АДКАЗНАСЬЦЬ І БЕЗАДКАЗНАСЬЦЬ ТВОРЧАЙ ЭЛІТЫ
29 ліпеня 2008 г. Аўстрыйская газэта “Der Standard” апублікавала рэпартаж з румынскай правінцыі. 57-гадовы паэт Мірча Дзінэску водзіць рэпарцёра па сваіх вінаградніках, распавядае пра вінаград і віно, якое ягоная фірма экспартуе ў Аўстрыю. Дзінэску — легендарная фігура, яго называюць паэтам рэвалюцыі. За свае вершы Дзінэску быў пад перасьледам рэжыма Чаўшэску. Доўгі час знаходзіўся пад хатнім арыштам, ня мог друкавацца. Паэта вызваліў народ 22 сьнежня 1989 г., у дзень падзеньня антынароднай прамаскоўскай дыктатуры. Мірча Дзінэску адразу паехаў на цэнтральную тэлестудыю. Румыны памятаюць, як на экранах тэлевізараў зьявіўся малады бледны, схуднелы чалавек і зьвярнуўся да народу з палымянымі словамі: “Дыктатар уцёк. Бог зноў павярнуўся тварам да румынаў...”
Наш камэнтар: Не сакрэт, што некаторыя беларускія творцы вырашылі “перачакаць” цяжкі час дыктатуры, “нікуды ня лезьці” — “авось неяк само наладзіцца”. Некаторыя далучыліся да грантаўскай прамаскоўскай псэўдаапазыцыі, актыўна калолі Народны Фронт, цяпер актыўна падтрымліваюць грантаўскіх зазывалаў на псэўдавыбары. Яны спадзяюцца, што беларусы забудуцца пра гэтую ганебную старонку іхнай біяграфіі. Але не забудуцца, ня выбачаць. Таму што ў творчай эліты значна большая адказнасьць перад народам. Праўда будзе абавязкава сказана публічна.
Юрка Марозаў