СІСТЭМНАЕ РАЗБУРЭНЬНЕ МОВЫ

У 30-х гадах, пад расейска-савецкай акупацыяй, нішчэньне правапісу беларускай мовы адбывалася пад гукі рэвальвернай кананады ў Курапатах, у лясах пад Магілёвам ды пад Менскам, у Сьляпянцы да Лошыцы, у двары Вялейскай турмы, ды казематах Берасьцейскай крэпасьці. Таму аб акупацыйным правапісе не дыскутавалі (маглі расстраляць). Адны перасталі пісаць па-беларуску, другія пагадзіліся на “тапор”, “карандаш”, “акцябрскую рэвалюцыю” і іншую лексіку. Разьвіцьцё афіцыйнай, дзелавой ды й літаратурнай беларускай мовы было спынена. Вось вынік так званай “наркомаўскай” маніпуляцыі Масквы зь беларускай мовай. Заканадаўчае дзеяньне было накіравана на вынішчэньне беларускай мовы шляхам паралічу яе моўнай сістэмы знутры.

Толькі пасьля сьмерці Сталіна беларуская літаратура паступова пачала зьвяртацца да жывых формаў і лексікі беларускай мовы, абыходзячы вірусы і рагаткі чужароднай ін'екцыі. У сярэдзіне 50-х здолелі часткова рэфармаваць і беларусізаваць чужародны правапіс, але вярнуцца на зыходныя пазыцыі поўнасьцю не ўдалося, нягледзячы на гераічныя і плённыя высілкі выдатнай беларускай літаратуры. Афіцыйная беларуская мова (літаратурная, дзелавая) мярцьвела, лакалізавалася ў літаратуры, у некаторых газэтах і сярод асобных людзей (галоўным чынам інтэлігенцыі). Гэта амярцьвеньне жывой літаратурнай мовы бачылі, адчувалі, пра гэта пісалі, крычалі тады амаль усе вялікія беларускія пісьменьнікі і паэты (“Кажуць, мова мая адамрэ...” — клясычны рэфрэн у тагачаснай паэзіі.)

Чаму ж сталінскі ўдар аказаўся такім балючым і катастрафічным? Два чыньнікі. Найперш, удар быў накіраваны ўнутр сістэмы мовы. Другі чыньнік — удар у сістэму мовы быў падтрыманы палітыкай этнацыду і генацыду беларускай нацыі. Бяз гэтага другога чыньніку сьмяртэльны стрэл у сістэму мовы ня меў бы, практычна, ніякага значэньня. Сістэма проста выплюнала б чужароднае цела і разьвівалася б далей па сваіх жывых законах, чужароднае не прыжылося б.

Рэпрэсіі, страх, прымус — былі формай, зьместам і рэалізатарам выніковасьці сталінскага закону. Як толькі гэтыя чыньнікі пачалі слабець — агалілася сутнасьць нішчэньня, зьявілася воля да адраджэньня жывога.

Беларуская нацыянальная рэвалюцыя 1991 года і вяртаньне незалежнасьці краіны (нягледзячы на ўладу савецкай намэнклятуры) вярнулі ўсё ў пачатак. Адрадзіўся новы клясычны правапіс (Браніслава Тарашкевіча). Пачаўся паварот да мовы, зацікаўленьне лексікай, правапісам, увага да дыялектаў, да беларускай лацінкі і г.д. Клясычным правапісам пачалі пісаць нашы вялікія сучасьнікі Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін. Мноства людзей упершыню вярнулася да беларускай мовы і, не прымаючы афіцыёз, пачалі пісаць, як умелі, экспэрыментаваць зь лексікай і правапісам, розныя аўтары і часопісы па-рознаму пачалі адыходзіць ад афіцыйнага (савецкага) напісаньня. Разам з выдаткамі тут выявілася шмат новых формаў і словаў, адчыняецца забытае. З пункту гледжаньня савецкага акадэмічнага афіцыёзу, — гэта анархія, “абы што”, зьмяшаньне ўсяго ў кучу, псаваньне мовы і г.д. З пункту гледжаньня гістарычнага працэсу, аднак, — гэта заканамерная зьява ўсялякага адраджэньня сістэмы і аднаўленьня страчанага. Гэта аб'ектыўны працэс, ён неабходны для крышталізацыі новага ўзроўню і новага адзінства. Гэта, нарэшце, працэс пазітыўны і яшчэ ня скончаны. Ён рухае наперад (siс!) творчае зацікаўленьне мовай у шмат якіх беларусаў. Ён спрыяе вяртаньню іх ва ўлоньне беларускай моўнай стыхіі.

Вельмі істотна ўбачыць і зразумець, што ў рэчышчы функцыянаваньня беларускай мовы ў цяперашняй Рэспубліцы Беларусь гэты цяперашні творчы плюралізм правапісаў ёсьць зьявай паралельнай афіцыйнаму ўжываньню мадэрнізаванага савецкага правапісу беларускай мовы. Грунт і стабільнасьць афіцыйнага ўжываньня мовы палягае на гэтым афіцыйным правапісе. На ім базуецца школа, навучаньне, інфармацыя і г.д. Пакуль што яму нічога сур'ёзна не пагражае, і “савецкі правапіс” квола йдзе сваёй дарогай. Але “паралельныя працэсы” выклікаюць усё большае зацікаўленьне беларускай мовай, прытым сярод тых, хто, не ўдаючыся ў развагі, карыстаецца афіцыйнай формай правапісу. “Паралельныя працэсы” выступаюць у ролі каталізатара ўсяго моўнага адраджэньня, нягледзячы на антыбеларускую (антышкольную, антымоўную) палітыку існуючага рэжыму. І вось тут адбыўся паўторны “сталінскі ўдар”. Нішчыцелі заўважылі працэс і прынялі меры згодна свайго антыбеларускага ўменьня і разуменьня. Антыбеларускі рэжым прыняў закон аб новым афіцыйным правапісе беларускай мовы. Задача тая ж — разбурэньне і ліквідацыя ў афіцыйным ўжытку літаратурнай беларускай мовы. Першы чыньнік (разбурэньне моўнай сістэмы) застаўся такі ж самы, як і раней, у 30-х, таму зьмены ў афіцыйным правапісе блытаныя і некардынальныя. Але (што дакладна заўважыў З. Саўка) не “тарашкевіца”, не “паралельны плюралізм”, а менавіта гэты новы таталітарны закон, прыняты ўнутранымі акупантамі Беларусі, разбурае адзінства афіцыйнага правапісу і цалкам дэстабілізуе моўную сытуацыю ў агульнанацыянальным маштабе.

Другі чыньнік, палітычны (страх, рэпрэсіі, перасьлед), у выніковым сэнсе ўсё ж не дацягвае да сталінскага, каб стаць гарантам дзеяньня і выкананьня акупацыйнага закону. Таму быў прыняты небывалы варыянт: уведзена юрыдычная адказнасьць асобы за напісаньне, ня згоднае з афіцыйным правапісам. Гэта грубае дыскрымінацыйнае палажэньне (прыдуманае людзьмі, якія беларускай мовай не карыстаюцца), ўнікальнае па сваім цынізме. 23 ліпеня гэтага года яно было афіцыйна зацьверджана! За артаграфічныя памылкі асоба мусіць адказваць па суду, альбо атрымаць адміністрацыйнае спагнаньне. Па паранойнай задумцы, пагроза судовага і адміністрацыйнага перасьледу за памылкі ў напісаньні павінна рэзка зьменшыць сфэру пісьмовага ўжываньня беларускай мовы (на гэта і разьлік) і павялічыць сфэру рускай, якая не дыскрымінуецца. Прытым, можна не сумнявацца, перасьлед за памылкі будзе выбарачным. Тут тыпова крымінальны падыход да выкананьня заведама крымінальнага заканадаўства і тыповая мэтодыка мафійнага гэбізму ва ўнутранай палітыцы.

Зацьвярджэньне разбуральнага закону выклікала зноў вялікую дыскусію ў непадкантрольных сродках масавай інфармацыі. Што зьвяртае на сябе ўвагу, спрачаюцца, у асноўным, пра суфіксы і канчаткі, не гаворачы (можа, не заўважаюць?) пра мэтанакіраваную разбуральную сутнасьць закона, пра заплянаваны дыскрымінацыйны гвалт над носьбітамі і карыстальнікамі беларускай мовы. Зьявіліся нават допісы, дзе з ужываньнем навуковай тэрміналёгіі пераконваюць, што, маўляў, нічога страшнага, мове “закон” не перашкодзіць, вунь і ў грэкаў такое было, і сталінскі закон мовы ня зьнішчыў. Гэтак пішуць звычайна маладыя, што ня ведаюць пра камунізм і савецкую акупацыю. Сталінскія мэтады супраць мовы нас распляскалі так, што ўжо ў 70-х гадах Масква і гэбісты паставілі на нашай нацыі крыж. Яны сур'ёзна лічылі, што беларуская мова “натуральным чынам” зьнішчана, і беларуская нацыя ўжо ніколі не падымецца. “Мы не будем противопоставлять белорусскую мову великому русскому языку!” “В Белоруссии нет национализма!” — гукалі розныя мясцовыя сакратары Цэ-Ка і “будаўнікі камунізму” (у партупеі пад кашуляй). Зьяўленьне БНФ выклікала ў іх шок, а бліскучае выкарыстаньне сітуацыі і перамога Фронту ў 1991 годзе ўвяла Маскву ў стан прастрацыі. Але калі б Савецкі Саюз праіснаваў бы яшчэ гадоў дваццаць, то сумняваюся, ці паднялося б што ў Беларусі. Мы віселі ўжо над безданьню.

Раней я неаднаразова пісаў, што Масква зрабіла для сябе вельмі сур'ёзныя высновы пасьля паразы ў Беларусі ў пачатку 90-х гадоў. Мэтад і мэтодыка, якімі вынішчаюць нас цяпер, глыбока, прафэсійна і дэталёва распрацаваныя, а тое, што адбываецца (па мэтодыцы разбурэньня нацыі), калі зрабіць сістэмны аналіз, не ўкладваецца ў рамкі інтэлекту кіроўнай асобы Рэспублікі Беларусь (хоць выконвае ўсё якраз гэтая асоба).

Вынішчэньне мовы йдзе “пакетам” разам з разбурэньнем школы. Апошні разбуральны прыём — раптоўны перавод на 11-годку. Па мэтадалогіі нішчэньня — гэта тое ж самае, што робіцца з мовай. У гэтым жа сістэмным пакеце йдзе выключэньне беларускай гісторыі са школы, разбурэньне беларускай літаратуры, беларускай грамадзянскай супольнасьці, нішчэньне помнікаў гісторыі і культуры, і беларускага Інтэрнэту (падзеі наперадзе).

Пакуль беларуская інтэлектуальная эліта не зразумее, не ўсьвядоміць глыбока і рэальна, што з боку Расеі йдзе доўгая зацяжная вайна супраць Беларусі, што гэта вайна іншымі сродкамі, бяз бомбаў і кулямётаў, бяз гучнае зброі, — што гэта вайна не на жыцьцё, а на сьмерць, — супраціўленьне арганізаваць ня ўдасца. Цяпер, аднак, трэба думаць разам, усім пра стратэгію супраціўленьня вынішчэньню ў вобласьці культуры, пра тактыку абароны мовы, пра спосабы яе захаваньня, пра контрнаступ і барацьбу за яе адраджэньне і разьвіцьцё. Стыхійнае выказваньне пазыцыі, абурэньняў, скаргаў ды ацэнак — справа неабходная, але ў гэтаў сытуацыі бездапаможная (“Масква сьлязам ня верыць,” панове).

Там, дзе ідзе арганізаваная атака — там павінен узьнікаць і арганізаваны супраціў.

Калі глянуць у корань і калі не апэраваць дэфініцыямі ды катэгорыямі (цяжкімі для ўспрыняцьця бальшыні людзей), то галоўны сэнс русіфікацыі і ўсёй гэтай векавой антыкультурнай палітыкі ў тым, каб беларусы перасталі гаварыць, чытаць і пісаць па-беларуску і пачалі размаўляць, чытаць і пісаць па руску. Вось іхняя стратэгія, зьведзеная да ўзроўню звычайнага чалавека. Яна ненатуральная, але простая, як кол. Адказ на гэта ёсьць жыцьцёвы і адпаведны — беларус павінен гаварыць, чытаць, пісаць і думаць па-беларуску — на роднай мове вялікай культуры і вялікай эўрапейскай нацыі. Вось нашая галоўная стратэгія ў барацьбе за культурнае існаваньне. Ёй павінна быць падпарадкавана ўся наша дзейнасьць ў вобласьці адукацыі, асьветы, інфармацыі, творчасьці, навукі і культуры. Не забывайма пра функцыю і ролю эліты, не забываймася і пра місію інтэлігенцыі. Тут мусіць быць тактыка і мэтадалёгія. Як некалі было ў акупаванай Прыбалтыцы — першае пытаньне па-эстонску (па-беларуску); другое пытаньне — чаму не размаўляеце па-эстонску (па-беларуску). Вялікая небясьпека, пачварныя зьявы насоўваюцца на нас з Ўсходу. Але мы маем супраць гэтага моцную зброю (прытым, у шырокім ужытку — непераможную). Гэтая зброя ёсьць наша вялікая Беларуская Мова.

Улічваючы разуменьне ўсяго, што сказана вышэй, што можна прапанаваць у гэтай сытуацыі, калі антымоўны дыскрымінацыйны закон прыняты? Найперш, яшчэ маецца больш за год да пачатку ўвядзеньня гэтага заканадаўчага “акту”. Трэба добра прадумаць дзеяньні і паводзіны ў гэтым пэрыядзе і на прышласьць. Калі за гэты час ішак ня здохне, і візір ня жэніцца, то першае што неабходна забясьпечыць — гэта захаваць вобласьць, дзе мог бы разьвівацца “плюралізм правапісаў” (паўтаруся, гэта жывы творчы працэс). Не выключаю, што трэба заранёў падумаць пра Інтэрнэт, падпольны самвыдат, кружэлкі ЦД і ДВД, псэўданімы, выданьні за мяжой і інш. Абсяг вялікі. Заўважце, што ў дзяржаўных выдавецтвах з прычыны пазыцыі рэжыму ўжо даўно і так не выходзяць кнігі сучасных выбітных беларускіх аўтараў — Барадуліна, Разанава, Бураўкіна, Някляева, Казько, Арлова, Гілевіча, ды-й, практычна, ўсе “маладыя” друкуюцца ў недзяржаўных выдавецтвах. Так што ёсьць, існуе “дарога жыцьця”. І будзе існаваць пакуль творыцца наша выдатная літаратура.

Другое (прашу аднесьціся да гэтага спакойна), неабходна распрацаваць мэтодыку нацыянальнага прыстасаваньня дыскрымінацыйнага моўнага закону да патрэбаў афіцыйнага існаваньня і пашырэньня беларускай мовы. Выдаткі непазьбежныя, напэўна будуць зьнявагі і нават ганебныя рэпрэсіі, грэблівасьць з абодвух бакоў. Усё трэба выцерпець, бо калі мы гэтага ня зробім, мову ў афіцыйным ужытку “прыхлопнуць” на “законных” (дакладней, на законна-крымінальных) падставах. Дзеля гэтага і прыняты нішчыцелямі такі юрыдычны акт. Трэба не забывацца, паўтаруся, што сутнасьць дыскрымінацыйнага закона не ў правапісе (прапануецца мадыфікаваная “наркомаўка”, ня больш), а ў пакараньні за артаграфію У сёньняшнім грамадзтве яшчэ няма сілы на шырокае і стыхійнае супраціўленьне моўнай дыскрымінацыі. Сілу трэба рыхтаваць і нельга праігрываць.

Трэцяе. Беларуская эліта (уся беларуская эліта, а ня толькі ТБМ, якое змагаецца ўвесь час) мусіць забясьпечыць пэрманентную і няспынную крытыку дыскрымінацыйнай сутнасьці крымінальнага “закона” пра мову (перасьлед за артаграфію) Гэтае пытаньне павінна гучэць паўсюдна і ўвесь час, на ўсіх канфэрэнцыях па лінгвістыцы, правах чалавека, разьвіцьці дэмакратыі, сутнасьці таталітарызму, юрыдычных аспэктах улады і г.д., гэтае пытаньне павінна гучэць у прыкладах і спасылках, стаць прыпавесьцю ў разважаньнях, заявах і патрабаваньнях. Пашырэньне крытыкі не азначае, што ўдасца прымусіць прамаскоўскі рэжым адмовіцца ад паранойнага палажэньня ў законе. Гэта выключаецца (на тое ён і прамаскоўскі рэжым). Але крытыка грубай тэндэнцыйнасьці антымоўнага акту будзе спрыяць інфармаванасьці людзей, іхняму праўнаму асьветніцтву, надасьць сілы здароваму грамадзтву ў змаганьні за розум, за сьветласьць, за вольную Беларусь.

26 ліпеня 2008 г.

Зянон ПАЗЬНЯК