ВОСЬ ШТО ЗНАЧЫЦЬ НЕ АСУДЗІЦЬ ЗЛАЧЫНСТВЫ СУПРАЦЬ ЧАЛАВЕЦТВА
29 чэрвеня 2008 г. Швэдская газэта “Dagens Nyheter” паведамляе, што ў Аргенціне адсланілі помнік у поўны рост паплечніку Кастра сумнавядомаму Чэ Гевары. Помнік стаіць у горадзе Разарыя, дзе быў нарадзіўся гэты Чэ і адкуль зьехаў вельмі маладым рабіць сусьветную рэвалюцыю. На ўрачыстасьць сабралося шмат ягоных зямлякоў. Газэта нагадвае, што Чэ быў злоўлены і забіты балівійскімі ўладамі ў 1967 г. Многія ў сьвеце лічаць яго “рамантычнай постацьцю”.
Наш камэнтар: Вось што значыць, калі не ліквідаваная антычалавечая камуністычная ідэалогія і практыка, калі кампартыі і камгрупоўкі працягваюць камфортнае існаваньне ў многіх краінах сьвету. Чырвоным фашыстам можна ставіць помнікі як сваім “рамантыкам”, а разгромленым і забароненым фашыстам-гітлерцам нельга. Ну, ўзяць, напрыклад, такога нямецкага “рамантыка”, як Ота Скарцэні. Ён ня быў эсэсаўцам або гестапаўцам, не забіваў мірных жыхароў (у адрозьненьні ад таварыша Чэ і ягонай групоўкі). Скарцэні, малады афіцэр-дэсантнік, зьдзейсьніў шэраг сьмелых і рызыкоўных спэцапэрацыяў падчас Другой сусьветнай вайны. Напрыклад, высадзіў на плянэрах свой малалікі аддзел у гарах Італіі і вызваліў з-пад арышту гітлерскага кліента Мусаліні ў 1943 г. Пасьля вайны Скарцэні знайшоў прытулак у іспанскага дыктатара Франка. Ніхто цяпер не зьбіраецца ставіць Скарцэні помнік “на родіне героя”. Бо “герой” служыў Гітлеру і свастыцы. А тым, хто служыў і служыць чырвонай зорцы і Маскве, — ставіць можна...
Алесь Хадасевіч