НА ПЯЦЬ МІНУТ ПРАЧЫСЬЦІЛІ МАЗГІ

26 жніўня 2008 г. Дацкая газэта “Politiken” публікуе інтэрвію з Мікэлям Вэдбю Расмусэнам, дырэктарам Дацкага Інстытуту Вайсковых Дасьледваньняў. У якасьці тытулу ўзята цытата з Расмусэна: “Расейцаў трэба спыніць зараз”. Расмусэн выказваецца коратка і ёміста, камэнтуючы дзеяньні Масквы ў Грузіі: “Расея правярае Захад... Захад павінен праявіць цьвёрдасьць...” Ён прыгадвае сёньняшнія словы Медведева: “Мы халоднай вайны не баімся”. Важнай часткай аргумэнтацыі дацкага спэцыяліста зьяўляецца разважаньне пра расейскую нафту. Расмусэн пагаджаецца, што Захад залежны ад паставак нафты з Расеі. Але слушна заўважае, што Расея яшчэ больш залежная ад іх — адкуль жа яшчэ Масква будзе браць грошы? Расмусэн раіць заходнім краінам шукаць крыніцы энэргіі па-за Расеяй.

Наш камэнтар: Урэшце загучала аргумэнтацыя, якую беларускія сябры КХП — БНФ і многія палітыкі з постсавецкіх краінаў даўно даводзілі на Захадзе: не паддавайцеся на маскоўскі шантаж, не ўлазьце ў сьмяротную залежнасьць ад сібірскіх газа-нафты, паводзьце сабе годна... Словаў разумных людзей тады было мала дзеля асэнсаваньня маскоўскай пагрозы сьвету. Спадзяемся, што нахабная агрэсія Масквы супраць цывілізаванай Грузіі і парушэньне міжнароднага права ў гітлерскім стылі прачысьцяць запудраныя мазгі шмат каму на Захадзе.

Алесь Хадасевіч