ПАДРАБЯЗНАСЬЦІ ВІЗІТУ БАРТАЛАМЭЯ I-ГА НА ЎКРАІНУ
25 ліпеня аплочаная Масквой кліентура зь нейкага кіеўскага рэкламагенцтва расклеіла па Кіеву сотні плякатаў і ўсталявала дзясяткі вялікіх шчытоў з выявамі Алексія ІІ “всея Русі”. З гэтага наступальнага манэўру маскалізатараў атрымаўся, аднак, пшык. У ўкраінцаў на гэты конт была свая думка ў сувязі са сьвяткаваньнем 1020 Хрышчэньня Русі (менавіта так называліся ў мінулым украінскія землі). Каля поўдня гарадзкія службы пачалі масавае зьдзіраньне плякатаў з Алексіям. На іхняе месца зьмяшчаліся плякаты з выявай прэзыдэнта Юшчанкі і Усяленскага Патрыярха Канстанцінопальскага Барталамэя І. Маскоўскім архібацюшкам нават афіцыйна нагадалі, што першагерархам Праваслаўнай Царквы зьяўляецца Барталамэй І, а не маскоўскі госьцік. А ў дадатак паведамілі, што праваслаўныя ўкраінцы пачынаюць працэс вызваленьня ад маскоўскай “всея Русі” і з дапамогай патрыярха Барталамэя будуць адбудоўваць сваю аўтакефальную Украінскую Праваслаўную Царкву. У маскоўскіх пачалася істэрыка. Калі Алексій дзе-небудзь праходзіў сярод людзей, ягоная гэбоўская ахова груба расштурхоўвала ўсіх (украінцы адэкватна ацанілі паводзіны “яго сьвяцейшаства”).
Прэзыдэнт Юшчанка і кіраўніцтва Украіны правялі афіцыйную сустрэчу і перамовы з патрыярхам Барталамэям, праігнараваўшы “свяшченный гнев” Алексія і ягонай сьвіты. Расейскія СМІ надрываліся ў істэрыцы і паказалі шмат чаго “лішняга” (што потым выразалі з рэпартажоў пры паўторным іх паказе па тэлебачаньні). Напрыклад, эпізод з эстрадным канцэртам у цэнтры Кіева. Вельмі дзіўная была гэтая задумка маскоўскай кліентуры: гарланіць хард-рок і расейскую папсу “в честь крешченія”. Нечакана пасярод рок-зорак на сцэну выскачыў Кірыл, мітрапаліт смаленскі РПЦ, у чорнай сутане і з барадой. Сваім камсамольскім звонкім амаль-фальцэтам ён пачаў гукаць пра “идеалы союза, который был и который будет” ды пра “им не удастся разобщить нас”. Чуваць было, як натоўп моладзі пачаў магутна ўлюлюкаць і сьвістаць гэтай “поп-зорцы”. У наступных тэлерэпартажах гэтага “поп” ужо больш не паказвалі. На працягу 17-ці гадоў пасьля вызваленьня Украіны ад 330-гадовай расейскай акупацыі ўкраінскае грамадзтва прайшло вялікі шлях. Адноўлена нацыянальная дзяржава, вырасла цэлае пакаленьне, для якога нацыянальная мова і нацыянальная культура зьяўляюцца нормай. А цяпер нармалізуецца і рэлігійнае жыцьцё ўкраінскай нацыі.
***
На іншым участку ўкраінскага фронту таксама адбываліся падзеі. У Севастопалі ўкраінскія ўлады 26 ліпеня забаранілі расейскаму флёту страляць і пускаць самалёты ў сувязі з “днём ВМФ РФ”. На гэты “празднік” з Масквы паляцелі ў Крым лубянскія думцы, каб у чарговы раз гукаць пра “Крым наш, нікому не отдадім”. Найбольш адыёзнаму зь іх — маскоўскаму мэру Лужкову — ужо раней забаронена зьяўляцца на тэрыторыі Украіны. Другога адыёзнага — К. Затуліна з Дзярждумы (старшыня камітэту па СНД) — затрымалі ў аэрапорце Сімфэропаля і не пусьцілі далёй. Спэцслужбы Украіны заявілі, што прыезд Затуліна — гэта спроба дэстабілізаваць сітуацыю ў Крыме. На імпэрыяліста завялі крымінальную справу.
***
28 ліпеня Масква “адпомсьціла” украінцам за ўсё. У цэнтры Кіева сабралася купка русскоязычных маладзіц з яркім макіяжам і крыклівымі строямі. Яны трымалі плякат “Секс — не товар”. Адна зь іх раптам завалілася проста на асфальт і заняла “откровенную” позу. Аказваецца, увесь гэты маскоўскі балаган быў моб-шмобам. Замежныя СМІ цярпліва тлумачылі, што “гэта не прастытуткі, а яны пратэстуюць супраць таго, што Украіна становіцца краінай сэкстурызма”. Насельніцтва з агідай прарэагавала на гэтую маскоўскую правакацыю. Беларусы тым часам добра разумеюць, што ва Ўкраіне немагчымая афіцыйная русіфікатарская гнюснасьць кшталту сумнавядомай “Павлинки-NEW”.
Янка Базыль