ЛІПЕНЬСКІ СОЙМ БЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА ФРОНТУ “АДРАДЖЭНЬНЕ” І КАНСЭРВАТЫЎНА-ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ — БНФ

13 ліпеня, сёлета, ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ: “Ніхто на фальшывыя выбары!” (публікуецца).

З дакладам аб палітычным і сацыяльна-эканамічным становішчы выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў старшыні на Беларусі, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі. Масква і прамаскоўскі рэжым нібыта сьцішыліся апошнім часам пра “інтэграцыю Беларусі з Расеяй”. Але гэта, выглядае, сьведчыць пра тое, што рыхтуецца чарговая спроба так званай “інтэграцыі” (чытай — акупацыі) Беларусі. Рэжым разьвесіў па ўсёй нашай краіне прапагандысцкія транспаранты з правільным, але што да рэжыму, крывадушным лёзунгам “Мы беларусы”. Беларусы, аднак, ня вераць рэжымнаму гуканьню на расейскай мове пра “нашу культуру и нашу независимость”, бо бачаць, як рэжым разбурае ўсё нацыянальнае і вядзе нашую краіну ў расейскі палон. Нельга верыць фальшывым заклікам зьнішчальнікаў усяго беларускага — гэта чарговыя гульні падчас чарговай “выбарчай кампаніі”.

Усё, што творыць варожая беларусам сістэма: зьнішчальная русіфікацыя ўсіх сфэраў жыцьця, чарговае выбарчае шоў, мабілізацыя прамаскоўскай псэўдаапазыцыі, захоп нашай народнай маёмасьці расейскім мафійным капіталам, засяленьне нашай зямлі расейскімі бандытамі і асаднікамі (для канчатковай легалізацыі гэтага працэсу рэжым, як відаць, пад дыктоўку Масквы, плянуе ўвесьці “падвойнае грамадзянства”), апошняя правакацыя з выбухам у Менску — усё накіравана на адзіную мэту. Гэтая мэта адкрыта сфармуляваная яшчэ ў 1994 г., калі ўладу захапіла антыбеларуская групоўка, — захоп і анэксія Беларусі расейскай гэбоўскай імпэрыяй пры наданьні гэтаму захопу выгляду законнасьці. Няўдзел у “выбарах”, што адбываюцца пад палкай дыктатуры, зьяўляецца цяпер найбольш эфэктыўным мэтадам супраціўлуньня гэтай антыбеларускай і ашуканцкай палітыцы.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Паўсюль людзі абмяркоўваюць апошняе злачынства, якое адбылося ў Менску ў ноч на 4 ліпеня. Злачынцам не ўдалося выклікаць у нашым грамадзтве страху, разгубленасьці і жаданьня “жалезнай рукі”. Пралічыліся арганізатары выбуху: беларускае грамадзтва — не расейскае зь ягоным містычным абагаўленьнем крамлёўскай хунты і наборам імпэрскіх комплексаў. Пралічылася дыктатура. Беларусы цудоўна разумеюць, каму было патрэбнае гэтае крывавае злачынства.

Сойм абмеркаваў пытаньні працы з насельніцтвам па арганізацыі байкоту антыбеларускіх псэўдавыбараў.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

13 ліпеня 2008 г.