АБ ВЫБАРАХ
(Урывак з артыкула “Улада цемры”)
Цемрашальства антыбеларускага рэжыму асабліва выразна відаць у выбарах. Практычна, усе выбары за гэтым рэжымам былі недэмакратычнымі і былі сфальсіфікаваныя. У фальсіфікацыі незаконных выбараў прэзыдэнта ў 2006 годзе публічна прызнаўся сам фальсіфікатар А. Лукашэнка. Зразумела, што ён не хацеў гэта сказаць. Але яго падвялі дрэннае веданьне законаў, прымітывізм лёгікі і жаданьне быць арыгінальным. У выніку ён “прызнаўся” перад журналістамі, што “ва ўгоду Захаду” зьменшыў лічбу працэнтаў выбаршчыкаў, якія нібыта “прагаласавалі” за яго (бо, маўляў, надта шмат было). Небарака, відаць, думаў, што калі ён скажа пра зьмяншэньне адсоткаў не ў сваю карысьць, то гэта ня будзе выглядаць фальсіфікацыяй і ня выявіць ягонага незаконнага ўмяшальніцтва ў падлік галасоў і ўплыву на канцовы вынік галасаваньня. Фальсіфікацыйная машына падліку бюлетэняў тут адладжаная і простая, як кій. Пры адсутнасьці рэальнага кантролю над галасаваньнем і пры рэжымнай аднароднасьці выбарчых камісіяў галасы лічаць, як хочуць, але канцовы вынік падліку пішацца якраз у вертыкалі выканаўчай рэжымнай улады. (Якраз у гэтым па прастаце разумовай і прызнаўся А. Лукашэнка перад журналістамі ў лістападзе 2006 году.)
Заканадаўства аб выбарах, якое існуе, — далёкае ад дэмакратычных нормаў (і, зрэшты, ад Канстытуцыі). Яно дае магчымасьць правядзеньня галасаваньня цягам некалькіх дзён (так званае “папярэдняе галасаваньне”), што стварае ўмовы для маніпуляцыяў выбарчымі бюлетэнямі і для адміністрацыйнага ціску на выбаршчыкаў (іх, фактычна, прымушаюць браць удзел у галасаваньні, часам нават прывозяць на ўчасткі). Практыкуюцца таксама падказкі, ціск, хаджэньне прадстаўнікоў выбарчай камісіі са скрынкамі для галасаваньня па дамах выбаршчыкаў і іншыя яшчэ сталінскія прыёмчыкі.
Маючы ўвесь гэты квазізаконны сурагат выбарчай сыстэмы, трэба ўлічыць яшчэ вельмі істотнае: парляманту як законнай, легітымнай і незалежнай галіны заканадаўчай улады ў Беларусі не існуе. Гэта прыдатак аўтарытарнай улады без самастойных правоў і магчымасьцяў. “Палатку” (так у народзе называюць гэты ворган) кіраўнік рэжыму можа нібыта законна (па рэжымным законе) ліквідаваць зь любой нагоды і набраць іншы камплект — была б прычына і патрэба.
Для правядзеньня фальсіфікацыйных выбараў у гэтай сітуацыі і для стварэньня бачнасьці справядлівага галасаваньня і дэмакратычнага выбарчага працэсу рэжым мусіць забясьпечыць найперш два аспэкты дзеяньня: удзел розных палітычных арганізацыяў (пажадана “апазыцыйных”) у бяссэнсавых для іх выбарах і другое — вялікі (пажадана масавы) удзел выбаршчыкаў у галасаваньні. Тады фальсіфікацыя выглядае “элегантнай перамогай” з большай паловай усіх выбаршчыкаў “за” (а не якіх-небудзь 30 адсоткаў пры малой “фрэквэнцыі”). Хаця і тут “машына” навучана “накідаць”.
Для такога роду выбарчых камэдыяў рэжым стварае свае “апазыцыйныя” арганізацыі, знаходзіць падстаўных асобаў, якія заклікаюць усіх ісьці на выбары ды сказаць рэжыму сваё цьвёрдае “нет!” і г. д. У Беларусі гэтакая гэбоўская схема адпрацавана даўно, нудна і жмудна, аж да стэрэатыпаў, з разьмеркаваньнем роляў, салістаў і вызначэньнем паводзінаў.
У апошні час, з умацаваньнем гэбізму і карпаратыўнай дыктатуры ў Расеі, лукашысцкі “вопыт” выбараў пачала пераймаць лубянская Масква. Сыстэма гэбоўскага выбарчага ашуканства ў Беларусі ўжо закасьцянела і сфармавалася настолькі маналітна, што разбурыць яе можна, відаць, толькі разам з антыбеларускім рэжымам.
У гэтых умовах удзельнічаць у так званых парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, што ўжо прызначаныя на верасень, ня толькі бяссэнсоўна, але найперш шкодна. Гэта, фактычна, падыгрываць рэжыму ў ашуканстве людзей. Беларускі Народны Фронт і яго народная Партыя (КХП-БНФ) не павінны ўдзельнічаць у такіх “выбарах”.
Зразумела, таксама, што наяўнасьць падстаўной “апазыцыі” забясьпечыць фармальны ўдзел фармальна “апазыцыйных” партыяў у рэжымных выбарах. Яны будуць ствараць фармальную бачнасьць дэмакратычнага працэсу, як Гайдукевіч — фармальную альтэрнатыву Лукашэнку. Такая роля гэтых людзей, і ніякія доказы, угаворы, лісты, скіраваныя да іх, ня маюць сэнсу. (Мы ўсё гэта перажылі.)
Тым часам вялікай “масавасьці” галасаваньня цяперашняя падстаўная “апазыцыя” ня зробіць (хоць і паспрыяе). “Масавасьць” звычайна стварае найперш сам рэжым. І тут трэба супрацьдзейнічаць выбарчаму ашуканству, заклікаць беларусаў ня йсьці на галасаваньне, байкатаваць фальсіфікацыю і недэмакратычныя выбары, тлумачыць людзям, чаму гэта неабходна рабіць, чаму трэба пакінуць рэжым гуляць самаму з сабой і не падтрымліваць парушэньне закону і нішчэньне правоў народу Беларусі, памятаючы, што маральная перамога ёсьць вялікая перамога і шлях пераменаў.
Зянон ПАЗЬНЯК
Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
9 сакавіка 2008 г.