БЫЛЫ КАМУНІСТ ТЭРЫ ДЭВІС ЗА РАСЕЙСКАЕ “ДЕЛО”
29 ліпеня 2008 г. Чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes” задала сабе рытарычныя пытаньні: “Хто валадарыць сёньня ў Расеі? Наагул ці там дэмакратычны рэжым?” У якасьці адказу газэта цытуе рэспубліканскага кандыдата на пасаду прэзыдэнта ЗША Джона Маккэйна: “Краінай валадарыць Уладзімір Пуцін, і гэта ёсьць аўтакратыя”.
Наш камэнтар: Масква ажно калоціцца ад думкі, што ў ЗША можа стаць прэзыдэнтам чалавек, які ў адкрытую кажа праўду пра іхную “дэмакратыю” і зьбіраецца адэкватна дзейнічаць. У цэлым на працягу апошніх месяцаў назіраецца працэс ацьверазьвеньня шэрагу палітычных дзеячаў і нават элітаў у многіх заходніх краінах наконт Расеі і лубянскага рэжыму. Зрэдку яшчэ можна ўбачыць у газэтах і часопісах салодзенькія фотапартрэты Пуціна і Медведева. Але часьцей за ўсё друкуюцца фота, у якіх праяўляецца агрэсіўнасьць і дзікі нораў гэтых асобаў (ёсьць шмат проста карыкатурных і ў той жа час праўдзівых здымкаў крамлёўскага начальства).
Хаця бывае па-рознаму. Амэрыканец Маккэйн не па кніжках ведае, што такое гэбізм. У 1968 г. ён (лётчык ВПС ЗША) патрапіў у палон да вьетнамцаў. На працягу пяці гадоў яго жорстка катавалі ў ханойскай турме пад кіраўніцтвам маскоўскіх “дарадцаў”. Брытанец Тэры Дэвіс таксама ведае пра гэбізм з уласнае практыкі. У 1960-80-я гады ён служыў у “левым крыле” Лейбарысцкай партыі (фактычна камуністычная фракцыя пад маскай лейбарыстаў). На працягу доўгіх гадоў Дэвіс карміўся з рук Крамля, верна выконваючы загады товарішчей па “барбе”. Потым (безумоўна, паводле загаду товарішчей) Дэвіс крыху “паправеў” і зрабіў кар'еру ў агульнаэўрапейскіх структурах. Цяпер ён вядзе “барацьбу” на пасадзе старшыні Парляманцкай асамблеі Рады Эўропы. Нядаўна Дэвіс заявіў, што “Беларусь павінна далучыцца да больш дэмакратычнай Расеі і разам зь ёю ісьці да дэмакратыі”. Трэба прызнаць, што гэты заклік ўжо даволі кур'ёзна прагучаў на фоне цьвярозых ацэнак заходнім грамадзтвам справаў расейскай тыраніі.
Юрка Марозаў