ДЗЕЯНЬНІ ЎНУТРАНАЙ АКУПАЦЫІ

На шэрагу беларускіх прадпрыемстваў і ўстановаў адбываюцца камісарскія перастаноўкі. Маюцца на ўвазе штатныя адзінкі, уведзеныя пры лукашызме — а менавіта, нам. дырэктараў па ідэалогіі. У якасьці гэтых адзінак служылі, зразумела, асобы, “преданные делу”. Але аказалася, што для “дела” мала “преданності”. Заўважана, што з гэтых пасадаў актыўна пачалі выціскаць асобаў беларускага паходжаньня (хаця ад іх ніхто аніслова ня чуў па-беларуску). Замест “преданных” беларусаў на камісарскія пасады заступаюць бадзёрыя дзядзькі з правільнай “пятай графой” і ўсім іншым больш правільным. Гэта як правіла адстаўныя афіцэры, якія пару гадоў таму прыехалі з Расеі і камфортна атабарыліся на нашай зямлі. На думку антыбеларускага рэжыму, гэты жалеза-бэтон бяз шчылінаў, ня тое што мясцовыя кадры. Русскіе товарішчі робяць эфэктную інаўгурацыю. Збіраюць працоўны калектыў і кажуць з трыбуны наступнае: “Товарищи! Мы с Россией — одно государство. У нас двойное гражданство. А с января у нас будет единое военное командование...” Калі нехта з рахманых беларусаў асьмельваецца і, перамогшы страх, асьцярожна пытаецца наконт Канстытуцыі, дзе няма такіх запісаў, камісары блытаюцца і згортваюць інаўгурацыю. Складваецца ўражаньне, што расейскія камісары спрабуюць правесьці беларусаў на мякіне і пракручваюць звычайны жульніцкі блеф. А заадно імкнуцца канчаткова ачмурыць нашых людзей, даказваючы, што абараняць ужо няма чаго. Усё, маўляў, ужо прыдушана маскоўскай плітой. Толькі разумныя людзі, якія паважаюць сябе, і маюць гонар чалавечы, ведаюць, што ўсё гэта лухта, што змагацца ёсьць за што. Важна, каб беларусы зразумелі, што праваліць рэжымнае выбарчае шоў — гэта важны этап змаганьня за Беларусь.

Янка Базыль