ДЭЗЫНФАРМАЦЫЯ РАСПАЎСЮДЖВАЕЦЦА З ПАДАЧЫ ЦВК

У апошнія дні ў некаторых СМІ Беларусі зьявіліся паведамленьні аб тым, што “Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ вылучыла аднаго кандыдата на парляманцкія выбары”. Партыя згадваецца ў пераліку іншых палітычных арганізацыяў, якія актыўна ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы да выбараў.

Кіраўніцтва Партыі зьвярнулася з запытаньнем у Цэнтральную Выбарчую Камісію. Прадстаўнікі ЦВК патлумачылі, што “была дапушчана памылка”.

Нагадваем, што Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ ня ўдзельнічае ў вылучэньні кандыдатаў і ва ўсіх іншых працэсах гэтай антыдэмакратычнай выбарчай кампаніі і заклікае беларускае і міжнароднае грамадзтва да байкоту недэмакратычных выбараў. Мы запатрабавалі ад ЦВК, каб яна выступіла з публічным абвяржэньнем сваёй дэзынфармацыі. Мы патрабуем таксама ад рэдакцыяў “Народнай Волі” і БелаПАН апублікаваць абвяржэньні гэтай дэзынфармацыі.

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ выступае пад лёзунгам “Ніхто на фальшывыя выбары!”

Паліткамітэт Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

21 жніўня 2008 г.