ВЫБАРЫ З УДЗЕЛАМ ЛУБЯНКІ
(Ліст сябрам Беларускага Народнага Фронту І Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ. 16 жніўня 2008 г.)
Паважаныя сябры. Па маіх назіраньнях, наша ціхая мэтанакіраваная праца на працягу паўгода па падрыхтоўцы байкоту выбараў і няўдзелу людзей у галасаваньні дае плён. Павялічылася колькасьць выбаршчыкаў, якія разумеюць зьмест выбарчага ашуканства і не зьбіраюцца ісьці галасаваць.
Наш лёзунг: “Ніхто на фальшывыя выбары!” “Усе за байкот!”
Пачалася сумяціца у шэрагах падстаўной “апазыцыі”. Рэжым так усіх прыціснуў, так патаптаўся па выбарцах (да кантролю за падлікам галасоў, акрамя рэжымных людзей, практычна, ніхто не дапушчаны), што і службовыя “апазыцыянеры” раптам залемантавалі пра байкот. (Думаю, што яны ўжо атрымалі свае абяцаныя 5-10 тысячаў (маўляў, “жыць жа трэба”) і асьмялелі. Але й гэта добра, хай сьмялеюць хоць так.
Хаця зразумела, што аматары ў дваццаты раз ісьці на падманнае галасаваньне, калі стануць спрачацца наконт байкоту, адразу ж расколюцца (хто ў лес, хто па дровы), і ўсё стане вельмі добра відаць. Толькі ня ў іх справа. Сваю тэхнічную ролю у гэтай выбарчай кампаніі яны ўжо выканалі — засьведчылі яе поўную недэмакратычнасьць. Цяпер усім стала бачна, што застаўся толькі байкот. Вельмі важна, каб рашыўся народ, каб людзі пераадолелі інэрцыю і сталі б у цьвёрдую пазыцыю. Таму адпаведную працу трэба весьці якраз цяпер, пасьлядоўна і інтэнсіўна.
Мы мусім памятаць пра надзвычайную адказнасьць усіх людзей у цяперашняй так званай “выбарчай кампаніі”, якой, практычна, ужо кіруе не Лукашэнка. Можа, ён што і зразумеў сваім калгасным розумам пасьля нападу расейцаў на Грузію (што яго чакае з боку Масквы), але калі і зразумеў, то пазнавата. Сьпісы па залічэньні дэпутатаў у “палатку” “пойдуць” ужо не яго, а тыя, што склала ФСБ, якую ён пасьля выбуху пад выглядам удзелу ў “сьледзтве” легальна дапусьціў для кантролю над выбарамі ў нашай краіне.
Што гэта азначае, нам добра вядома — небясьпечны этап ва ўнутранай расейскай акупацыі, сфармаваньне спэцыяльна-прарасейскага парляманту ў Беларусі.
Тым часам (адзначу яшчэ раз) цяперашнюю выбарчую кампанію рэжым праводзіць настолькі не дэмакратычна, груба, жорстка і бессаромна, робячы стаўку на фальсіфікацыю, што непрызнаньне гэтых выбараў беларускай і міжнароднай супольнасьцю і байкот галасаваньня вынікаюць самы сабой з усяго таго, што адбываецца. Аднак ня трэба ўсё ж мець ілюзіяў, што цяперашняя Эўропа не заплюшчыць на гэта вочы. Патрэбна вялікая праца па кантролю і дакладнай фіксацыі ўсіх працэсаў. Нам (і ня толькі нам — усяму палітычна актыўнаму грамадзтву) неабходна наладзіць кантроль над працэсамі ў дзень галасаваньня і фіксацыю падзей. Мы ня можам спадзявацца на заходніх “прысутнікаў”. Трэба будзе вельмі ўважліва (і па-новаму) працаваць самым.
Зразумела, што па новым акупацыйным пляне Пуціна-Мядзьведзева (які мы абмяркоўвалі нядаўна на Сойме і пра што паведамлялі ў СМІ), выбары на Беларусі і “захоп” парляманту будуць спрэсавана адбывацца ў адзін прамежак часу разам з намерам ўвесьці рускія войскі і ракеты на Беларусь і разам з падрыхтоўкай дзейнасьці на Беларусі расейскага так званага “Фэдэральнага агенцтва па справах СНД” (стварэньне легальнай рускай агентуры і падтрымка русіфікацыі на Беларусі).
Дакладна так яно і адбываецца. Эмацыйная пасьпешнасьць зь якой Польшча нядаўна пагадзілася на ўсталяваньне амэрыканскай СПА на сваёй тэрыторыі, тут жа выкарыстала Масква супраць Беларусі. 19–га жніўня маскоўцы клічуць Лукашэнку на размову аб уводзе сваіх ракетаў і войскаў на Беларусь (тое, што ў канцы ліпеня агучыў генэрал Н. Бардзюжа). (Які пачварны абсурд — уся нацыя ў закладніках аднаго абмежаванага Лукашэнкі!) Тым часам зразумела, што калі Лукашэнка пагодзіцца на ўвод расейскіх войскаў з ракетамі, то дні яго будуць ужо палічаны. (Але і беларускай незалежнасьці таксама. Рыхтуецца прыбалтыйскі варыянт акупацыі 1939-1940 гг.).
Па трэцяй пазыцыі. Літаральна сёньня стала вядома, што выпусьцілі з турмы А. Казуліна (добрая падзея ў жыцьці чалавека). Тым часам, пасьля таго як у сацыял-дэмакратаў верх узяло беларускае крыло і Казуліна ня выбралі на старшыню партыі, стала зразумела, што Лубянка мусіць неяк на гэта зрэагаваць, “адсідка” Казуліна страціла сэнс. У гэтых умовах ФСБ, скарыстаўшы Казуліна, пастараецца ўнесьці прамаскоўскую сумяціцу і чарговыя расколы ў шэрагі і без таго маленькіх і бездапаможных беларускіх партыяў. Задача — аддзяліць беларускую аснову, лякалізаваць яе, зьменьшыць і, галоўнае, ня даць аб'яднацца ўсім на нацыянальным грунце, на беларускай ідэі.
З фармальнага боку, вызваленьне Казуліна павялічвае шанцы Масквы на легітымізацыю “палаты” у Беларусі і прызнаньне Захадам фальшывых выбараў за дэмакратычныя. Але Лукашэнка тут ужо ўвогуле на пэрэфэрыі (хаця фармальна ўсё яшчэ йдзе праз яго і ён думае, відаць, што ўсім кіруе). Палітыку ў Беларусі ўжо робіць Масква.
У гэтай сувязі нагадаю яшчэ раз важнае палажэньне нашага ранейшага абмеркаваньня. З паяўленьнем новага праекту акупацыі Беларусі тактыка “інтэграцыі” скончылася. Лукашэнка больш для Масквы не суб'ект палітыкі (зь якім гуляюць каб зрабіць анэксію пад выглядам аб'яднаньня), а “аб'ект” накладваньня захопніцкага пляну. Плянуецца проста захоп. Зьмяніліся дачыненьні і нават рыторыка. На пэўным этапе гэтага пляну Лукашэнку проста ліквідуюць. Магчыма, цалкам ў рэчышчы паранойнай эўра-нямецкай палітыкі “дапамогі Расеі ў дэмакратыі для Беларусі”. Новая дэмакратычная марыянетка Масквы ва ўладзе на Беларусі будзе воплескамі сустрэта на Захадзе.
Крымінальна-палітычная агрэсія Расеі на Беларусь пачала распрацоўвацца Масквой у пачатку гэтага года разам з плянам “бліц-крыга” супраць Грузіі і зьмяшчэньнем Саакашвілі (які гэты плян маскоўцам і паламаў).
У кантэксьце гэтага антыбеларускага пляну (у любых яго варыянтах) аніякіх пэрспэктываў асабіста Лукашэнку ў любых яго дачыненьнях з Расеяй больш ня сьвеціць. У любых варыянтах яго асабіста ці, улепшым выпадку, ягоную кар'еру чакае канец. Сумняваюся, ці ён гэта ўжо зразумеў. Тэарэтычна яму ёсьць толькі адзін выхад (які яго мог бы, магчыма, неяк уратаваць) — гэта рэзкі разварот да беларускай нацыянальнай палітыкі і на Захад. Але гэтыя аспэкты мы нават не разглядаем, бо, практычна, Лукашэнка ня здольны на такое ўжо па самой сваёй унікальнай беларусафобскай прыродзе.
Такім чынам сытуацыя паважная плюс жнівеньская расслабленасьць грамадзтва. На нашыя (слабыя цяпер) фронтаўскія плечы кладзеца вялікая адказнасьць. (Аб канкрэтных дзеяньнях — у наступным лісьце. Тут — тлумачэньне становішча).
Што да выбараў, то задача зразумелая — выкрыцьцё маніпуляцыяў, сьведчаньне пра недэмакратычнасьць і арганізацыя байкоту. Цяпер ёсьць магчымасьць палітычна перамагчы чарговую лубянскую атаку на Беларусь. Мы мусім гэта зрабіць, памятаючы, што палітычная параза беларусаў на гэтых выбарах яшчэ шырэй адчыніла б шлях Маскве для захопу і ціску на нашу краіну.
Мы разумеем гэта, і нельга таго ім дазволіць.
16 жніўня 2008 г.
Зянон ПАЗЬНЯК