ЗЬБІРАЮЦЦА “КАНТРАЛЯВАЦЬ” ШКЛОЎСКАГА МУГАБЭ

29 чэрвеня 2008 г. Партугальская газэта “Diario de Noticias” публікуе артыкул пад тытулам “Сфальшаваныя выбары гарантуюць перамогу Робэрта Мугабэ”. Дыктатар Зімбабвэ абвясьціў аб сваёй “элегантнай перамозе” на прэзыдэнцкіх выбарах. Афрыканскія краіны пакуль што маўчаць, эўрапейскія дэмакратыі выступілі з рэзкімі пратэстамі супраць дыктатарскага шоў. Усе паведамляюць пра атмасфэру гвалту і застрашэньня, якую наладзіў рэжым Мугабэ падчас выбарчай кампаніі (гвалт і зьдзек з людзей тут не спыняецца ўвесь час).

Наш камэнтар: Афрыканскі тыран непрывабны, яго не прызнаюць. А вось рэжым Лукашэнкі для заходніх “дэмакратаў”, аказваецца, дастаткова прывабны (няхай і з “агаворкамі”). Антыбеларуская дыктатура разгортвае ў Беларусі такое ж нахабнае і цынічнае “выбарчае” шоў, на вынікі якога ніяк ня могуць паўплываць беларускія выбаршчыкі. А брусэльскі Захад робіць выгляд, што не заўважае гвалту і зьдзеку, выбарчага фальшаваньня і дзікага зьнішчэньня ўсяго беларускага. Брусэль разам з Масквой падтрымлівае прадажную прамаскоўскую псэўдаапазыцыю, якая заклікае беларусаў “ісьці на выбары, каб кантраляваць уладу” (гэта дыктатуру яны зьбіраюцца кантраляваць?). Заходнікі робяць усё дзеля таго, каб Масква праз сваіх марыянэтак надурыла беларускі народ, і гатовыя прызнаць вынікі фальшывай і заплянаванай “перамогі” шклоўскага Мугабэ. Ня трэба зьдзіўляцца, што заходнікі і гэтым разам танцуюць пад маскоўскую дудку. Беларусы могуць парушыць усю гэтую жульніцкую крымінальную музыку толькі адным спосабам — адвярнуцца ад рэжыму і крыклівых зазывалаў на “выбары”. Калі ўсе мы салідарна ня пойдзем на выбарчыя ўчасткі, спэктакль пагарэлага тэатру праваліцца з грукатам. Рэжым завісьне ў паветры, пры пустых выбарчых участках ніхто не насьмеліцца прызнаваць фальшывую “перамогу” дыктатуры над народам.

Юрка Марозаў