А ЗАДУМАЦЦА НАД ГЭТЫМ ДАЎНО ПАРА
18 жніўня 2008 г. Аўстрыйская газэта “Der Standard” публікуе артыкул Маркуса Бэрната. Цытуем паводле тэксту: “На ўскраіне Усходней Эўропы ўзьнік “Pax russa”. Мір праз дыктат, які Масква навязвае сваёй былой савецкай рэспубліцы Грузіі, быць ягонай першай часткай. “Pax russa” да гэтага быў паняцьцем, якім на працягу гадоў карысталіся рознага кшталту крытыкі зьнішчальнай ваеннай выправы Расеі супраць чачэнцаў і іхных паўстанцаў. Пасьля заняцьця Грузіі “расейскі мір” стаўся пагрозай для Эўропы і ЗША. Расейская інвазія ў Грузію ёсьць рэваншам за каляровыя рэвалюцыі апошніх гадоў. “Pax russa” — гэта праект на доўгі час”. Цытуем іншы фрагмэнт тэксту: “Рэстаўрацыя савецкай імпэрыі мінус ідэалогія — гэта была формула, якой карысталіся расейскія зьнешнепалітычныя дзеячы з пачатку “эры Пуціна” (ці поўнага гэбізму), якая настала ў 2000 г.”
Наш камэнтар: Востра напісана, ёсьць адэкватныя думкі і назіраньні. Такога зусім нядаўна надта ж мала было ў заходняй прэсе на тэму Расеі. Дзіўна толькі, што аўтар здае “у мінус” расейскую ідэалогію (нібыта яе ўжо ў Крамлі зусім няма). Яму чагосьці не хапае дзеля таго, каб ясна ўбачыць новага ідэалагічнага монстра, які ў поўны рост выпрастаўся над расейскай імпэрыяй — гэбізму, які ня менш жудасны і разбуральны, чым камунізм. І самае галоўнае, што дасьціпна апісваючы дзеяньні расейскай ваеншчыны і “эру Пуціна”, аўстрыйскі журналіст анісловам ня згадвае аб тым, што трэба з усім гэтым злом рабіць эўрапейцам, амэрыканцам і ўсяму чалавецтву. А задумацца над гэтым даўно пара.
Юрка Марозаў