ЗАХОП. АБ НОВЫМ РАСЕЙСКІМ ПЛЯНЕ АКУПАЦЫІ БЕЛАРУСІ

Уступ

Уся гісторыя беларускага дзяржаўнага (а потым этнічнага і культурнага) існаваньня ёсьць вечная і пэрманэнтная барацьба з Усходам за выжываньне і разьвіцьцё. Больш высокая цывілізацыйная арганізацыя Вялікага Княства Літоўскага давала магчымасьць пасьпяхова супрацьстаяць прымітыўнаму сілавому націску. Аднак у XVII стагоддзі становішча перамянілася. Сувязі з Візантыяй, дынастычныя шлюбы, умацаваньне азіяцкага абсалютызму прывялі да канчатковага сфармаваньня Маскоўшчыны як ваеннай дзяржавы і стварэньня агрэсіўнай ідэалёгіі гэтай дзяржавы, дзе ірацыянальнае імкненьне да экспансіі было спалучана з асэнсаваньнем яе як місіі ўсходняга (праваслаўнага) сьвету (Масква — трэці Рым... і г.д.).

На шляху “трэцяга Рыму” стаяла галоўная перашкода — Вялікае Княства Літоўскае.

У сярэдзіне XVII стагоддзя Масква распрацавала фантастычны па сваёй азіяцкай дзікасьці і авантурызму плян вайны супраць ВКЛ, у выніку якой прадугледжвалася поўнае вынішчэньне насельніцтва і захоп бязьлюднай тэрыторыі. Вайну Масковія прайграла, але была зьнішчана большая палова насельніцтва Беларусі (так званы Патоп).

Наступны этап агрэсіі — імпэрскі, спалучэньне (праз дынастычныя шлюбы) усходняй экспансіі і нямецкага рацыяналізму (“Самадзяржаўе, праваслаўе, народнасьць”) — скончыўся разбурэньнем Вялікага Княства і захопам Беларусі, і працягваўся 200 гадоў. Гэты пэрыяд характарызаваўся пэрманэнтнай палітыкай нішчэньня культуры вялікага народа, якая атрымала агульную назву “русіфікацыя”. Апошнія 70 гадоў гэтага этапу прыпадаюць на эпоху камунізму, дзе камуністычная дактрына была выкарыстана як форма рускага імпэрыялізму і палітыкі русіфікацыі.

З 25-га жніўня 1991 года, пасьля перамогі беларускіх нацыянальна-дэмакратычных сілаў (якія палітычна прадстаўляла дэпутацкая Апазыцыя БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня), распаду СССР і ліквідацыі КПСС, настаў пэрыяд Незалежнасьці, аднаўленьня і будаўніцтва беларускай незалежнай дзяржавы.

З 20-га ліпеня 1994 года пачаўся працэс унутранай акупацыі Беларусі Масквой і ўнутранага змаганьня беларусаў з палітыкай рэстаўрацыі вялікадзяржаўнай Расеі.

Атака знутры

Пра магчымасьць і падрыхтоўку палітыкі імпэрскай агрэсіі з боку Расеі я пісаў ад самага пачатку аднаўленьня Незалежнасьці, бо сутнасьць (ідэалёгія) расейскай улады не зьмянілася. Поўраспад, што адбыўся ў 1991 г., зусім не ліквідаваў вялікадзяржаўнасьць Расеі, якая пасьля пераразьмеркаваньня ўлады і маёмасьці мусіла была вярнуцца на пратаптаную дарожку імпэрскай палітыкі, прытым у агрэсіўнай форме ўражанай імпэрскай сьвядомасьці.

Паварот да імпэрскай палітыкі і тэрміналёгіі адбываўся ў Расеі вельмі хутка. Вывад у 1993 г. на палітычную сцэну гэбоўскага эксцэнтрыка У. Жырыноўскага (так званы “прыём блазна”) канчаткова даў зразумець, што ставіцца задача абходным чынам “афіцыяналіць” (увесьці ў афіцыйны абарот) махровыя імпэрскія пляны і тэрміналёгію. Усё было настолькі відавочна, што лёгка было ўбачыць, чым канкрэтна гэта пагражае Беларусі. Тым больш, што з канца 1992 года пачалося адкрытае пранікненьне савецкага КГБ у структуры беларускай улады, а прэм'ер В. Кебіч, напалоханы ростам палітычнай вагі Народнага Фронту, поўнасьцю здаўся перад Масквой (пляны ўвядзеньня рускага рубля і г.д.). Ён чакаў адтуль паратунку перад нацыянальнай дэмакратыяй.

У студзені 1994-га мне прышлося выступіць з артыкулам “Аб рускім імпэрыялізме і яго небясьпецы”, дзе была паказана сытуацыя і раскрыта пагроза, якая вынікала з імпэрскай палітыкі Ўсходу. Расейцы ўспрынялі публікацыю як удар па маскоўскай палітыцы. Маскоўцы выдатна зразумелі, што зь іх нечакана сарвалі квазідэмакратычнае пакрывала і паказалі імпэрскім галышом. Рэакцыя была істэрычнай, імпэрцы захлёбваліся ад нянавісьці. (Спрабавалі нават арганізаваць судовую расправу, галасавалі ў парляманце. Але не атрымалася.)

Што да беларускай грамадзкасьці, то, на жаль, складвалася ўражаньне, што бальшыня нават не разумела, пра што гаворка. Іншыя, што вечна баяліся ўсялякай барацьбы, напалохаліся. “Правільна, але навошта так адкрыта?” — казалі яны шэптам.

У гэтакіх умовах пачыналася на Беларусі вялікая авантура і адпрацаваная афёра расейскай палітыкі, якая атрымала назву “ўнутраная акупацыя”. Аб антыбеларускай сутнасьці і сьмяртэльнай небясьпецы гэтай палітыкі было сказана яшчэ ў 1994 годзе падчас кампаніі па выбарах прэзыдэнта.

Пасьля фатальных выбараў у 1994-м мы, беларусы, увесь час, год за годам перажываем страту за стратай, пажынаем плады вынішчальнага рэжыму. Перадавыя нацыянальна-дэмакратычныя сілы пачалі змаганьне з агрэсіўнай уладай, але барацьба была вельмі няроўнай.

У 1996-1997 гг. мной былі зроблены канкрэтныя апісаньні, раскрыта прамаскоўская антынацыянальная сутнасьць новай улады, падрабязна акрэсьлена характарыстыка і мэтодыка ўнутранай акупацыі Беларусі спэцслужбамі і агентурай Расеі. Ім тады шмат што ўдалося, бо Масква мела перад сабой яшчэ асьлепленае грамадзтва і гэтакую ж сьляпую здраду кіроўных вярхоў. Згодна расейскіх плянаў (так званы плян Ельцына 1995 г. і інш.), інкарпарацыя Беларусі павінна была адбывацца хутка. Стаўленьнік (Лукашэнка) ішоў насустрач сямімільнымі крокамі. “Суверенитет — это ерунда”, — лапідарна заявіў ён ужо ў 1994 годзе, падпісваў дамовы і “саюзы”.

Першы этап “дабраахвотнай” інкарпарацыі Беларусі ў Расею павінен быў адбыцца вясной 1996-га года. Гэтыя пляны маскоўцам моцна папсаваў Беларускі Народны Фронт, арганізаваўшы ў Менску 24 сакавіка 1996 года магутную пратэстную 50-70 тысячную дэманстрацыю супраць здрады і анэксіі. Увесь сьвет убачыў, што дэмагогія пра “інтэграцыю” — гэта афёра, што Беларускі народ пратэстуе. Тым ня менш фармальна неакрэсьленая дамова аб “саюзе” была падпісана.

У лістападзе 1996-га Лукашэнка пры непасрэднай дапамозе кіраўніцтва Расеі зрабіў дзяржаўны антыканстытуцыйны пераварот, ліквідаваў законны парлямант, правёў незаконны рэфэрэндум і адмяніў дзеючую дэмакратычную Канстытуцыю, увёў узамен “канстытуцыю дыктатуры”, цалкам узурпаваў уладу ў краіне.

Узрадаваны Ельцын у самым пачатку 1997 года афіцыйна прапанаваў Лукашэнку ўключыць Беларусь у склад Расеі. 6-га сакавіка таго ж года Ельцын выступіў з “пасланьнем” да расейскага парляманту, дзе распавёў, якія вялікія выгады Расеі прынясе захоп (інтэграцыя) Беларусі. У гэты ж час МЗС Расеі паведаміла, што “Беларусь для Расеі ўяўляе велізарны інтэрас”, што інкарпарацыя Беларусі “паставіць крыж на ідэі Балта-Чарнаморскага санітарнага кардону”, — цынічна напісана ў дакладзе. (“Независимая газета”, — 1997, 25 сакавіка).

На 1997 год расейцы ўжо плянавалі рэфэрэндум у Расеі і Беларусі па інкарпарацыі нашай краіны. Была падрыхтавана новая дамова аб “злучэньні” дзяржаваў. Засталося зрабіць канчатковы подпіс Ельцыну (які, як потым аказалася, нават толкам не чытаў тэксту дамовы). У рашаючы момант, аднак, гнюсную справу нечакана сапсаваў “інтэгратарам” Чубайс, які ўгаварыў цьвярозага Ельцына пачытаць тэкст і растлумачыў яму, што, падпісаўшы яго, ён можа страціць уладу, якую пяроймуць камуністы (тады яны былі сілай ў расейскім парляманце), і Лукашэнка прыйдзе ў Крэмль. Ельцын перапужаўся, і подпіс адклалі.

Усё ішло б для расейцаў па гладкай дарожцы, як яны думалі: і свой чалавек у Беларусі (Лукашэнка), і людзі там “харошыя”, “наіўныя”, “нічым не цікавяцца”, (можна зь іх вяроўкі віць). Але раптам яны, нарэшце, убачылі, што “свой чалавек” хоча сядзець у Крамлі і кіраваць Расеяй. Пляніроўка дала асечку.

Тое, што Лукашэнку вяла “зацыкленая” ідэя-фікс засесьці у Крамлі, відаць было адразу няўзброеным вокам (хто ўмее глядзець, вядома). У 1995 годзе Сяргей Навумчык напісаў нават велізарны артыкул (“Цель”) на рускай мове (спэцыяльна, каб у Маскве чыталі), які быў надрукаваны ў “Свабодзе” (на той час наклад 100 тыс. асобнікаў), дзе падрабязна распавёў пра гэтыя намеры прэзыдэнта Беларусі. Рэакцыя тагачаснага грамадзтва вядомая — нуль рэакцыі (некаторыя яшчэ й хіхікалі, высьмейваючы аўтара, пяром скрыпелі, маўляў, глупства піша).

Выглядае, што гэты комплекс Лукашэнкі быў даволі нечаканым для маскоўскай улады. Завязалася новая калізія, якая яшчэ больш ускладнілася пасьля прыходу да ўлады Пуціна і ўсталяваньня ў Расеі карпаратыўнай улады КГБ. Карпаратыўная дыктатура гэбэ зьнешне, быццам бы не ламаючы канстытуцыі, паказала цуды палітычных падтасовак і выкрутасаў.

Апошні выверт — аб'яўленьне Пуціна “нацыянальным лідэрам” і стварэньне падвойнага дзяржаўнага кіраўніцтва: рэальнага (прэм'ер Пуцін) і падстаўнога, шырмы (прэзыдэнт Медведев). Тут дзьве субардынацыі: фармальная і рэальная (схаваная, гэбоўская). Дзейнічае другая, схаваная субардынацыя, дзе сапраўдную ўладу трымае “супэрпартыя КГБ”. Гэта ўсё карцінкі расейскага гэбізму. Гэбэ ў Расеі, як некалі СС у Нямеччыне, ператвараецца ў свайго роду таемны ордэн улады.

* * *

Пасьля адыходу Ельцына і прыходу Пуціна (новага канкурэнта Лукашэнкі ў ягоных марах пра Крэмль) сытуацыя зьмянілася, і некалькі гадоў паміж імі ішоў цынічны гандаль Беларусяй за ўладу ў Расеі. Гандаль суправаджаўся сутычкамі, пагрозамі і лабавымі наскокамі Крамля (“шэсьць вобласьцяў”, “мухі-катлеты”, “газавыя атакі” і г.д.). Масква станавілася ўсё больш агрэсіўнай, а ўнутраная палітыка рэжыму на Беларусі ўсё больш антыбеларускай. Мэтанакіравана і пасьлядоўна вынішчалася ўся беларушчына: школа, літаратура, творчыя арганізацыі, мова, фундамэнтальная навука, гістарычная архітэктура, этнічныя асновы вёскі, беларускія сродкі масавай інфармацыі, беларускія выдавецтвы і, галоўнае, перасьледваліся людзі, носьбіты беларускай культуры і беларускай культурна-нацыянальнай ідэі. Працягваўся таксама непасрэдны акупацыйны працэс — пранікненьне расейска-гэбоўскай агентуры на ключавыя пазыцыі ва ўладзе над нашай краінай. Гэта працэс для Крамля ёсьць палітычна базавы і асноўны. Ён працягваецца ўвесь час, адбываюцца зьмяшчэньні і перамяшчэньні, але вынік застаецца і пашыраецца: ключавыя пазыцыі ўлады ў руках маскоўскай і прамакоўскай агентуры плюс асабісты ўплыў на Лукашэнку.

Масква падтрымала Лукашэнку на “вечнае панаваньне”, а прэзыдэнцкія выбары на трэці тэрмін, у 2006 годзе, — увогуле адбыліся цалкам па маскоўскім сцэнары (у аснове так званы “праект Паўлоўскага” з двума “апазыцыйнымі лідэрамі”, якіх стварылі зь нічога, з “пратэстнай планкай” і г.д. — сумна-вядомыя ўжо падзеі).

Новая тактыка

У самым канцы 2005 года пуцінская Масква сфармавала новую агрэсіўную палітыку (дакладней, тактыку) наступу на Беларусь. Пастаўлена задача глыбокага пранікненьня ў беларускую эканоміку і захопу нацыянальнай маёмасьці, стратэгічна важных галінаў гаспадаркі і прамысловасьці, а таксама фінансавага капіталу і банкаў, сфэры будаўнічага бізнэсу. Істотную ролю тут адыгрываюць маскоўскія крэдыты для рэжыма і адначасны нафта-газавы шантаж з мэтай зрабіць прамакоўскі рэжым на Беларусі вечным даўжніком, павесіць пагрозу дэфолту і эканамічным прымусам загнаць у “інтэграцыю” з Расеяй (гэта значыць ліквідаваць дзяржаўную незалежнасьць Беларусі і ажыцьцявіць інкарпарацыю). Рэзка ўзмацнілася жорсткасьць рэжыму ў разбурэньні беларускай грамадзянскай супольнасьці, у перасьледзе беларускай моладзі, у вынішчэньні нацыянальнай культуры.

З пачатку 2008 г. дачыненьні з Расеяй і сутнасьць гэтых дачыненьняў сталі цалкам непразрыстыя. Са спатканьняў і нарадаў, якія адбываліся паміж асноўнымі кіроўнымі асобамі рэжымаў, не выходзіла ніякай канкрэтнай інфармацыі, акрамя часам агульных словаў і туманна-лапідарных намёкаў Лукашэнкі. Стала зразумела, што рэжымы рыхтуюцца да парляманцкіх выбараў у Беларусі, на якіх плянуюць рэалізаваць нейкія намеры. Незалежна ад гэтых таемных “намераў”, тым больш, гледзячы па абставінах, было зразумела, што ўдзельнічаць у фальсіфікацыйных выбарах людзям ужо даўно было бяссэнсоўна і ў палітычным сэнсе — нельга (каб не падтрымліваць антынацыянальны рэжым). Неабходна было арганізаваць зброю адкрытай барацьбы з рэжымам — байкот.

Вясной Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ заявіла пра неабходнасьць байкоту антыдэмакратычных выбараў. Меркавалася, што абодва рэжымы ў Менску і Маскве традыцыйна плянуюць сумясьціць выбары з рэфэрэндумам аб так званым “канстытуцыйным акце”. Хаця відавочна, што Масква ўжо трэці год стасуе іншую доўгатэрміновую тактыку. Тым ня менш недаацэньваць небясьпекі нечаканага зьяўленьня “канстытуцыйнага акту” было нельга. Далейшыя падзеі прыадкрылі заслону паводзінаў і сакрэтнага захаваньня Масквы.

Выбух

У ноч на 4-га ліпеня ў Менску адбыўся выбух у людным месцы ў час канцэрту, які глядзелі масы людзей. Паранены 54 чалавекі, зь іх шэсьць цяжка і адзін сьмяртэльна (стан ягоны крытычны ўжо 2-гі месяц). На месцы выбуху адразу апынуўся Лукашэнка, даваў указаньні, пагражаў “апазыцыі” “закруціць шрубкі на галаве”.

Назаўтра пачаліся беспадстаўныя арышты людзей, так ці інакш датычных да апазыцыі рэжыму. Неўзабаве арышты людзей, нязгодных з палітыкай улады пашырыліся татальна па ўсёй Беларусі. Яны працягваюцца ўвесь час і носяць яўна палітычны характар. Потым настаў, здавалася б, поўны абсурд: пачалі масава правяраць усё насельніцтва. Міліцыя і функцыянеры КГБ сталі хадзіць па дамах правяраць дакуманты, задаваць любыя пытаньні, запісваць, словам палохаць людзей, цягнуць іх у пастарункі, патрабаваць адбіткі пальцаў, сьліну і таму падобныя застрашэньні і прыніжэньні. Аб'явілі, што абыйдуць усе кватэры ў амаль двухмільённым Менску. І пайшлі страшыць і правяраць (такая вось імітацыя “сьледзтва”).

Адразу пасьля выбуху расейскае ФСБ прапанавала сваю “дапамогу” ў “сьледзтве” і свае “паслугі”. Прапанова была прынята. Такім чынам расейскае ФСБ легальна ўключылася ў працу на Беларусі, а менавіта ў кантроль над выбарчай кампаніяй у “палату”, якая пачалася з 28 чэрвеня, і ў кантроль над беларускім грамадзтвам. Выкарыстаньне выбуху рэжымам дзеля палітычных мэтаў, дзеля застрашэньня людзей і дзеля ўплыву на выбары ўжо ні ў каго не выклікае сумненьня, настолькі цынічна, адкрыта і груба дзейнічаюць кіроўныя палітычныя авантурысты.

Безумоўна, рэжым напалохала магчымасьць байкоту. Вядома таксама, што настрашыла іх ня толькі нашая фронтаўская заява пра байкот, але, найперш, гатовасьць паловы беларусаў ня йсьці на падманныя выбары. Рэжым ведае пра гэты настрой у грамадзтве і прымае захады. Але прычына выбуху значна глыбейшая.

Выбух — гэта сігнал. Яму папярэднічала доўгая падрыхтоўка. У Беларусі — жорсткае душэньне беларускай патрыятычнай моладзі, выключэньне гісторыі Беларусі як асобнага прадмета са школьных праграмаў, у пачатку лета — раптоўнае распараджэньне Лукашэнкі аб пераводзе з 1-га верасьня ўсёй сістэмы адукацыі з 12-гадовага зноў на 11-гадовае навучаньне. Гэта разбурэньне ўсяго школьнага вучэбнага працэсу, абніжэньне яго ўзроўню. Такая рэформа ня робіцца адразу, нечакана, зьнянацку, (за няпоўныя тры месяцы), нават калі б у ёй была патрэба і нават, калі б яна была добрай. Падрыхтоўка яе вельмі працаёмкая справа, вымагае доўгага часу (патрабуе працы ў некалькі гадоў). Гэта вядома, нават для не спэцыялістаў. У гэты ж час прымаецца дыскрымінацыйны закон аб беларускім правапісе.

Перад выбухам адбываліся спатканьні і перамовы Лукашэнкі з Пуціным, з “фармаль-прэзыдэнтам” Расеі Мядзьведзевым, з старшынёй ФСБ Расеі А. Бортнікавым. Замест паведамленьня аб зьмесьце размоваў — агульныя абцякальныя словы расейскіх асобаў і нейкае цёмнае бубненьне Лукашэнкі аб тым, што народ будзе неўзабаве “ўражаны” вынікамі рашэньняў і падзеямі. Нарэшце, перад пачаткам выбарчай кампаніі ён даў інтэрв'ю, дзе абурыўся падкопамі Захаду, які, маўляў, радуецца ўсялякім антыўладным выступам у Беларусі і спробам купленых ім асобаў дэстабілізаваць абстаноўку, а каб яшчэ выбухі загучэлі, сказаў ён, то на Захадзе такі б шум паднялі.

Трэба ведаць Лукашэнку, каб адразу зразумець, чаму ён гэта сказаў.

Пазыцыі ў Брусэлі і ў Маскве датычна выбараў у Беларусі за гэты год таксама раптам дзіўным чынам паядналіся. І там, і там спадзяюцца дэмакратычных выбараў ад Лукашэнкі і на легітымізацыю парляманту. Захад дае зразумець, што чакае любога фармальна-дэмакратычнага піску ад рэжыму, каб прызнаць выбары законнымі і штурхае на выбары сваю (гэта значыць залежную ад яго) так званую “дэмакратычную апазыцыю” ў Беларусі.

Лукашэнка заяўляе, што гэтыя выбары будуць небывала дэмакратычнымі і адначасна жорстка душыць магчымасьці ўдзелу ў выбарах нязгодных з рэжымам людзей, пазбавіў іх прысутнасьці ў выбарчых камісіях, у кантролі над галасаваньнем і г.д., некаторых пазбаўляюць працы, саджаюць у каталажку, палохаюць, пагражаюць і т.п. У давяршэньне Брусэль прызначае кіраваць Місіяй назіральнікаў за выбарамі ў Беларусі нямецкага дыплямата Герта-Генрыха Арэнса, што, як выглядае, ўсьцешыла старшыню лукашэнкаўскага ЦВК Л. Ярмошыну, якая адзначыла “прыемнасьць” немца (маўляў, зь ім “працаваць прыемна”).

Тое што Маскве і Брусэлю стала раптам вельмі залежыць, каб легітымізаваць “палатку” — квазіпарлямант рэжымнай улады, — усё гэта (як і прызначэньне нямецкага кіраўніка назіральнай Місіі) паказвае на вялікую працу расейскай дыпляматыі (а, магчыма, і грошай) у структурах Эўразьвязу. Цяпер толькі лянівы ня ведае аб вялікіх расейскіх грошах на Захадзе і аб перанасычанасьці яго рускімі шпіёнамі. Для Вялікабрытаніі гэта ўжо стала нават нейкім сацыяльна-палітычным бедствам, пра што сталі пісаць у газэтах (напрыклад, польская “Rzeczpospolita”, — 2008, 6 ліпеня).

Аб зацікаўленасьці Масквы легітымізаваць “палатку” ў Беларусі і аб прычыне гэтай зацікаўленасьці я ўжо пісаў нядаўна ў артыкуле “Ніхто на фальшывыя выбары!”. Масква хацела б мець заплечча ў Беларусі для законнага зацьвярджэньня сваіх дзеяньняў па захопу беларускай маёмасьці. Дзеля гэтага ёй трэба мець сваю (прарасейскую, а калі б удалося — рускую) “палату” ў Беларусі. Для іх нічога, што “палата” бяспраўная. Лукашэнка таксама будзе (і ўжо ёсьць) цалкам у руках маскоўцаў, і тады ўсяляк усё можна было б павярнуць (тым больш, што Лукашэнка не прызнаны законным прэзыдэнтам у сьвеце, а “палата” будзе прызнанай, яе рашэньні будуць легітымнымі, яна можа мець прадстаўніцтва ў міжнародных арганізацыях, весьці там прапагандысцкую працу і г. д.).

Аднак намеры Крамля-Лубянкі ў Беларусі нашмат больш злавесныя, чым стварэньне заканадаўчага прыкрыцьця эканамічнаму рабаўніцтву. Гэта толькі частка новай праграмы ўнутранай акупацыі Беларусі ўсімі сіламі гэбоўскай Расеі. Цяпер гэты плян ужо дзейнічае і раскрываецца ва ўсёй сваёй задуме.

Пасьля выбуху адначасна з увядзеньнем непасрэднага і неабмежаванага кантролю над насельніцтвам тут жа пачаліся кадравыя перастаноўкі на вяршыні аўтарытарнай улады. Адразу заўважу, што непасрэднай сувязі з выбухам тут няма. Выбух ня ёсьць і ня быў рэальнай прычынай для шырокіх кадравых пераменаў ва ўладзе. Ён паслужыў нават не нагодай, а быў, ізноў жа, проста сыгналам да дзеяньня і скарыстаны як нагода.

Што ж гэта за перамены? Дзяржсакратар Рады Бясьпекі Віктар Шэйман, беларус, — зьняты з пасады. На яго месца прызначаны Юры Жадобін, расеяц, народжаны не ў Беларусі, расейскі генэрал танкавых войскаў, былы старшыня КДБ, аўтар “рэпрэсіўнага сьпісу” 1767 беларусаў.

На месца старшыні КДБ прызначаны Вадзім Зайцаў, расеяц, народжаны не ў Беларусі, расейскі генэрал без беларускага грамадзянства.

Кіраўнік Менскага спэцназу палкоўнік Юры Падабед, беларус, — зьняты з пасады.

На яго месца прызначаны Юры Караеў, расеяц асецінскага паходжаньня, народжаны не ў Беларусі.

Кіраўніком службы аховы Лукашэнкі ёсьць Андрэй Втюрін, расеяц з Пензенскай вобласьці РФ. Тое ж самае — Міністар унутраных справаў расеяц Уладзімер Навумаў.

Міністар надзвычайных сытуацыяў, Міністар замежных справаў і (зьвяртаю асаблівую ўвагу) міністар архітэктуры і будаўніцтва Юры Селязьнёў таксама расейцы, якія нарадзіліся не ў Беларусі.

Цэнтральнай Камісіяй па выбарах і рэфэрэндумах нязьменна кіруе “правераная” расейка (народжаная ў Расеі ў сям'і вайсковага) Лідзія Ярмошына.

Кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Генадзь Нявыглас, беларус, — цяпер зьняты з пасады. На яго месца прызначаны Ўладзімер Макей, беларус, нарадзіўся ў Горадні.

Што ж гэта за выключэньне ў сістэме кадравых пераменаў? А даволі цікавае. У. Макей праходзіў службу ў савецкай арміі ў 1982-1990 гг. у Вюнсдорфе каля Бэрліна. Там жа знаходзіўся штаб войскаў і працавала рэзыдэнтура Першага ўпраўленьня КГБ СССР (зьнешняя разьведка), да якой меў дачыненьне У. Пуцін. Тады ж быў завербаваны і Ў. Макей. Група “лейтэнантаў” зьбірала і апрацоўвала інфармацыю з усёй Эўропы. Макей быў у гэтай групе. У той час, хутчэй за ўсё, адбылося знаёмства Макея і Пуціна. Апошні пра гэта не забыўся і ўспомніў у належным моманце. Па адпаведных зьвестках, У. Макей быў прызначаны да “цела” Лукашэнкі з падачы Масквы, і непасрэдна У. Пуціна.

У нармальных дэмакратычных умовах этнічны аспэкт ва ўладзе ня мае істотнага значэньня. Але нават у дэмакратычнай сістэме ня можа быць так, каб, напрыклад, нейкая нацыянальная група кіравала ўсёй аўтахтоннай нацыяй і дзяржавай, тым больш, каб уладу ажыцьцяўляла рэзыдэнтура чужой дзяржавы. Сама дэмакратычная сістэма як прынцып улады аўтаматычна не дапускае такога збачэнства.

Але ні ў Беларусі, ні ў Расеі няма дэмакратыі. Тут сапраўды збочаныя адносіны ў фармаваньні ўлады. Гэбоўская Масква — краіна, якая базуецца на руска-шавіністычнай вялікадзяржаўнай ідэалёгіі, і яе рэзыдэнты ў Беларусі цудоўна ведаюць, што робяць, калі рыхтуюцца да рашаючай бітвы за Беларусь, — абстаўляюць усе ключавыя пазыцыі ўлады, эканомікі, і дзяржаўнага разьвіцьця ня толькі сваімі функцыянерамі, агентурай, але і сваімі расейскімі людзьмі. Бо ў канфліктнай палітыцы ўзьнікаюць такія паваротныя моманты, калі ўсё можа залежыць ад таго, рускі Іван, ці ня рускі. Расея вядзе прыхаваную вайну на захоп Беларусі і “рускасьць” мае тут для яе першаступеннае значэньне.

З гледзішча рускай гэбісцкай палітыкі, беларус Макей — гэта чалавек (“аб'ект”) часовага выкарыстаньня. Пасьля выкананьня і посьпеху апэрацыі (ці шэрагу апэрацыяў) такім нічога высокага ня сьвеціць у расейскай гэбісцкай сістэме. Але часовую лякальную функцыю ў заплянаванай працы яны могуць выканаць.

Вырабленыя адносіны да беларусаў і такая этнічная ацэнка “выэлемінацыі” (выключэньня) беларусаў расейцамі вынікае, як я ўжо казаў, з “канфліктнай палітыкі”. Рускі гэбізм, які вядзе палітыку, накіраваную на інкарпарацыю, на аншлюс, захоп Беларусі, у канцовым выпадку, зыходзячы з лёгікі элемэнтарнага прагматызму, мусіць разглядаць кожнага беларуса як патэнцыяльнага ворага. Расейцы ня могуць гарантаваць, што на нейкім этапе захопу нейкі беларус ня кінецца на іх і не ашчэрыць зубы. Таму ствараюцца гарантыі выніковасьці дзеяньняў. Усё, як па законах ваеннага часу.

Сытуацыя з Лукашэнкам у гэтым выпадку нагадвае мне становішча зь Ельцыным ў 1999 годзе, калі савецкае КГБ рыхтавалася да поўнага захопу ўлады ў Расеі, і функцыянеры КГБ абклалі Ельцына, як мядзьведзя ў бярлозе, з усіх бакоў, перанялі і захапілі ўсе службы вакол яго (і ахову, і адміністрацыю, і г.д.). І Ельцын неўзабаве пайшоў з Крамля ня хочучы. Яго “вывелі.”

Тут, аднак, справа іншая. Расейцы не зьбіраюцца ськідаць Лукашэнку. Яны толькі шматкроць умацоўваюць свой уплыў і кантроль над ім, у адпаведнасьці з разгортваньнем новага пляну.

У канцы ліпеня былі агучаныя чарговыя этапы пасьлявыбуховага графіку. Генэральны сакратар Арганізацыі Дамовы пра калектыўную бясьпеку (АДКБ) расейскі генэрал КГБ Н. Бардзюжа аб'явіў пра стварэньне ў Беларусі новай ваеннай структуры, якая нібыта будзе “адказам” на ўстаноўку шчыта супрацьракетнай абароны ЗША у Чэхіі. У Беларусь расейцы зьбіраюцца ўвесьці ракетныя комплексы “Іскандэр-М”, а таксама плянуюць выкарыстаць ужо і так “зьмешаную” авіябазу ў Мачулішчах пад Менскам для разьмяшчэньня сваіх стратэгічных бамбавікоў. Акрамя таго расейцы намерваюцца разьмясьціць на заходніх межах Беларусі “спэцыяльныя падразьдзяленьні” свайго войска.

Што асабліва цікава, — заяўлена, што новая “структура” ўжо ў агульных рысах будзе створана “праз месяц”, гэта значыць, у канцы жніўня. Практычна, ніякай рэакцыі зь беларускага боку на гэтую грубую экстраардынарную заяву не было.

Са сказанага вынікае, што пытаньне ўводу расейскіх ракетаў і войскаў на Беларусь таемна і даўно ўзгоднена з Лукашэнкам. Даўно, бо інакш бы не было паведамленьня, што да канца жніўня ўсё будзе гатова ў агульных рысах. (За месяц такія справы ня робяцца.) Падрыхтоўка йдзе ўжо даўжэзны час. Цяпер жа настаў момант аб'явіць.

Адразу відаць, што амэрыканскі супроцьракетны шчыт тут ні пры чым (бо ад яго няма пагрозы нікому). Шчыт скарыстоўваюць як нагоду, каб увесьці расейскія ракеты і войска на Беларусь. Калі б такая задума Масквы ўдалася, то гэта ўжо абазначала б пачатак рэальнай акупацыі Беларусі. Сытуацыя дакладна нагадвала б схему акупацыі Прыбалтыкі, якая была зроблена расейцамі, згодна Пакту Молатава-Рыбентропа ў 1939-1940 гг. Практычна, ужо на этапе ўводу войска Лукашэнка для Масквы мог бы быць непатрэбны. Але несумненна, што яны будуць выкарыстоўваць яго як можна даўжэй.

У гэты ж самы час, праз дзень пасьля заявы Н. Бардзюжы аб расейскай ваеннай групоўцы, Міністэрства замежных справаў Расеі выступіла са сваёй заявай аб стварэньні так званага “Фэдэральнага агенцтва па справах СНД”. Па задумцы, яно павінна “продвигать российское влияние в ближнем зарубежье”. Гаворыцца, што ў Расеі цяпер на гэта “есть ресурсы” (нафтадаляры і г.д.). Гэта будзе ўрадавая структура з асобным фінансаваньнем і са статуснай асобай у кіраўніцтве. Агульнае кіраўніцтва дзейнасьцю новага агенцтва “будет осуществлять глава государства” (г. зн. прэзыдэнт Расеі). Нам трэба “дапамагаць” краінам СНД “вырашаць іхныя праблемы пад эгідай Расеі”, — кажуць прастадушна расейскія чыноўнікі (Коммерсант, — 2008, 31 ліпеня).

Гэтае агенцтва плянуе даваць стыпендыі рускім, завозіць у Беларусь і ў беларускія бібліятэкі рускамоўную літаратуру, “працаваць” зь няўрадавымі арганізацыямі, фінансаваць рускамоўныя праекты і г.д. Словам, чым будзе займацца гэтая структура гэбоўскай Расеі ў Беларусі, — зразумела. Тым, чым умее: ствараць агентуру, рэзідэнтуру, пятую калёну, “рускость”, “православность”, штурхаць папсу ды какошнікі.

Сімптаматычна, што ўсё гэта, як паведамлена, таксама будзе вырашана на працягу жніўня. На пачатак верасьня структуру абяцаюць стварыць.

* * *

31-га ліпеня ў рэжымным друку (дадатак “Саюз” да “Советской Белоруссии”) зьмясьцілі матэрыялы аб забудове цэнтра Менска (Юбілейны пляц) вялізнымі “хмарачосамі”.

Жудаснае ўражаньне. І ня толькі ад бяздарнасьці праекту і гмахаў, колькі ад усьведамленьня пагрозы сацыяльна-архітэктурнаму існаваньню беларускай сталіцы і ад разуменьня поўнай непатрэбшчыны таго, што заплянавана. У такім горадзе людзям стане немагчыма жыць. Працэсы незапатрабаванага будаўніцтва і праектанцтва пачаліся нядаўна, неўзабаве пасьля прыняцьця Масквой новай акупацыйнай палітыкі. Разбудоўваюцца цэлыя раёны з элітным жыльлём, якое ня змогуць купіць цяперашнія звычайныя беларусы (жыльлё вельмі дарагое). Будуе яго мільярдэрскі клан мэра Масквы Лужкова (жонка мэра Батурына — галоўны інвэстар).

Будуюцца дарагія офісныя гмахі, плянуюцца высачэнныя хмарачосы, дзелавы “Менск-сіці” на месцы гістарычнага Менска (плянуюць яшчэ адзін у раёне аэрапорту). Каму гэта ўсё? У Беларусі цяпер няма патрэбы ў дарагіх офісных хмарачосах. Хто там будзе іх загаспадарваць? Для каго гэта ўсё робіцца?

Адказ ляжыць на паверхні. Гэта робіцца не для беларусаў, а для тых, хто прыйдзе сюды пасьля захопу беларускай маёмасьці і, фактычна, усёй нашай краіны знутры. Расейцы будуюць сабе. Рускі крымінальна-алігархічны капітал тут, у Менску, з прыцэлам на посьпех расейскай апэрацыі ў Беларусі інвэстуе сам сябе.

У хмарачосах на Юбілейным пляцы, напрыклад, заплянаваныя ня толькі офісы, але і гатэлі, рэстараны, “сурермаркеты”, крамы, ігравыя аб'екты, таталізатары, “трэвал-агенцтвы”, дваццаць казіно і г.д. — у асноўным невытворчы, нізкі, азартны і крымінальны бізнэс, які сьцягне ў Менск крымінальныя адкіды грамадзтва. Жыць у такім горадзе будзе немагчыма нармальным людзям, дыскамфортна ў антыкультурным асяроддзі і не па кішэні. Менск стане чужым, непазнавальна пераменіцца ў расейскі горад, дзе беларусам будзе адведзена роля абслугі. (Канцэнтрацыя казіно, між іншым, абавязкова прывядзе да пашырэньня псіхічнай залежнасьці людзей ад азарту, да так званай хваробы “іграка”, якая стаіць побач з наркаманіяй і алькагалізмам і, практычна, невылечная.)

У рэчышчы гэтага расейскага будаўніцтва лягічна існуюць і расейскія ідэі ўвесьці для расейцаў РФ і беларусаў падвойнае грамадзянства на Беларусі (гэта, маўляў, прадугледжвае “інтэграцыя”). Тады кітайскі прынцып дэмаграфічнай акупацыі (выпрабаваны на Цібеце) стаўся б для расейцаў рэальнасьцю, а для нас — няшчасьцем (на міжнародныя законы тут ужо даўно ніхто не глядзіць). Дарэчы, ужо цяпер грамадзяне РФ нароўні з грамадзянамі Беларусі могуць набываць беларускую нерухомасьць. Гэта толькі пачатак.

Дзеля выкананьня ролі “абслугі” расейскіх алігархаў, банкіраў, сутэнёраў, гэбістаў і крымінальнікаў ня трэба вышэйшай адукацыі. Таму адукацыйны статус беларускага насельніцтва (тое, чым Беларусь вылучалася сярод усіх краінаў у СССР) будзе і надалей катастрафічна паніжацца. Нішчыцелі Беларусі, нават самыя цёмныя, самыя неадукаваныя, заўсёды выдатна адчувалі, як трэба гробіць народ. За Сталіным пасьля 7-га кляса сярэдняй школы было ўведзенае платнае навучаньне (каб паставіць заслон перад вышэйшай адукацыяй), базавай адукацыяй лічылася сямігодка, і за сем клясаў выдаваўся атэстат. Расейскім будаўнікам камунізму патрэбныя былі токары, сьлесары, фрэзэроўшчыкі; квітнелі “ФЗО” (“Фабрично-заводское обучение”), а не ўнівэрсітэты.

У цяперашняй Расеі засталася старая імпэрская ідэалёгія, але ўжо згрупавалася іншае грамадзтва, ўсплылі іншыя “можныя сьвету гэтага”, і на нас насоўваецца іншая небясьпека з Усходу, што праз засланых сваіх “казачкоў” рыхтуе цяпер сабе пляцоўку ў Беларусі.

* * *

Шмат хто схільны вінаваціць ва ўсім усёдазволенасьць, неадукаванасьць і цемру дыктатара, бачыць ў гэтым, напрыклад, прычыну таго разбурэньня, што адбываецца ў беларускай школе. Гэта памылка. Тут ня броўнаўскі рух, тут сістэма, тут прадуманая палітыка псаваньня беларускай школы і адукацыі, робленая на заказ. Гэта не капрыз — узяў і за адзін дзень загадам адмяніў 12-годку. Гэта выкананьне прадуманага пляну, падрыхтаванага нішчыцелямі беларускай нацыі. Вынікі гэтага ўдару па школе будуць імгненныя. Мы страцім (рэальна, ужо ў гэтым годзе) трыццаць тысячаў настаўнікаў і не адновім у бліжэйшай будучыні. На пэдагагічныя спэцыяльнасьці ВНУ ужо недабор. Адсутнасьць конкурсу — немагчымасьць выбару лепшых.

Беларусь выключаецца з эўрапейскай сістэмы адукацыі, увальваецца ў адсталасьць, у аўтсайдэры (тэставаньне абітурыентаў у гэтым годзе ўжо паказала гэта). На абніжэньне ўзроўню адукацыі беларускай асобы накіраваныя таксама маніпуляцыі з выкладаньнем гісторыі, пасьлядоўнае зачыненьне беларускіх школаў, спаленьне беларускіх падручнікаў, зачыненьне беларускіх дзіцячых і юнацкіх выдавецтваў, дзіцячых часопісаў і г.д. Нішчэньне школы йдзе пакетам, разам з разбурэньнем сістэмы беларускай мовы, з заканадаўчым прыняцьцём рэпрэсіўнага правапісу.

Усё гэта прыдумана і зроблена ўладай і людзьмі, якія беларускай мовай не валодаюць і не карыстаюцца, і накіравана на спыненьне стыхійных працэсаў росту папулярнасьці мовы, на дэстабілізацыю афіцыйнага напісаньня, на заслон беларускай мове ў грамадзтве і культурнай сфэры, урэшце — на моўнае вынішчэньне беларускай культуры.

Цяжка ўявіць, каб у суверэннай краіне мог узьнікнуць такі цынічны, дыскрымінацыйны і паранойна-крымінальны закон, які прадугледжвае судовае і адміністрацыйнае пакараньне за артаграфічныя памылкі ў прыдуманым русіфікатарамі “новым правапісе”. (Да рускага правапісу гэта не адносіцца. Таму зразумела ў якую мову штурхаюць цемрашалы людзей — у тую, дзе за памылку на пісьме не дадуць штраф, не зьняважаць і ня звольняць з працы.)

Гэты ўнікальны па сваёй нізасьці, цынізму і непавазе да беларусаў выпадак якраз наглядна паказвае, што мы, беларусы, хоць фармальна валодаем яшчэ зьнешнім, міжнародным, дзяржаўным суверэнітэтам, але даўно ўжо ня маем суверэнітэту ўнутранага. З таго часу, як адбылася ўнутраная акупацыя Беларусі Масквой і ўсё беларускае стала ператварацца ў нішто.

Нядаўна мне прышлося пісаць, што трэба рабіць, каб неяк уратаваць мову ў становішчы дыктатуры і антыбеларускай палітыкі (“Сістэмнае разбурэньне мовы”). Але гэта парады на чорны варыянт падзеяў, на дыктатуру, на часовае статус-кво рэжыму. Зразумела, што калі ўлада цемры і прамаскоўскі рэжым застануцца трываць далей, кардынальна ўратаваць мову, культуру і здаровую нацыю ня ўдасца. Рэжым мусіць быць ліквідаваны, антыбеларуская палітыка спыненая.

У гэтым жа рэчышчы і ў гэты ж час (пачынаючы з “новай” акупацыйнай палітыкі) плянуецца будаўніцтва атамнай электрастанцыі на Беларусі па расейскім праекце (удаваньне рэжыму, што робіцца нейкі выбар паміж праектамі, выклікае толькі усьмешку ад няўклюднай гульні). Пабудова расейскай АЭС на Беларусі ёсьць стратэгічны інтэрас Расеі ў пляне поўнага і манапольнага кантролю над беларускай энэргетыкай (расейцы самы пра гэта кажуць), у пляне, урэшце, інтэграцыйнай акупацыі як галоўнай стратэгіі крамлёўцаў на захадзе ў дачыненьні да нашай краіны.

Усе гэтыя, здавалася б, разрозьненыя факты, падзеі, працэсы ёсьць рэчышчам адзінага генэральнага пляну, сэнс якога — падпарадкаваньне і захоп Беларусі гэбоўскай Расеяй. Дарога адчынена ўжо даўно. У выніку, як напісаў адзін беларускі патрыёт, мы раствараемся ў чужасьці, як соль у вадзе.

Высновы

Цяпер глянем яшчэ раз на выбух у Менску. З гледзішча ўсёй сытуацыі, як ўжо адзначана, — гэта была сігнальная ракета да пачатку пэўных дзеяньняў (да заплянаванай атакі). Яго падрыхтавалі і зрабілі тыя, для каго ён паслужыў сігналам у эскаляцыі рэпрэсіяў і акупацыйнай палітыкі ў рэчышчы выбарчай кампаніі і ўсяго маскоўскага пляну супраць Беларусі.

Я ўжо пісаў раней, што выбух быў падрыхтаваны і выкананы высокімі прафэсіяналамі і не ў “малочным пакеце”. Удар меў накіраванае, нізавое, веернае дзеяньне, разьлічаны на паражэньне шрапнэльлю (шрубкі, болцікі) людзей у ніжнюю частку цела. На месцы выбуху добра відаць круглая выбуховая ямка. З аднаго боку ямкі — кучка выкінутага грунту, з другога — відаць веерныя сьляды шрапнэлі, накіраванай у адзін бок. Ювелірнае выкананьне. Грунт перад лункай з аднаго боку кімсьці пасьля выбуху акуратна затаптаны.

У гэты ж дзень месца выбуху ліквідавалі, старанна заклалі дзярном і прычасалі траву. Так замятаюць сьляды, а не наводзяць парадак.

У схаванай агрэсіі Расеі вельмі небясьпечнымі ёсьць вайсковыя падрыхтаваньні. Рашэньне і намеры Масквы ўвесьці свае ракеты на Беларусь, спэцыяльныя вайсковыя падразьдзяленьні і стварыць тут мілітарную групоўку ёсьць адлюстраваньнем пляну завяршальнай стадыі акупацыі Беларусі. Калі б удалося выбарчымі маніпуляцыямі захапіць парлямант, забраць у свае рукі і пераўтварыць сталіцу Менск, захапіць прадпрыемствы і нацыянальную маёмасьць, ліквідаваць (ці хаця б ізаляваць) 1767 беларусаў жадобінскага сьпісу (пытаньне аб беларускім войску, міліцыі, КГБ, практычна, ужо не стаіць — усім камандуюць расейскія генэралы) — тады працэсы маглі б набыць незваротны кшталт, што абазначала б нацыянальную катастрофу.

Гебельсаўшчына

Пра сур'ёзнасьць і сьмяртэльную небясьпеку маскоўскіх агрэсіўна-авантурных плянаў, якія выконваюцца ў нас на вачах, сьведчаць ня толькі факты, падзеі, становішча і аналіз гэтага становішча, але таксама сімптаматычныя паводзіны Масквы дзеля забесьпячэньня інфармацыйнага прыкрыцьця сваёй агрэсіўнай і захопніцкай палітыкі ў Беларусі.

Дзесьці ў сакавіку гэтага года (новы акупацыйны плян ужо быў у дзеяньні і ў стадыі падрыхтоўкі) зьявілася ў друку такое жаўтаватае, на першы погляд, паведамленьне, што нейкі лёрд Бэл, спэцыяліст па рэклямна-інфармацыйных тэхналёгіях, будзе запрошаны ў Беларусь, каб палепшыць “імідж” Лукашэнкі. Экзатычнае паведамленьне ажывіла запалоханае з усіх бакоў журналісцкае асяроддзе, пахіхікалі крыху і супакоіліся. Тым часам падзея ня простая, і палітыкі, якія разумеюцца на працэсах, гэта адзначылі.

26 сакавіка ў Сеціве (радыё “Свабода”) зьявіўся надзвычай грунтоўны, інфармацыйна насычаны і дакладны па палітычных акцэнтах артыкул Пётры Садоўскага “У павуціне дарагога піяру”, дзе ўсебакова, на фактах паказана дзейнасьць гэтага сьпечанага брытанскай сыстэмай лёрда з плебейскімі замашкамі. “Павук” (такая яго мянушка ў Вялікабрытаніі) зьяўляецца там, дзе пахне смаленым і круцяцца вялікія грошы. За грошы ён здольны на шмат што, відаць, узяўся б адбельваць нават д'ябла (ва ўсялякім разе Піначэта спрабаваў адбельваць, не задарма, вядома). “Доктар-Павук. Ён рухаецца туды, дзе крыза, дзе скандал, дзе цёмныя справы, — піша Пётра Садоўскі, — але заўсёды туды, дзе пахне вялікімі грашыма”.

Выснова аўтара вельмі дакладная. (У дужках скажу, мяне заўсёды радуе, калі нашы фронтаўцы, дэпутаты Апазыцыі БНФ легендарнага ВС 12-га скліканьня, выдаюць, як палякі кажуць, “клясу” — гэта значыць узровень). “Думаю, — піша П. Садоўскі, — што візіт сп. Бэла ў Беларусь рыхтаваўся ня проста праз амбасаду. Папрацавалі тут больш высокія пасярэднікі... Галоўная бяда — у дызарыентацыі беларускай грамадзкай супольнасьці. Гэтая дызарыентацыя ўжо праглядаецца і ва ўрадавых колах, і ў шэрагах тых, хто лічыць сябе апазыцыянерам”.

Дакладна. У “імідж” і “піяр” для Лукашэнкі адразу ж ня верылася. Засьвяціўшыся, лёрд Бэл зьнік. Пагуляўшы ў хованкі з паўгода, ён, як і трэба было чакаць, аб'явіўся пасьля выбуху і пасьля пэўных расейскіх заяваў, пра якія я тут узгадаў. У пачатку жніўня сродкі масавай інфармацыі паведамілі: “Брытанскі піяр-мэнэджэр Цімаці Бэл падпісаў кантракт зь беларускім урадам. Ён бярэцца за паляпшэньне іміджу краіны ў сьвеце”. Вось гэта тое, што было ад пачатку. Чакалі толькі сігналу. Сігнал прагрукатаў, і роўна праз месяц зьявіўся “лёрд” у сапраўднай іпастасі.

А цяпер гнюсная проза. “Лёрда наняла Масква-Лубянка праз “беларускі ўрад” (г. зн. праз Лукашэнку) дзеля інфармацыйнага прыкрыцьця ў міжнародным маштабе ўсяго таго, што вытварае (і зьбіраецца вытвараць у бліжэйшы час) Масква на Беларусі. Пачакайма, мы яшчэ пачуем лёрдаўска-лубянскія пэрлы і пра сябе, і пра Маскву, і пра “язык издревле нам родной”. У інтэрв'ю замежным СМІ Цімаці Бэл пахваліўся, што плянуе зарабіць на кантракце мільёны. Не сумняваюся, Масква “мільёнаў” лічыць ня будзе, калі справа йдзе пра цэлую краіну.

Успамінаецца Ганс Вік, які ўсяго за паўтары мільёны даляраў (брусэльскіх) у супрацоўніцтве з КГБ нарабіў столькі бяды на Беларусі. Гэтаму Масква заплоціць, відаць, болей. І шкоды ад яго можа стацца таксама зашмат.

Заключэньне

Мне прыходзілася чытаць лекцыю на гэтую тэму беларусам Нью-Ёрку (можна набраць<зянон пазьняк 2008.08.03>па пошукавай сістэме “Google” і ўбачыць відэа). Не перастаю зьдзіўляцца нашай псіхалёгіі. Аналіз фактаў, прыведзеных у лекцыі, выклікаў здранцьвеньне і нешта накшталт упадка духу. Відаць, трэба ведаць асаблівасьці нацыянальнай псіхалёгіі і не распавядаць страшныя казкі. “Пусть лучше сказка станет былью.”

Таму адразу адзначаю, што маскоўскія пляны складаюцца, як па нотах, але часта выконваюцца “по-русски” (гэта значыць, “как всегда”). Ужо ў гэтым ёсьць пэўны паратунак для тых, хто нічога ня будзе рабіць.

Але дзейнічаць трэба. Трэба змагацца, супраціўляцца агрэсіі ўсімі спосабамі і сіламі. Ня думаю, што ўсё расейцам удасца, але шкоды нам яны наробяць.

Гледзячы генэральна, агулам на ўсю сытуацыю, разам і паасобку, — разумеем, што нідзе, ні ў чым мы сур'ёзна нічога не паправім (хіба пратрываем на час), не ўратуем, не адновім, не абаронім і ня сцьвердзім, пакуль Беларусяй будзе кіраваць агрэсіўная цемра, Лукашэнка і прамаскоўскі акупацыйны рэжым. Мы ўвесь час сьціскаемся, малеем і са стратай сучаснай беларускай школы, мовы, адукацыі і інтэлекту станем падаць у геаметрычнай прагрэсіі. Узурпатар абавязкова павінен адыйсьці ад улады, на якую ўжо даўно ня мае ніякага легальнага права. Адыйсьці хутка.

Адзінай рэальнай перашкодай ягонаму хуткаму адыходу, якая павінна стрымліваць усіх, — гэта негатовасьць забесьпячэньня перамогі нацыянальнай беларускай альтэрнатыве. Перамена ўлады без станоўчай нацыянальнай альтэрнатывы можа прывесьці да нечаканых і дрэнных вынікаў. Бо Масква прыдумвае сваю альтэрнатыву (што і было, напрыклад, на ўсіх прэзыдэнцках выбарах). Але трэба ствараць гатовасьць для беларускай перамогі, рыхтавацца да яе, інакш змаганьне ня мае сэнсу. Барацьба супраць рэжыму ня можа спыняцца, але дзеля перамогі і дзеля Беларусі яна мусіць быць беларускай. Ня могуць на нашым палітычным Беларускім полі швэндацца дзеячы пад чужымі сьцягамі і клікаць людзей то ў хваробу, то ў Эўропу. Нам перад сабой перш за ўсё нельга выглядаць грамадзтвам балваноў (як нас ўжо назвалі псьля ганебнай “парцянкі”).

Генэральнай задачай для грамадзтва зьяўляецца арганізацыя стрымліваючых чыньнікаў і правалу новага маскоўскага пляну. Падкрэсьліваю, гэта агульнанацыянальная задача, і яе ня так проста ажыцьцявіць без удзелу (хаця б частковага) розных групаў насельніцтва, у тым ліку чыноўнікаў і ўпраўленцаў. Небясьпека пагражае ўсім. Канкрэтная задача нумар 1. Нельга дапусьціць, каб рэжым і Масква, пры дапамозе апартуністаў з Захаду, пракруцілі свой сцэнар з недэмакратычнымі выбарамі і легітымізавалі б фальшывы парлямант, да таго ж (што вельмі верагодна) яшчэ й акрэсьлена прарасейскі. Адзіны мэтад супраціўленьня, які застаўся цяпер у людзей і які можа паўплываць на рэжым, — гэта байкот галасаваньня, адмаўленьне галасаваць.

Тым часам людзей, задзейнічаных у сістэме выбарчай фальсіфікацыі, зрушыць, здаецца, нічым немагчыма (нават сьмерцю і канцом сьвету). Трэба ведаць іх асобую прыроду адданасьці любой уладзе і асаблівы комплекс службізму.

Тым ня менш, і тут патрэбная інфармацыйная праца. Бо бываюць і выключэньні.

Вопыт і практыка паказалі таксама, што, фактычна, цалкам безнадзейна тлумачыць сытуацыю пра байкот і спадзявацца на здаровы сэнс сярод так званай “аб'яднанай” ці падстаўной “апазыцыі” — рэдкаснае спалучэньне поўнай палітычнай бяздарнасьці і маральнай безадказнасьці. Але пры пэўных умовах і тут магчымыя павароты.

Сіла беларускага супраціўленьня можа быць рэалізавана ў людзях, якія глыбока зразумелі сутнасьць і непахіснасьць выбарчага ашуканства, зададзенасьць фальсіфікацыйнай машыны. Такіх людзей, што не жадаюць больш ісьці галасаваць, вельмі шмат, і гэта цяпер галоўны вызвольны рэсурс. Байкот — гэта цяжэй, чым галасаваньне, гэта — адкрытая барацьба з рэжымам. Трэба шмат зрабіць, каб настроі ператварыліся ў дзеяньне, і народ рашыўся б на змаганьне са злом (як некалі было ў 90 — х).

Сярод канкрэтных задачаў, якія б трэба было адразу зрабіць, — гэта вытурыць лёрда Бэла зь Беларусі. Справа, на якую яго наняла Масква, шкодная, амаральная і антыбеларуская. Мэтады ўзьдзеяньня на гэтага цёмнага чалавека могуць быць розныя. Важна, каб яго адсюль добра папрасілі і каб ён выкаціўся зь Беларусі як найхутчэй.

Ваенны напад расейцаў на Грузію, рускія правакацыі ў Асеціі і Абхазіі ізноў, у каторы тысячны раз паказалі ўсяму сьвету, што гэта за краіна і якая там улада. Расейская вайна на Каўказе сьведчыць: тое, што гэбісцкая Масква вытварала ў Чачэніі, Прыднястроўі, раней у Прыбалтыцы, Аўганістане, Сярэдняй Азіі, цяпер у Грузіі — усё гэта яна здольная зрабіць і ў нас на Беларусі, і нават, як бачым, рыхтуецца да гэтага. Аднак ведайма: мы моцна пацярпелі ў гісторыі за нашу веліч, але ні адзін акупант зламаў тут сабе шыю. Скруціць і гэбісцкая Маскоўшчына.

8 жніўня 2008 г.

Зянон ПАЗЬНЯК