“НІЧОГА АГУЛЬНАГА З ФРОНТАМ ЁН НІКОЛІ НЯ МЕЎ”

Нядаўна ў Інтэрнэце я прачытаў дзіўныя словы, быццам бы за часы Кебіча і раньняга Лукашэнкі намесьнік міністра замежных справаў Андрэй Саньнікаў паведамляў у дэпутацкую Апазыцыю БНФ сакрэтныя зьвесткі (“закрытую інфармацыю”) з уладных структураў і “супрацоўнічаў” з фракцыяй БНФ у Вярхоўным Савеце. Магчыма, прыватна, за кубкам кавы ён, сапраўды, мог казаць каму-небудзь якія-небудзь кулуарныя плёткі. Але гэта не супрацоўніцтва. Ніякіх “сакрэтных зьвестак” мы ад яго ня мелі. Калі б што было, то такія справы не маглі абмінуць кіраўніка парляманцкай Апазыцыі БНФ. Я пра такога “асьведамляльніка”, як Саньнікаў, ня чуў і ня ведаў.

Не супрацоўнічаў Саньнікаў з дэпутацкай Апазыцыяй БНФ. Наадварот, гэта ён летам 1996 года, насуперак пазыцыі Народнага Фронту, стараўся ліквідаваць усе перашкоды перад візітам Лукашэнкі ў Францыю (бо французкая дэмакратычная грамадзкасьць не хацела прымаць чалавека, які ўсхваляў Гітлера).

Летам 1996 года мы з Сяргеем Навумчыкам якраз арганізоўвалі ў замежжы інфармацыйную кампанію па азнаямленьню эўрапэйскіх і амэрыканскіх палітыкаў з рэальным становішчам ў Беларусі, казалі, што Лукашэнка ўсё больш выяўляецца як дыктатар (ужо год прайшоў пасьля зьбіцьця дэпутатаў). Пра гэта я асабіста пісаў прэзыдэнту Францыі Жаку Шыраку. Тым часам праца Саннікава была накіраваная супраць нашай кампаніі. Гэта ён арганізоўваў Лукашэнку сустрэчу з Шыракам (што тады абурыла нас усіх). Сустрэчу з Шыракам Лукашэнка потым выкарыстоўваў як падтрымку сваёй антыбеларускай антыдэмакратычнай палітыцы. Якраз пасьля гэтага візіту Лукашэнка вырашыў працягнуць тэрмін сваіх паўнамоцтваў яшчэ на два гады (тады прэзыдэнцкі тэрмін у Францыі быў сем гадоў). Пры гэтым ён спасылаўся на Францыю і свой “візіт”.

Але самае цікавае было потым, у 1997-м, пасьля V-га Зьезду БНФ, на якім было прадэкляравана аб стварэньні шырокай нацыянальнай апазыцыі рэжыму — Беларускага Вызвольнага Руху. КГБ сьпешна (і прафэсійна) стварае контру — “Хартыю-97” (для перайманьня рэсурсаў з Захаду), і Саньнікаў апынуўся ў гэтай “Хартыі” на першых ролях. Такі вось гэты “асьведамляльнік” БНФ.

Нічога агульнага з Фронтам ён ніколі ня меў, ніколі ня быў ягоным прыхільнікам.

Зянон ПАЗЬНЯК

10 верасьня 2008 г.