АБ НЕДЭМАКРАТЫЧНЫХ ВЫБАРАХ У БЕЛАРУСІ

Сойм Беларускага Народнага Фронту і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ зьвяртае ўвагу беларускай і міжнароднай грамадзкасьці на выключную недэмакратычнасьць выбарчай кампаніі па выбарах у недэмакратычны парлямант Беларусі. Пад выглядам “сьледзтва” аб выбуху, які адбыўся ў Менску 4 ліпеня, рэжым Лукашэнкі ўзяў пад кантроль міліцыі і КГБ усё электаральнае насельніцтва Беларусі.

Увесь час робяць масавыя вобшукі і ператрусы ў дамах людзей, крытычна настроеных да рэжыму. Пастаянна адбываюцца арышты і перасьледы, асабліва моладзі. Міліцыя і КГБ масава абыходзяць дамы і кватэры ўсяго насельніцтва па ўсёй Беларусі, перапісваюць пашпартныя дадзеныя і зьвесткі пра людзей, бяруць адбіткі пальцаў. Гэта небывалы націск на электарат. Апазыцыйна настроеных асобаў звальняюць з працы, калі яны прымаюць удзел у выбарчай кампаніі. Тут груба топчацца закон і элемэнтарныя правы грамадзянаў Беларусі.

Рашэньнем Лукашэнкі да ўдзелу ў гэтых дзеяньнях пад выглядам “сьледзтва” дапушчаныя спэцслужбы Расеі (ФСБ), якія зацікаўленыя ў стварэньні на Беларусі прарасейскага парляманту, скарыстаўшы фальсіфікацыйную машыну галасаваньня, якая поўнасьцю кантралюецца рэжымам Лукашэнкі. Гэта грубае парушэньне Канстытуцыі. Такія выбары не адпавядаюць нават элемэнтарным нормам дэмакратыі.

Поўная глухата ўладаў на патрабаваньні выконваць закон і нормы дэмакратычнага права, поўная недаступнасьць грамадзкасьці да кантролю над галасаваньнем, непарушнасьць фальсіфікацыйнай машыны выбараў, удзел спэцслужбаў чужой дзяржавы ў кантролі над беларускім электаратам — усё гэта пацьвярджае правільнасьць нашага рашэньня аб усеагульным няўдзеле (байкот) ў фальшывым і недэмакратычным галасаваньні. Выбары, якія праводзяцца ў такіх не дэмакратычных умовах, ня могуць быць прызнаныя законнымі.

Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

10 жніўня 2008 г., г. Менск