў старшыні на Беларусі Фронту і Партыі.
Выступоўцы адзначылі слушнасьць пазыцыі Фронту і Партыі ў адносінах да выбарчага фарсу, які разгортваецца ў нашай краіне. Заклік да байкоту і няўдзелу ў галасаваньні на рэжымных псэўдавыбарах пачуты беларускім грамадзтвам. Людзі ня хочуць, каб антыбеларускі рэжым і прышпіленая да яго прамаскоўская псэўдаапазыцыя ў чарговы раз прымітыўна і груба ашукалі іх. Ужо цяпер беларусы актыўна гоняць ад парога рэжымных і псэўдаапазыцыйных зазывалаў, якія ходзяць па кватэрах грамадзянаў і спрабуюць “агітаваць” за “кандыдатаў” і заклікаюць на “выбары”. Гэтым разам псэўдаапазыцыянеры ня могуць ужо выставіць свой фальшывы лёзунг мінулых гадоў (“Іді і скажі ему своё нет!”). Яны вымушаны выкручвацца. Некаторыя зь іх на словах нібыта выступаюць за байкот выбарчага фарсу, але на самай справе псэўдаапазыцыйныя партыі не здымаюць сваіх зарэгістраваных рэжымам “кандытатаў”.
Такой двуаблічнасьці і падступнасьці ня ведае электаральная практыка. Рэжым і ягоныя псэўдаапазыцыйныя структуры пад камандай Масквы, фактычна, робяць усё, каб паспрыяць легалізацыі будучай “палаты”, яе прызнаньню дэмакратычнымі краінамі. Ужо зараз, паводле сьпісу зарэгістраваных “кандыдатаў”, зразумела, што падрыхтаваны склад “палаткі” з адборных антыбеларускіх кадраў, якія будуць галасаваць за любыя рашэньні па разбурэньню і ліквідацыі Беларускай дзяржавы, за ўключэньне нашай краіны ў расейскі блёк, які Масква агрэсіўна накіроўвае супраць дэмакратычнага сьвету.
Наша Партыя ў бліжэйшы час прадставіць сьпіс “дэпутатаў” будучай “палаты”, каб прадэманстраваць міжнароднаму і беларускаму грамадзтву, што рэжым усё ўжо вырашыў да выбарчага фарсу. Абваліць ганебныя пляны дыктатуры беларусы могуць толькі шляхам няўдзелу ў фальшывым галасаваньні. А міжнародная супольнасьць павінна ўжо цяпер абвясьціць аб непрызнаньні выбараў, якія праходзяць у атмасфэры паліцэйскага гвалту і ўмацаваньня рэжымнай машыны выбарчай фальсіфікацыі. Калі б фальсіфікатарам удалося загнаць беларусаў на выбарчыя ўчасткі і стварыць свой прамаскоўскі “парлямант”, то наступствы гэтай афёры будуць вельмі небясьпечнымі для нашай краіны і народу. “Палата” пад дудку Масквы прагаласуе за разьмяшчэньне на нашай тэрыторыі расейскіх войскаў і ракетаў, якія ў першую чаргу будуць накіраваныя супраць суседняй Украіны. Беларусь ужо цалкам стане ахвярай агрэсіўнай палітыкі імпэрскай Масквы, цацкай у руках расейскай ваеншчыны (так як гэта ня раз было ў часы расейскай акупацыі нашай краіны). Нашаму грамадзтву трэба салідарна супрацьпаставіцца гэтым імпэрскім плянам і ня ўдзельнічаць у фальшывых “выбарах”.
Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі аб фактах поўнай дэмаралізацыі прадстаўнікоў мясцовых псэўдаапазыцыйных партыяў і груповак. Гэтыя “апазыцыянэры” гатовыя выконваць любыя праекты ворагаў Беларусі — абы атрымаць свае юдавыя ганарары. Нават іхныя замежныя партнёры ўражаны прагнасьцю і нахабствам гэтай публікі. Неабходна паўсюль тлумачыць людзям, што псэўдаапазыцыянеры дзейнічаюць разам з антыбеларускім рэжымам, аб чым сьведчыць іхная мітусьлівая “выбарчая актыўнасьць”.
Сойм абмеркаваў далейшыя дзеяньні па давядзеньню да беларускага і міжнароднага грамадзтва праўдзівай інфармацыі аб выбарчым фарсе і яго небясьпецы.
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
14 верасьня 2008 г.