ЧАМУ НЕЛЬГА ІСЦІ НА ФАЛЬШЫВЫЯ ВЫБАРЫ
Таму, што гэта ня ёсць выбары на карысьць Беларусі. Таму што, галасуючы на фальшывых выбарах, ад выбаршчыка не залежыць вынік галасаваньня. Таму што прыход людзей на недэмакратычнае галасаваньне скарыстаюць для фальсіфікацыі.
Цяпер кожны можа пазнаёміцца з кандыдатамі ў палату па сваёй акрузе і ўбачыць, што ў пераважнай большасьці кандыдатамі вылучаны прарасейскa настроеныя людзі. Рэжым сваёй “фальш-машынай” зацьвердзіць дэпутатамі менавіта гэтых людзей. Такія “дэпутаты” двумя рукамі прагаласуюць за ўвядзеньне расейскіх войскаў і ракетаў у Беларусь (ужо заяўлена, што гэтай восеньню будзе створана на Беларусі адзіная з Расеяй супроцьпаветранная абарона). Прагаласуюць і за падвойнае грамадзянства. Расейскі мафіёзны крымінал, набыўшы беларускае грамадзянства, будзе пачуваць сябе гаспадаром, а Крэмль будзе казаць, што ўвядзеньне войскаў на Беларусь зроблена для абароны грамадзянаў Расеі.
Вядома (пра гэта піша нават рэжымная газэта “Советская Белоруссія”) што расейскія нафта-газавыя багацеі вырашылі забраць Менск у сваю ўласнасьць. Пад выглядам “рэканструкцыі” з цэнтральных раёнаў Менску жыхары будуць выселеныя на ўскрайкі гораду ў танныя “панэлькі”, а ў цэнтры плянуюць пабудаваць розныя бізнэс-цэнтры, казіно, забаўляльныя ўстановы. Для сябе плянуюць разьмясьціць элітнае жыльлё ў лепшых месцах гораду (ужо пачынаюць будаваць). Гэта будзе ўжо не наша сталіца. У горадзе, дзе гаспадарыць расейская мафія, жыць небясьпечна.
Каб кантраляваць працэсы і кіраваць “выбарамі”, расейцамі быў учынены 4 ліпеня 2008 г. тэракт, выбух, у якім былі параненыя больш за 50 чалавек. Пасьля тэракту ключавыя пасады ў дзяржаўных сілавых ворганах узначалілі расейскія генэралы і палкоўнікі (выхадцы не зь Беларусі). У дадатак рэжым запрасіў на дапамогу (нібыта ў сьледзтве) расейскае ФСБ. Усе гэтыя структуры цяпер займаюцца “выбарамі”. Фактычна “выбары” — ёсьць апэрацыя па захопу расейцамі заканадаўчай улады ў Беларусі
Ваенным нападам на Грузію Расея выкрыла свае “амбициозные планы” і мэтады іх выкананьня (пра наяўнасьць “амбициозных планов России” прагаварыўся міністр замежных справаў Расеі С. Лаўроў, агенцтва “Інтерфакс” 27.08.2008). Дэпутаты расейскай Дзярждумы заяўляюць, што наступнай будзе Украіна, што трэба забраць Крым, Данбас, Харкаў, Днепрапятроўск і г. д.
Цяпер зразумела, што ўяўляюць “амбициозные планы России” у нашым рэгіёне Эўропы:
1. Акупаваць Беларусь праз фармальнае прыняцьце рашэньняў русіфікаванай “легітымнай” палатай аб ўвядзеньні ракетаў і расейскага войска.
2. Акупаваць Украіну. Калі ня ўдасца цалкам, то разарваць на кавалкі: Крым, Усходняя частка, Заходняя частка.
Калі б толькі Маскве ўдалося задуманае ў Беларусі, яна адразу пачне атаку на Украіну. З Украінай без гарачай вайны не абыдзецца. Няма сумневу, што расейцы накіруюць самалёты і ракеты на Украіну зь Беларусі і падставяць пад удар Беларусь, яе людзей і тэрыторыю. Пад Расеяй, ці ў “саюзе” з Расеяй заўсёды будзеш у вайне, прытым на пярэднім фронце.
Вось чаму нельга супрацоўнічаць з прамаскоўскім рэжымам і ўдзельнічаць у яго фальшывых выбарах. Калі людзі ня пойдуць на выбары, палата будзе незаконнай, нелегітымнай. Усе яе рашэньні будуць незаконнымі і застанецца лепшая пэрспэктыва змаганьня з расейскай акупацыяй. Ніхто на фальшывыя выбары!
31 жнівень 2008 г.
“Беларуская Салідарнасьць”.
Ініцыятыва ў падтрымку пазыцыі
Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
Удзячныя тым, хто памножыць і распаўсюдзіць гэтую тэкстоўку.