ЗАМЕСТ НАРМАЛЬНАЙ РАЗМОВЫ ІСТЭРЫКА
18 жніўня 2008 г. Нідэрляндская газэта “De Telegraaf” пісала, што Расея адмаўляецца размаўляць з НАТО на тэму Грузіі. Прадстаўнік РФ у НАТО Рагозін адмовіўся ўдзельнічаць у адмысловым паседжаньні ўсіх прадстаўнікоў краінаў НАТО, якое яны хацелі сабраць на гэтым тыдні, каб абмеркаваць сітуацыю ў зоне канфлікту. Замест гэтага Рагозін сабраў у Брусэлі журналістаў і выступіў перад імі. На канкрэтныя пытаньні ён выдаваў тэмпэрамэнтныя выказваньні пра “этнічныя чысткі ў Паўднёвай Асэціі”, называў прэзыдэнта Грузіі Гітлерам, Піначэтам, Садамам Хусэйнам, Мусаліні “в одном ліце” і г.д.
Наш камэнтар: Адным словам, Рагозін паводзіў сабе ў стылі публічных выступаў апошняга часу, якім вызначыліся прадстаўнік РФ у ААН Чуркін, нам. Пуціна Іваноў і самы Пуцін з Медведевым. Замест аргумэнтаванай прамовы маскоўскія начальнікі ўдавалі “свяшченный гнев”, хамілі асобам, якія задавалі ім пытаньні, пераходзілі на істэрычны тон і дзікую лексіку. Зразумела, усё гэта ад таго, што ім “няма чым крыць” поўны правал ваеннай авантуры ў Грузіі. Рагозіна, як бачым, так “понесло”, што сярод адмоўных пэрсанажаў ён назваў Садама, “верного друга Москвы” і “жертву амеріканского імперіалізма” (як зусім нядаўна кваліфікавала ірацкага дыктатара маскоўская прапаганда).
Алесь Хадасевіч