“КАРТ-БЛАНШ” НА ЗЛАЧЫНСТВЫ АД ПАСІЎНАЙ БОЛЬШАСЬЦІ.

29 чэрвеня 2008 г. Французкая газэта “Le Monde” паведамляе з Кітаю. У Вэнганскім раёне правінцыі Гуйжоў адбываюцца магутныя народныя выступы. Тысячы людзей атакавалі і падпалілі комплекс будынкаў мясцовай камуністычнай улады. Напярэдадні было знойдзена цела 15-гадовай дзяўчыны, якую згвалціў і забіў сынок мясцовага партыйнага бонзы. Паліцыя, аднак, заявіла, што адбылося самагубства.

Наш камэнтар: Людзі не сунімаюцца і ўжо каторы дзень бьюцца з паліцыяй, начальства хаваецца ад народнага гневу. Адкрылася яшчэ адна страшная язва “алімпійскага” Кітаю — скарумпаваная, эгалітарная дзяржсістэма, якая жорстка прыгнятае народ. Як бачым, гэты народ бароніць сваіх дзяцей і сваё жыцьцё. Запанікавалі нават пекінскія бонзы. Яны баяцца, што народныя пратэсты могуць ахапіць увесь Кітай (бо паўсюль адбываецца зьдзек з народу). Тады пад пытаньнем аказваецца “чырвоная алімпіяда”, якую за хабар кітайскаму чынавенству ўдалося прызначыць у антыдэмакратычнай краіне.

Трэба прызнаць, што раскрытыя нядаўна злачынствы паліцэйшчыны на дарогах Беларусі (шэраг “жывых шчытоў” з дарослых людзей і дзяцей) прыцягнулі павышаную ўвагу многіх беларусаў. Потым рэжымны суд і рэжымнае МУС заявілі, што “пассажіры самі былі віноваты, нікто іх не заставлял стоять на дороге”. Арганізатары “жывых шчытоў” вярнуліся “да выкананьня абавязкаў”. У адным, праўда, выпадку ім далі два гады ўмоўна. У некаторых людзей нават не прынялі заявы ў суд на ДАІ. Ім сказалі: паводле закону, ужо прамінуў тэрмін падачы заявы ў суд. Той факт, што людзі ляжалі ўвесь гэты час у рэанімацыі, ня быў “прыняты пад увагу” (“закон превыше всего!”, як кажа паліцэйскі міністар Навумаў). Хвалі часовай увагі грамадзтва разышліся па паверхні і зноў усталявалася “тішь і гладь”... Паліцэйшчына рэжыму атрымала яшчэ адзін “карт-бланш” на злачынствы ад пасіўнай большасьці.

Алесь Хадасевіч