САВЕЦКІЯ ПАРТЫЗАНЫ НАПАДАЛІ НА БЕЛАРУСКІЯ ВЁСКІ.
Масква, якая кіравала савецкімі партызанамі, вынішчала беларускае насельніцтва ў час вайны. Забіта сотні тысячаў беларусаў. Напрыклад, толькі ў сакавіку 1944 года зафіксавана 575 нападаў партызанаў на беларускія вёскі. Пасьля вайны энкавэдзісцкім камандзірам партызанскіх бандфармаваньняў была аддадзена ўся вышэйшая ўлада ў БССР. Гэта яны найперш вынішчалі беларускую культуру, школу і мову. Апошнім партызанам-русіфікатарам пры ўладзе на Беларусі (які сам сабе скруціў галаву) быў тварэц партызанскага міфу Пётра Машэраў (зрусіфікаваны беларус, ранейшае беларускае прозьвішча — Машэра). Ніжэй прапануем вытрымкі з матар'ялу радыё Свабода (інтэрв'ю Г. Абакунчык):
Што кажуць гісторыкі пра лёс вёскі Дражна і іншых паселішчаў, пра партызанскі рух у Беларусі?
Айца Леаніда Акаловіча суд Старадарожскага раёну Менскай вобласьці пакараў штрафам 30 базавых велічыняў за асьвячэньне крыжа ў вёсцы Дражна. Крыж усталявалі сябры Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры ў памяць 25 вяскоўцаў, якія загінулі ад рук партызанаў у 1943 годзе. Мясцовыя ўлады дэмантавалі крыж.
“Германскія страты на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны 1941–1944: аналіз і вынікі” — так называецца кніга, у якой дасьледуюцца малавядомыя факты пра партызанскі рух у Беларусі падчас апошняй вайны. Аўтар падрыхтаванага да друку выданьня — гісторык, загадчык Гістарычных майстэрняў Кузьма Казак.
Казак: “У нас у кнігах пра вайну напісаныя, да прыкладу, страты нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ну і, безумоўна, усе мы думалі, што гэта немцы. А як выявілася, то большая частка — гэта мясцовыя людзі. І я паказваю, што калі гінулі і нямецкія жаўнеры, то адначасна пад выглядам нямецкіх гінулі і нашыя. Да прыкладу, як і ў выпадку зь вёскай Дражна. А гэтая лічба, пра якую я кажу, заўсёды заставалася такой канстантай: 500 000 — гэта паўмільёна зьнішчаных на тэрыторыі Беларусі партызанамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. З гэтых паўмільёна, якія зьнішчаныя, бальшыня прыпадае на мясцовых людзей. Яны зьнішчаныя менавіта партызанамі, гэта не франтавая гісторыя. Таму немцы заўсёды пыталіся: а як гэта так? Як гэта вы маглі гэтулькі панішчыць? Не было тут немцаў гэтулькі. І ніхто не спрабаваў даць адказ на гэтыя пытаньні. Словам, вайна доўгі час малявалася і малюецца ня тымі фарбамі”.
Карэспандэнтка: “Ці вам даводзілася сустракацца, складаючы кнігу, з такімі прыкладамі, як вёска Дражна?”
Казак: “Вядома, камусьці гэта падаецца нетыповай зьявай. І камусьці думаецца, што, маўляў, такога ня можа быць. Да прыкладу, у вёсцы гарнізон — і ўявіце сабе такую лічбу, якую немцы самі зафіксавалі: 575 нападаў на вёскі ў сакавіку 1944 году. А як гэта адбывалася? І страляюць, і кідаюць гранаты, і падпальваюць. А пасьля атрымліваецца: немцы лічаць, што гэта забілі партызаны, а партызаны лічаць, што гэта яны забілі памагатых. І гэтае полымя было вельмі маштабным і значным. Пасьля, калі глядзець далей на гэтую праблему, то вельмі моцнымі былі канфрантацыі паміж польскімі і ўкраінскімі партызанамі, савецкімі і польскімі партызанамі”.
Карэспандэнтка: “Значыць, можна весьці гаворку пра тое, што былі розныя групоўкі партызан?”
Казак: “Канечне, існавалі розныя групоўкі, ды яшчэ як. Калі браць савецкі партызанскі рух, то ў 1941-м ён быў вельмі кволы. Станаўленьне яго адбываецца толькі ў 1942 годзе, а масавым ён стаў у 1943 годзе. Але ж да гэтага часу вельмі моцнымі былі на поўдні Беларусі ўкраінскія сілы. Таксама на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі прадстаўнікі Рускай вызвольнай арміі, у народзе іх называлі ўласаўцамі. Таксама ў нас, у Беларусі, актыўна дзейнічала так званая брыгада Камінскага — гэта расейская нацыянальная народная армія. Шэраг такіх фармаваньняў, асабліва ва ўсходняй частцы Беларусі, былі тыпова нацыянальнымі. Ну а пасьля, з 1943 году, распачынаецца канфрантацыя паміж савецкімі і польскімі партызанамі — дзейнасьць Арміі Краёвай. Ну і, безумоўна, у гэтых дзеяньнях было вельмі шмат жорсткага. Вельмі і вельмі шмат”.
Карэспандэнтка: “Ці магла быць такая сытуацыя, як сьведчылі жыхары вёскі Дражна, што калі не ўдавалася зьнішчыць той жа нямецкі гарнізон, калі не было належнай справаздачы, тыя ж партызаны нішчылі людзей без разбору, бо партызаны былі не мясцовыя?”
Казак: “Магчымым было ўсё. Бо чым больш было забіта паводле статыстыкі, тым больш было верагоднасьці, што чалавек атрымае нейкае падвышэньне альбо ўзнагароду. І партызаны, дарэчы, гэта вельмі часта выкарыстоўвалі. Калі чытаеш дакумэнты Беларускага штабу партызанскага руху, відаць, што да гэтага ставіліся станоўча. Бо кожны хацеў выглядаць героем у гэтай вайне. У статыстыку патраплялі цывільныя людзі, як у прыкладзе з гэтай вёскай. Гэта вельмі тыповы прыклад, і такіх матэрыялаў вельмі шмат, нават страшнейшыя ёсьць. А камандаваньне партызанскіх атрадаў, толькі яны самі, паводле сваіх прысудаў, расстралялі ці павесілі больш за дзьве тысячы партызан. Кожны такі выпадак абавязкова цягне за сабой факты гвалту над іншымі людзьмі. І такіх старонак, малавядомых ці невядомых, у нас у Беларусі вельмі шмат. Бо не было больш масавага партызанскага руху ў ніводнай краіне, як у нас, у Беларусі”.
(Паводле радыё Свабода)