А ЯНЫ ЎСЁ ПРА БАЛАЛАЙКІ, МАТРОШКІ...

7 жніўня 2008 г. Італьянская газэта “La Repubblica” публікуе рэпартаж з паездкі свайго журналіста Паола Німіца па Расеі. Гэтым разам італьянец перадае з Мурманска. Сярод назіраньняў за цяперашнім жыцьцём мясцовасьці зьвяртаюць на сабе ўвагу рэмінісцэнцыі ў мінуўшчыну. Німіц нагадвае, што па мурманскаму фьёрду падчас апошняй вайны “ішло забесьпячэньне Сталіна”, і таму затоку “бамбіў Гітлер”. У якасьці “разынкі” падаецца эпізод з аленіхай, на якой абаронцы гораду падвозілі на перадавую баепрыпасы. А калі бітва скончылася, то яе пакінулі ў тундры. І г.д.

Наш камэнтар: Стракаты атрымаўся рэпартаж з прастораў Расеі. І як у большасьці выпадкаў з заходнімі журналістамі, павярхоўны і тупаваты. Італьянскі чытач так і не зразумее, хто гэта забясьпечваў Мурманск падчас вайны. І забясьпечваў не Сталіна, а чырвоную армію, якая без гэтай дапамогі антыгітлераўскай кааліцыі была б зьнішчана немцамі. Брытанска-амэрыканскія канвоі ішлі ў далёкі шлях пад нямецкімі бамбардоўкамі і ўдарамі падлодак. Страты былі жахлівымі: часам да паловы караблёў. Чырвоная армія атрымлівала тэхніку, узбраеньне, харчаванене і цёплую вопратку. Нягледзячы на намаганьні НКВД і камісараў, простыя жаўнеры і матросы, мірнае насельніцтва ставіліся з вялікай павагай да брытанскіх і амэрыканскіх вайскоўцаў. Што да “разынкі” з аленіхай, то лепш было б рэпарцёру паезьдзіць па месцах баёў у Запаляр'і. Там дагэтуль паўсюль валяюцца непахаваныя косьці жаўнераў чырвонай арміі (тысячы палеглых беларусаў). Калі будаваліся агромністыя “мэмарыяльныя комплексы” таталітарнага стылю, то саветы ставілі іх на пустых месцах, напляваўшы на чалавечыя парэшткі. А інвалідаў вайны саветы “адудзячылі” у 1947-48 гг. Каб яны “не псавалі” вобраз мірнага жыцьця, не прасілі міласьціны на вуліцах, выстаўляючы свае кульцяпкі і раны, НКВД па ўсім СССР звозіла няшчасных людзей у аддаленыя месцы і расстрэльвала іх (сотні тысячаў ахвяраў). А заходнік усё пра свае балалайкі і матрошкі...

Юрка Марозаў