ЧАРГОВЫ ЗНАЎЦА КРАМЛЯ

7 чэрвеня 2008 г. Іспанская газэта “АВС” публікуе рэпартаж з Пецярбурга. Цытуем: “У Крамлі цяпер пануе сардэчнасьць, прынамсі на паказ. А таксама адказнасьць, жаданьне злучыцца з цывілізаваным сьветам, імкненьне эканамічна супрацоўнічаць. Няма былой агрэсіўнай злосьці...” Побач публікуецца здымак: усьмешлівы Медведев “сардэчна” сьціскае руку прэзыдэнту Украіны Юшчанку.

Наш камэнтар: Увесь артыкул чарговага знаўцы “русской душі” вытрыманы ў такіх сэнтымэнтальных танах. Іспанскі рэпарцёр нічога “ня ведае” пра брудную кампанію, якая разгарнулася па ўсёй Расеі супраць незалежных Украіны і Грузіі. Пра дзікі паклёп маскоўскай прапаганды на прэзыдэнта Юшчанку і ягоную сям'ю (“его отец был пособніком гестаповцев”, “Ющенку никто не травил...” і г.д.). Рэпарцёр “недаслухаў”, раптам “аглохнуўшы”, апошнія агрэсіўныя заявы расейскага мілітарызму, які пагражае ўсяму дэмакратычнаму сьвету.

Кожны з нас назіраў такія паводзіны ў штодзённым жыцьці. Госьць трапляе ў чужы дом. Яго саджаюць за стол, наліваюць, падкладаюць саляту ў міску, кажуць прыемныя словы. І ён таксама (як сьвецкая асоба) рэагуе на гэтыя адносіны, кажучы: “Якія ў вас прыгожыя шпалеры на сьцянах! І дзеці такія выхаваныя...”

Адчуваецца, што рэпарцёра з “АВС” ня толькі добра пачаставалі “на брегах Невы”. А яшчэ й ціхенька сунулі ў руку (або перавялі на ягоны рахунак) шчодры “бакшыш”. Вось ён цяпер (як сьвецкая асоба) і адпрацоўвае перад іспанскім грамадзтвам свой піцерскі ганарар. На Захадзе такіх спэцоў-русістаў Крэмль шыхтуе ўжо легіёнамі. Як казаў Ульянаў-Ленін: “Газета — калектыўны арганізатар...”

Юрка Марозаў