ЗАКЛІКАЮЦЬ “КАНТРАЛЯВАЦЬ” ДЫКТАТУРУ

У сярэдзіне чэрвеня назіраецца “перадвыбарчая актыўнасьць” прамаскоўскай псэўдаапазыцыі. 13 чэрвеня “Нар. Воля” надрукавала мудры тэкст В. Вячоркі. Галоўны грантаўскі скарбнік распавядае, як ён зьбіраецца “гэтым разам абхітрыць улады на выбарах”. А вось як: ён заранёў падасьць у прэсу сваю “перадвыбарчую праграму” і ўлады вымушаны будуць надрукаваць яе ў газэтах. Але хітрун! Толькі крыху дзіўна: той, хто хоча некага абхітрыць, ня кажа пра сваю хітрасьць заранёў (бо якая пасьля таго хітрасьць?). Йдзецца пра іншае. Ён дае сігнал астатнім зазывалам на выбары, што ёсьць дамова з антыбеларускім рэжымам, паводле якой “праграмы” псэўдаапазыцыйных “кандыдатаў” сапраўды будуць надрукаваны ў газэтах. Усё робіцца з адзінай мэтай — завабіць, загнаць, заштурхаць беларусаў на рэжымны фарс.

На іншым фланзе ў тыя ж дні адбывалася чарговае блазенскае шоў у прагматычным Фронце. Шоў запоўніла сабой хвалі Радыё Свабода і “незалежнай прэсы”, падзея падавалася ў якасьці рэвалюцыйнай сітуацыі. З разьліковага БНФу быў выключаны такі Міхалевіч (даўно вядомы грантасмок). Ён захацеў быць намесьнікам старшыні адначасова ў Вінцукоў-Івашкевічаў і ў Мілінкевіча (каб там і там атрымліваць свае грантаўскія дывідэнды). Ушчаліся дыскусіі на правінцыі... У адной вобласьці “за выключэньне” Міхалевіча, у другой вобласьці — “супраць”. Усіх перакрыў голас вопытнага грантадзейца В. Івашкевіча: “Мы не дапусьцім стварэньня трэцяга Фронту!” І пайшло-паехала. Які ж сэнс гэтага пустога вэрхалу ні аб чым? Перш за ўсё мы бачым чарговую спробу прадэманстраваць, што “Фронт — гэта несур'ёзная арганізацыя” (некаторыя людзі ня ведаюць, што гэта за “Фронт”). Па-другое, у час, калі Масква захоплівае беларускую нацыянальную маёмасьць, “прагматыкі” бразгочуць у свае бразготкі і гукаюць пра “усе на выбары — кантраляваць уладу” дыктатара. Ну і ну.

Янка Базыль